У райцэнтры 26 ліпеня прайшлі спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Адбываліся яны ў межах свята возера.

Прынялі удзел у спаборніцтвах сем чалавек – летась, напрыклад, было 17.

Рыбачылі на возеры Мястра яны шэсць гадзін.

Сюрпрызаў не адбылося – зноў пераможцам стаў жыхар Мядзела Антон Каласоўскі. У гэткіх спаборніцтвах ён перамагае трэці год запар, а да гэтага таксама быў ў ліку лепшых.

– Як так атрымліваецца, што сапернікі не могуць вас дагнаць? – пытаюся.

– Неяк яны  несур’ёзна адносяцца. Гэта ж трэба старацца, рыхтавацца. А не тое, што прыехаў і знянацку налавіў.

Злавіў Антон Каласоўскі каля шасці кілаграмаў рыбы. Выцягнуў ён і найбольшую рыбіну – ляшча вагой у кіло восемсот.

Узнагародзілі лепшага рыбака на адкрыцці свята возера. Атрымаў пераможца прыз – выратавальную камізэльку.  І пажадаў ён са сцэны мядзяльчанам, каб любілі і бераглі нашу прыроду: “Быў я і за мяжой, але такой не бачыў”.