Непрыбранае смецце побач з рачулкай Оксна, разбітыя ходнікі, няскошаная трава і шмат іншага турбуе жыхара Смаргоні.

Пяць месяцаў мінула з таго часу, як “РГ” пісала пра праблемы інтэрнатаў Смаргоні па вуліцы Маладзёжнай.

Аднак цяпер жыхар аднаго з іх (№22) Эдуард звярнуўся ў рэдакцыю ў чарговы раз. На яго думку, з таго часу амаль нічога не змянілася.

– Рачулку яны па­чысцілі! – узрушана гаворыць ён. – Зараз мы з вамі выйдзем на двор, самі ўсё пабачыце.

Мы спускаемся з ганка. Спадар Эдуард звяртае ўвагу:

– Тады нармальнага поручня, якім можна было б карыстацца па прызначэнні, не было. Толькі закладныя стаялі. Цяпер ужо зрабілі.

Да рачулкі збягае дзяўчынка. Яна садзіцца на бетонны блок і звешвае ногі ў ваду. І гэта была б не такая небяспечная забава, каб не разбіты сход да яе. Фактычна, яго ўвогуле няма. На скаце да Оксны ляжаць бетонныя пліты, якія разбурыліся, трэснулі і паміж імі ўтварыліся сметніцы.

– А вунь зірніце, як адбойнік паставілі, – указвае рукой спадар Эдуард. – І з аднаго боку можна ўваліцца, і з другога.

Аднак адбойнік на мастку над Окснай усё ж стаіць. Пяць месяцаў таму не было ніякага.

Далей жыхар інтэрната вядзе да зараснікаў побач з домам, куды заварочвае Оксна. Трава там ужо ў чалавечы рост. У лютым зірнуць, што там за дрэвамі (а там ляжала шмат смецця), было нашмат прасцей. Цяпер ужо не далезці. Там жа, дзе далезці можна, смецце ёсць, але не шмат.

– Вядома, чысцей стала, але гэта ўсё ліўнямі знесла ў ваду, – упэўнены спадар Эдуард.

Тады ўсю сітуацыю па інтэрнатах каментавала начальніца жыллёва-камунальнага аддзела ЖКГ Алена Атцецкая. У тым ліку яна казала, што для інтэрнатаў ужо шмат зрабілі.

– Уцяплілі 5-я паверхі дамоў, усталявалі дзверы з дамафонам, пліты і сантэхніку памянялі і іншае. З апошняга – усталявалі новую сучасную дзіцячую пляцоўку. Бо калі нам перадалі інтэрнаты, яны былі не ў самым лепшым стане, – казала тады яна.

Аднак спадар Эдуард не лічыць, што ўцяплілі згодна з усімі нормамі.

– Падмазалі зверху, уся цагліна прасвечваецца, – кажа жыхар інтэрната. – Адзінае, што стала лепш, – вецер менш задзімае. А сантэхніку дык дакладна ніхто не мяняў. Больш за тое, у мяне ў пакоі электрапліта. Яе нават не зазямлілі.

Мы падыходзім да іншага жыхара інтэрната. Ён мые машыну і паказвае на даўно разбітую дарогу:

– Некалькі месяцаў таму да нас у двор старшыня райвыканкама заязджаў. Я спытаўся ў яго, ці будуць калі рамантаваць дарогу. Казаў, ведае, што тут праблема ёсць і што будуць яе вырашаць. Аднак час ідзе, а нічога не мяняецца.

Фотагалерэя месціцца зверху справа. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.

Адказвае ЖКГ

Адбойнікі

Цяпер Алена Атцецкая тлумачыць сітуацыю наступным чынам.

– Мы ведаем пра ўсе гэтыя праблемы. Адбойнік, які мы паставілі, – гэта часовая мера. Мы ўвесь час дзесьці рамантуем масты, дзесьці рэканструюем. І тут будзе рэканструкцыя. Але не цяпер. У нас жа сёння няма нават праекта на вялікі рамонт. А выкідаць грошы на гэтыя работы, каб пасля ўсё бурыць і рабіць па новай – нерацыянальна. Па просьбе ж жыхара інтэрната мы паставілі адбойнікі.

Дрэвы

Што датычыцца дрэў, якія стаяць насупраць дома і да якіх выходзіць акно ў спадара Эдуарда. Ён на гэта скардзіўся і хацеў, каб спілавалі яго галіны і стала святлей. Алена Атцецкая была там і бачыла, што дрэвы з іх галінамі не перашкаджаюць жыхарам. Яны знаходзяцца воддаль дома і ад іх нават цень не падае на вокны інтэрнатаўцаў.

Ходнікі

Алена Рыгораўна згодная, што яны далёка не ў лепшым стане. Аднак цяпер па Мала­дзёжнай мяняюць цеплатрасу. Усё перакапалі. І новы ходнік побач з інтэрнатам з’явіцца не раней, чым скончацца работы. Пасля будуць добраўпарадкаваць усю вуліцу і дой­дзе чарга да яго.

Смецце ў рачулцы

Прыбраць усё планавалі вясной, распавяла Алена Атцецкая. Але усё зрабіць не паспелі. Былі суботнікі, людзі выходзілі, чысцілі. Аднак смецце ўвесь час з’яўляецца.

У планах

– У бліжэйшыя тры-чатыры гады плануем правесці рамонт па ўсіх дварах, – патлумачыла начальніца жыллёва-камунальнага аддзела ЖКГ. – Цяпер мы працуем над давядзеннем да ладу вялікага двара па вуліцы Леніна (дамы №№52, 54, 56, 58). І робім не проста капітальны рамонт, а мадэрнізацыю з расшырэннем парковак, збудаваннем спартыўных пляцовак. Пасля зоймемся цэнтрам горада, вуліцай Савецкай і далей Маладзёжнай.

Цяпер у смаргонскай ЖКГ шмат работы ў сувязі з хуткім адкрыццём мемарыяльнага комплексу, прысвечанага падзеям Першай сусветнай вайны.

– Будзем працаваць над гэтымі пытаннямі, – кажа Алена Атцецкая. – Аднак усё па чарзе.