У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” звярнулася жанчына з пытаннем: “Ці ёсць нормы ўстаноўкі сметніц каля жылых пабудоў”.

На пытанне адказаў загадчык аддзела камунальнай гігіены Міхаіл Міхалевіч:

− У пастанове Міністэрства аховы здароўя ад 30 снежня 2009 года прапісаныя правілы, па якіх усталёўваюць кантэйнерныя пляцоўкі.  Яны павінны быць аднесеныя на адлегласць не менш за 20 метраў ад акон жылых дамоў, межаў тэрыторыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя. Нельга іх ставіць паблізу пляцовак для дзяцей і аб’ектаў грамадскага харчавання, там, дзе адпачывае насельніцтва.

Кантэйнерныя пляцоўкі павінны быць чыстымі, мець агароджу і зручныя пад’езды транспарту для збору смецця.

У дамах, абсталяваных смеццеправодамі, павінна праводзіцца дэзінфекцыя па меры неабходнасці. Аднак не радзей за два разы на месяц з красавіка па кастрычнік і аднаго разу ў месяц з лістапада па красавік. Каля пад’езда павінна быць сметніца.