Георгі Каржанеўскі будзе дабівацца паўторнага грамадскага абмеркавання будаўніцтва жылых дамоў на месцы масавай гібелі яўрэяў.

14 ліпеня ў Валожыне прайшоў пікет грамадзян, якія не пагаджаюцца з тым, што тут, на месцы масавай гібелі яўрэяў у час Другой сусветнай вайны, будуць пабудаваныя жылыя дамы. 

Георгі Каржанеўскі атрымаў адказ на калектыўны зварот 35 грама­дзян, які ён паслаў за паўмесяца да правядзення пікета ў рай- і аблвыканкамы.

У звароце яго падпісанты выказвалі заклапочанасць тым, што на згаданым месцы ў Валожыне пачаліся падрыхтоўчыя работы для будаўніцтва жылых дамоў: “Толькі ў лістападзе 1941 года тут было расстраляна або пахавана жыўцом больш за 200 чалавек. Астанкі ахвяраў фашысцкіх расстрэлаў так і не былі перапахаваныя”.

Грамадзяне ў сваім лісце патрабавалі неадкладнага спынення будаўніцтва і грамадскага слухання па гэтай праблеме. Сярод патрабаванняў таксама правядзенне археалагічных раскопак на месцы масавых расстрэлаў і перапахаванне ахвяраў з ушанаваннем іх памяці.

Улады спыняць будаўніцтва і праводзіць дадатковыя грамадскія абмеркаванні не хочуць

У адказе на зварот, які падпісаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінскага аблвыканкама Алег Маслаў, сярод іншага гаворыцца, што на тэрыторыі, пра якую ідзе гаворка, аб’ектаў, якія б былі ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, няма. Праектныя работы будуць завершаныя ў снежні 2014 года.

У адказе таксама гаворыцца, што грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі гэтага будаўнічага аб’екта праводзілася ў адпаведнасці з заканадаўствам у лютым 2014. Інфармацыя аб правя­дзенні абмеркавання публікавалася ў раённай газеце і на сайце райвыканкама. За час абмеркавання вусных і пісьмовых прапаноў ад грама­дзян, юрыдычных асоб і грамадскіх арганізацый не паступала.

Акрамя таго, гаворыцца ў афіцыйным адказе на зварот, праект будаўніцтва квартала прадугледжвае добраўпарадкаванне мемарыяла, які мяжуе з тэрыторыяй забудовы.

“На падставе сказанага лічым немэтазгодным праводзіць дадатковыя грамадскія абмеркаванні і спыняць будаўніцтва”.

Арганізатар пікету настойвае на правядзенні археалагічных даследаванняў

Георгі Каржанеўскі, які з’яўляецца адным з ініцыятараў і звароту да мясцовых улад, і заяўнікам пікету, што адбыўся ў Валожыне, мяркуе, што памяці ахвярам вайны, некаторых з якіх фашысты тут закапалі жывымі, пакуль была ўдзеленая недастатковая ўвага і кажа пра тое, што трэба намагацца правесці дадатковыя археалагічныя даследаванні. Папросту, знайсці і ўшанаваць памяць забітых валожынцаў.

Георгі Мікалаевіч сказаў у гутарцы з карэспандэнтам “РГ”, што ён будзе дабівацца правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання будаўніцтва.

Даведка “РГ”. Грамадскае абмеркаванне – комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіць арганізатар грамадскага абмеркавання і якія забяспечваюць інфармаванне фізічных і юрыдычных асоб аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, а таксама магчымасць выказвання ўдзельнікамі грамадскага абмеркавання свайго стаўлення да рашэнняў, якія закладзеныя ў праектах, у мэтах уліку грамадскіх інтарэсаў і захавання правоў фізічных і юрыдычных асоб (з Палажэння аб парадку правя­дзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці).