На Вілейшчыне 23 ліпеня прайшла роварная экскурсія.

Яе ўдзельнікамі сталі сябры грамадскай арганізацыі па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага раёна “ЗОВіК”, якая ўжо трэці год плённа працуе на Вілейшчыне.

Маршрут пралягаў ад Віллянінага хутара праз плошчы Леніна і Свабоды ў горадзе да мемарыяла “Памяці зніклых вёсак” на шашы “Вілейка-Даўгінава”. Закончыўся прабег на Вілейскім вадасховішчы.

На кожным прыпынку маршруту турысты змаглі паслухаць цікавыя аповеды дырэктара Вілейскага краязнаўчага музея Сяргея Ганчара. Расказваў ён пра гісторыю горада і стварэнне гісторыка-культурных аб’ектаў, легенды Вілейшчыны. Закончыўся роварны прабег пленарным пасяджэннем на беразе Вілейскага вадасховішча.

Як паведаміла старшыня праўлення “ЗОВіК” Таццяна Цітуленка, грамадская арганізацыя прыняла ўдзел у конкурсе праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі “ТАНДЭМ-2”. Атрымала грант на рэалізацыю экалагічнага праекта па развіцці роварнага турызму на Вілейшчыне.

У межах праекта правялі конкурс роварных маршрутаў па Вілейшчыне (“РГ” інфармавала пра гэта – рэд.). Таксама набылі восем веласіпедаў, вырабілі майкі і кепкі з эмблемай “ЗОВіКа”, правялі семінары.

Падчас пленарнага пасяджэння сябры грамадскай арганізацыі абмеркавалі перавагі маршруту, магчымасці па яго ўдасканаленні.

Запланавана таксама правядзенне падагульняючага семінара па выніках рэалізацыі праекта.

Даведка “РГ”

“ЗОВіК” – грамадская арганізацыя па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага раёна. Створаная ў красавіку 2012 года. За два гады на рахунку гэтай арганізацыі нямала карысных спраў асветніцкай, экалагічнай і культурнай накіраванасці. Сама арганізацыя вырасла колькасна, цяпер мае сваю эмблему і гімн.