У аўторак, 22 ліпеня, ураджэнец Вілейкі Віталь Курдэка пастараўся зрабіць усё, каб землякі змаглі адчуць рамантычны дух Санкт-Пецярбурга.
У выставачнай зале вілейскага музея ішлі відэаролікі і гучалі песні, прысвечаныя гораду на Няве.
Але ж галоўнымі ў знаёмстве з Пецярбургам былі фотаздымкі. Іх Віталь прадставіў на персанальнай выставе мабільнай фатаграфіі “На хвалях Піцер FM”.
Віляйчане знаёмяцца з творчасцю земляка
У Вілейку ён прывёз 25 фатаграфій. Гэта ў асноўным гарадскі пейзаж, бо выстава прысвечаная Санкт-Пецярбургу. Ёсць адна праца, прымеркаваная да 70-годдзя зняцця блакады Ленінграда.
– Мне вельмі хацелася распавесці землякам пра Піцер, дзе я цяпер жыву і працую. А таксама пра – мабілаграфію – новы напрамак у фотамастацтве, які становіцца ўсё больш папулярным сярод моладзі і фатографаў-пачаткоўцаў, – тлумачыць мэту выставы аўтар.
“Мабільны тэлефон вырашае мае творчыя патрэбы”
– Чаму для фотатворчасці выбралі тэлефон?
– Справа ў тым, што праца адымае ў мяне вялікую колькасць часу. Магчымасці вывучаць прафесійную тэхніку проста няма. Я не сяджу ў офісе, вельмі шмат езджу на сустрэчы. Мабільны тэлефон – гэта той самы інструмент, які не толькі дапамагае мне зарабляць грошы, але і вырашае мае творчыя патрэбы. Мабільная фатаграфія – гэта выдатная размінка для розуму, трэніроўка назіральнасці, уменне бачыць кадр.
На адкрыцці выставы Віталь расказаў прысутным пра творчы шлях у мабілаграфіі. Ад знаёмства з праграмай Instagram да ўдзелу ў выставе “Фотаджын з мабільніка” ў Санкт-Пецярбургу, дзе стаў лаўрэатам, і да адкрыцця персанальных выстаў мабільных фатаграфій у Фінляндыі і Вілейцы.
– Многія лічаць, што мабільная фатаграфія – гэта не разнавіднасць мастацтва, а ўсяго толькі мода на аматарскія фатаграфіі, – разважае Віталь. – Існуе меркаванне, што з удасканаленнем тэхнікі жанр “мабільная фатаграфія” канчаткова аформіцца. Аднак пры цяперашняй папулярнасці фота з мабільнага гэты від мастацтва ўсё роўна застанецца індывідуальным. Бо мабільнае фота цэняць пераважна за прадмет і незвычайную кропку здымкаў, а не за якасць фота.
Выстава будзе працаваць цягам месяца.
Аўтограф ад аўтара
Даведка “РГ”
Мабілаграфія – разнавіднасць фотамастацтва, у якой выкарыстоўваюцца электронныя прылады з убудаванай лічбавай фотакамерай. Такія, якія першапачаткова не прызначаныя для прафесійнага фатаграфавання: мабільныя тэлефоны, планшэты і іншае.
Пяць асноўных пераваг мабільнай фатаграфіі ад Віталя Курдэкі
1. Скрытнасць
Можна незаўважна фатаграфаваць дзе заўгодна і што заўгодна. У супермаркеце, метро, на вуліцы. Ніхто ўжо не звяртае ўвагі на чалавека з тэлефонам.
2. Шчырыя эмоцыі
Аб’ектыву фотаапарата дастаюцца ненатуральныя паставы, скаванасць, нацягнутыя ўсмешкі. Але камеру тэлефона ніхто не ўспрымае ўсур’ёз – гэта толькі гульня, думаюць людзі. Вось чаму мабільныя фатаграфіі атрымліваюцца такія натуральныя. Вы здымаеце шчырыя эмоцыі.
3. Трэніроўка
З мабільнікам зручна трэніравацца перад набыццём сур’ёзнай тэхнікі. Можна пачаць прама цяпер. Не трэба доўга збіраць і выбіраць – даставайце тэлефон і фатаграфуйце. Калі ў вас з’явіцца фотаапарат, вы лёгка і хутка яго асвоіце і пачняце рабіць выдатныя здымкі.
4. У прамым эфіры
Фотаздымкі зручна апрацоўваць прама на тэлефоне. Ёсць мноства прылад і сайтаў, у якіх вы за некалькі секунд накладзяце прыдатны эфект і выкладзеце фота ў сацсетку.
5. Нізкая якасць як перавага
Недахопы выявы становяцца яе перавагамі. Блікі, зярністасць і іншыя артэфакты – асаблівасці мабільнай фатаграфіі, якія часам аказваюцца вельмі дарэчы. Вы можаце зрабіць цудоўны здымак камерай звычайнага недарагога мабільніка. Не трэба думаць аб тэхнічным баку здымка, зробленага на мабільным тэлефоне: яна ў любым выпадку не зможа стаць яго моцным бокам! Трэба эксперыментаваць з лініямі і формамі, святлом і колерам, людзьмі і іх выразнасцю. Працаваць перш за ўсё над зместам кадра!