МЯДЗЕЛ. У цэнтры вёскі Занарач на Мядзельшчыне узводзяць двухкватэрны  дом. Прызначаны ён для работнікаў Занарацкай амбулаторыі. Дом будуецца па экалагічных тэхналогіях. Яго плошча складзе каля 140 квадратных метраў.

Па завяршэнні будаўніцтва дзве прасторныя кватэры з усімі выгодамі паступяць у распараджэнне Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы. У кватэрах будуць жыць маладыя спецыялісты на час сваёй працы ў амбулаторыі.

Ажыццяўленне праекта пачалося ў маі гэтага года, а завяршыць яго плануецца  да верасня наступнага.

Хто фінансуе праект

Арганізуе і каардынуе праект Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “ЭкаДом”. Будаўніцтва фінансуецца са сродкаў, якія даюцца праз арганізацыю “Дамы замест Чарнобыля” федэральным Міністэрствам па эканамічным супрацоўніцтве (Германія).

Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол дома, падключэнне яго да вонкавых сетак і камунікацый, унутранае аздабленне сцен ўзялі на сябе Мядзельскі райвыканкам і цэнтральная раённая бальніца. На іх лягуць і выдаткі па далейшым утрыманні будынка.

На думку арганізатараў праекта, узвядзенне дома будзе спрыяць замацаванню маладых кадраў, павышэнню ўзроўню медыцынскага абслугоўвання (амбулаторыя абслугоўвае больш за 2000 чалавек).

З прыродных матэрыялаў

 – Дом атрымаецца экалагічна чыстым і вельмі цёплым, – абяцае выканаўчы дырэктар МДГА“ЭкаДом” Юры Супрыновіч.

Расказаў ён пра асаблівасці дома:

– Будуем яго з выкарыстаннем экалагічна чыстых прыродных матэрыялаў з гэтай мясцовасці. Асновай будынка з’яўляецца магутны драўляны каркас, усталяваны на жалезабетоннай пліце. Сцены каркаса запаўняюцца сумессю гліны, дранкі і вады, а уцеплім цеплаізаляцыйнымі плітамі з трыснягу.

Перакрыцце таксама ўцяпляецца трыснягом. Трысняговыя пліты вырабляюцца тут жа, на прадпрыемстве ў Занарачы. А сухастой трыснягу нарыхтоўваюць зімой на возеры Нарач.

Дом узводзяць валанцёры

Ва ўзвядзенні дома ўдзельнічаюць валанцёры з Беларусі і Германіі. Ад 12 да 30 ліпеня па запрашэнні “ЭкаДома” працавала міжнародная валанцёрская група ў складзе 20 чалавек. Дваццаць чалавек запаўнялі сцены дома сумессю гліны і дранкі. Кіравалі групай з нямецкага боку цясляр Гера Мюлер, з беларускага – будучы спецыяліст па міжкультурных камунікацыях Ганна Казлова.

Сярод валанцёраў былі студэнты, рабочыя, пенсіянеры –  усе, хто хацеў дапамагчы ў ажыццяўленні праекта. 


На здымку: Валанцёр працуе на будаўніцтве дома.

Фота  Васіля Федасенкі, Рэйтерс

Даведка “РГ”

Праект будаўніцтва дома – гэта працяг пачатага ў 1994 годзе доўгатэрміновага супрацоўніцтва Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЭкаДом” са сваім нямецкім партнёрам – дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля”.

Вынікам стала будаўніцтва 30 дамоў па вуліцы Дружная ў вёсцы Стахоўцы для чарнобыльскіх перасяленцаў, культурна-адукацыйнага цэнтра, энергаэфектыўнага будынка Занарацкай амбулаторыі, ветраэлектрычнай станцыі сумарнай магутнасцю 1,85 МВт, вытворчасці з трыснягу.