26 ліпеня байкерскі фестываль “Мотапікнік” прайшоў у Смаргоні. На злёт байкераў з’ехалася каля 700 аматараў мотатэхнікі. Сярод іх быў і маладзечанец Паша Петрусевіч.
– Пра такія фестывалі адным словам і не раскажаш: эмоцыі, уражанні, усё такое, – дзеліцца ўзрушаны Паша. – Для мяне асаблівае задавальненне праехаць 200, 300, 400 кіламетраў, каб трапіць на падобны фестываль. Я выязджаю з горада, выбіраю крэйсерскую хуткасць і сам-насам з сабой і з дарогай еду-еду-еду.
Крэйсерская хуткасць – хуткасць руху транспартнага сродку з найменшымі выдаткамі паліва на кіламетр шляху. Гэта хуткасць дазваляе прайсці максімальны шлях для фіксаванага аб’ёму паліва.
– А як жа паліхачыць у горадзе, аб’язджаючы ўсе спадарожныя машыны і ігнаруючы сігналы супрацоўнікаў ДАІ?
– Вы распісалі рамантычны вобраз шалянца. Я ж просты хлопец. У горадзе толькі дурні могуць так паказваць сваю круцізну. Ну які толк не прыпыніцца па просьбе даішніка? У наступны раз усё роўна будзе горш. Высокая хуткасць – гэта паказчык не круцізны, а абыякавасці да навакольных людзей. Не шкадуеш сябе – пашкадуй тых, хто знаходзіцца побач.
– Тады ў чым прынцыповая розніца паміж байкерамі і матацыклістамі?
– Байкер, на мой погляд, гэта асобы лад жыцця. Гэта актыўны ўдзел у фестывалях, дабрачынныя акцыі, папулярызацыя байкерскага руху. Гэтым трэба жыць 24 гадзіны ў суткі. А матацыкліст – гэта чалавек, які мае матацыкл, ездзіць на ім на працу і імкнецца зрабіць яго трошачкі лепшым і адрозным ад заводскіх параметраў.
– Распавядзі пра свайго “жалезнага каня”.
– Мой, як вы кажаце, “жалезны конь” прыплыў да мяне з-за акіяна. Гэта сапраўдны амерыканскі Harley-Davidson. Ва ўсім свеце да гэтага матацыкла прадаецца звыш 150 тысяч найменняў рознага цюнінгу. Мы ж у сябе ў Беларусі такой раскошы пазбаўленыя. Таму і даводзіццанешта рабіць сваімі рукамі і на свой густ, а нешта набываць за мяжой . У гэтым матацыкле няма ніводнай лішняй дэталі або дэталі для ўпрыгожвання. Усё на сваіх месцах. Калі гэта прыгожая падкова – гэта і мацаванне для глушыльніка. Калі гэта гульнёвыя косткі – гэта і індыкатар паліва. Мой матацыкл не зроблены для таго, каб на ім штосьці ці кагосьці вазіць. Нават мадэль усталяванага на ім крэсла называецца адпаведна: “Эгаіст”.
– Ведаю, што многія даюць сваёй тэхніцы імёны. У твайго матацыкла такое імя ёсць?
– Ёсць. Я яго заву Друшляк. Імя ён такое атрымаў за тое, што ўвесь свеціцца. Стоячы з левага боку матацыкла, можна цалкам бачыць, што знаходзіцца ад яго справа.
– Адкуль у цябе захапленне мотатэхнікай?
– Ад бацькі. Я памятаю, калі быў зусім маленькі, у майго бацькі быў матацыкл. І мне вельмі падабалася проста стаяць і назіраць за тым, як ён яго рамантуе. Таксама любіў, калі бацька катаў мяне ў калясцы на матацыкле. Цяпер на месцы свайго бацькі я сам. Суседскія 10-12-гадовыя хлопчыкі цяпер назіраюць за тым, як я рамантую свой матацыкл.
У мяне самога падрастае сыночак Мікола, якому яшчэ няма двух гадоў. Ён аднойчы сам завёў матацыкл. Хто з нас дваіх больш напужаўся, калі матацыкл завёўся, не ведаю. Але праз некаторы час Коля зноў падышоў да матацыкла. Я спытаўся ў яго, ці хоча ён, каб я яго пакатаў. Сын пастаяў, задумаўся на хвіліну і кіўнуў галавой. Так што прадаўжальнік у мяне ёсць.
– А жонка твая не супраць твайго захаплення?
– Не, яна ўсё разумее. Можна сказаць, падзяляе маю палкасць. Нават сама за руль просіцца. Але я ёй свой матацыкл пакуль не давяраю, ён вельмі магутны для пачынаючага кіроўцы. Магчыма, потым зраблю ёй нешта жаночае.
– Як ставішся да жанчын-байкеркаў?
– Абсалютна нармальна. Я лічу, што ні пол, ні ўзрост не могуць быць прычынай, каб не станавіцца байкерам.
А яшчэ байкеры дабрэйшыя за аўтамабілістаў. Я ўпэўнены, што калі раптам на трасе заглухне твая машына, большасць кіроўцаў проста праедуць міма. Калі ж здараецца нешта з матацыклістам, абавязкова спыніцца кожны матацыкліст.
І на запраўку мы ездзім усе, не трэба кагосьці даганяць, дастаткова паказаць спецыяльным жэстам, што ў цябе заканчваецца бензін, усе байкеры ўслед за табой павернуць на запраўку.
– Якія яшчэ спецыяльныя жэсты, акрамя указаць пальцам на пусты бак, існуюць у байкераў?
– Ды такія, як і ў кіроўцаў аўтамабіля. Папляскаць сябе па плячах, значыць, што недзе непадалёк знаходзіцца “таварыш у пагонах”. І ўсе тыя жэсты рукой, пра якія напісана ў Правілах дарожнага руху.
– Для вас байкерства – гэта хобі ці вар’яцтва?
– І тое, і другое. Вар’яцтва ў тым, што я прачынаюся з думкай пра матацыкл і засынаю з той жа думкай. І падыходзячы да гаража, я трасуся ад прадчування таго, што зараз убачу, завяду свой матацыкл. Мне падабаецца выраз Генры Форда, які сказаў, што самая лепшая работа – гэта высокааплатнае хобі. Вось да гэта і імкнуся.