Добрая магчымасць падзарабіць ёсць летам – збіраць ягады і грыбы. Хоць праца нялёгкая, затое кожны дзень – “жывыя” грошы.

А жыхары прыдарожных вёсак свае даходы могуць яшчэ павялічыць. Не здаваць дары лесу нарыхтоўшчыкам, а прадаваць іх самім. Цэны на міні-базарах уздоўж дарог значна большыя.

Вось адно з такіх месцаў на Мядзельшчыне, ля вёскі Сваткі. Літр чарніц 20 ліпеня каштаваў 45 тысяч. Параўнайце, у нарыхтоўшчыкаў давалі толькі 30. І гэта не за літр – за кілаграм. У кілаграме дзесьці літра паўтара ягад.

Так што, прадаваць ягады ля дарогі – больш чым ўдвая выгадней.

Літр лісічак прапаноўвалі за 20 тысяч рублёў. А здай нарыхтоўшчыку, атрымаеш ад 25 тысяч за кілаграм (калі перавесці на літры, то прыкладна ад васьмі тысяч за літр).

 

У нядзелю – самы лепшы гандаль

– Усяляк здараецца. Бывае, хутка прадасі, бывае, паўдня праседзіш і не прадасі ўсё, – кажуць гандляркі. – Сярод тыдня раскупляюць не так актыўна. Удалыя  дні для гандлю – пятніца, субота, нядзеля і панядзелак. У нядзелю – самы лепшы гандаль. Бо калі людзі едуць на Нарач – бяруць літр-два ягад, каб паесці. А ў нядзелю, калі вяртаюцца ў Мінск, то і вядро ягад ці грыбоў могуць купіць. Людзі ахвотна бяруць. Тут жа ўсё свежае: з раніцы збяром – і на дарогу. А на тым базары ў горадзе – пакуль давязуць, пакуль прададуць. У нас і навес для гандлю ёсць.

Бліжэй да Мядзела, ля Шыкавічаў, у выхадныя цэны на лісічкі былі такія, а на чарніцы яшчэ большыя. Літр чарніц – 50 тысяч рублёў.

Гандаль ідзе тут кожны дзень. І не толькі дары лесу прадаюць, але бульбу, ягады з саду ды іншае. Нават маласольныя агуркі можна набыць.

– Людзі бяруць нашы ягады ды грыбы і гавораць: “Тут хоць ведаеш, што яны на месцы сабраныя, а на рынку няведама адкуль прывезеныя”, – дзеліцца Ларыса.  

 

Каментар спецыяліста

Гандляваць можна ва ўстаноўленых месцах

– Грыбы і ягады павінны праходзіць радыелагічны кантроль, – кажа галоўны дзяржаўны санітарны доктар Мядзельскага раёна Мікалай Паршута. – Гандляры могуць здаваць іх на аналіз нам у лабараторыю. Але, на жаль, вельмі рэдка хто так робіць.

Нагадаю, што ля дарог нельга гандляваць з зямлі, скрынь, машын, а толькі ва ўстаноўленых месцах. Там і навесы зробленыя.