Чаму заказчыкі не могуць аспрэчыць якасць адукацыйных паслуг, выкладчыкі не хочуць рэформаў, а ўлады на іх эканомяць – пра “акно магчымасцяў” для беларускай вышэйшай школы распавядае член Грамадскага Балонскага камітэта прафесар філасофіі Уладзімір Дунаеў.
– Сярод шасці прыярытэтаў, якія першапачаткова вызначыў Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, былі і стварэнне зоны свабоднага гандлю з краінамі ЕС, і рэформы пенсійнага, выбарчага заканадаўства, сістэмы ЖКГ. Чаму рэформа адукацыі стала самай актуальнай?
– Выбар зроблены правільны. Ёсць матывацыя пачынаць рэформы. Гэта звязана з чарговай спробай Беларусі ўступіць у Балонскі працэс – рашэнне будзе прымацца ў пачатку 2015 года.
Да канца года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінна разгледзець новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Ёсць прапановы Мінадукацыі. Тут ёсць магчымасць паспрабаваць максімальна мадэрнізаваць гэтыя прапановы з дапамогай еўрапейскіх экспертаў.
– Наколькі рэальна паспець падрыхтаваць дэталізаваную канцэпцыю рэформаў сістэмы адукацыі да канца года?
– Паспець рэальна, бо праца вядзецца не на пустым месцы. Шмат што ўжо было зроблена Грамадскім Балонскім камітэтам, каардынацыйна-кансультацыйным саветам арганізацый. У канцы мінулага года была прапанаваная наша рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, якая максімальна адказвае еўрапейскім трэндам развіцця адукацыі.
– Наколькі дзяржава зацікаўленая сёння ў тым, каб правесці сапраўдныя, а не касметычныя рэформы?
– Пераацэньваць ролю рэформы заканадаўства не варта. Але і без рэформы заканадаўчай базы разлічваць на рэальную мадэрнізацыю нельга.
Аб дзяржаве. Тут бы я ўвогуле адмовіўся ад выкарыстання гэтага слова ў адзіночным ліку. Дзяржава неаднастайная. І ў гэтай неаднастайнасці ёсць і пазітыўныя, і негатыўныя бакі. Парламенцкая дыскусія аб рэформах адукацыйнага заканадаўства ў пачатку снежня мінулага года паказала, што ў прадстаўнікоў многіх галін улады ёсць запыт на правільны, з нашага пункту гледжання, трэнд. Была агучаная неабходнасць дэцэнтралізацыі адукацыі. Ёсць разуменне, што створаны механізм адукацыйнай палітыкі контрпрадуктыўны. І вядзе да відавочных дыспрапорцый – напрыклад, да неэфектыўнасці сістэмы фінансавання адукацыі.
– Чаго менавіта Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці чакае ад праекта “Рэфорум”?
– Тут важная інтэрнацыяналізацыя экспертызы, апора на еўрапейскі досвед. Асноўная наша задача – не спарадзіць яшчэ адзін праект рэформаў, а дамагчыся рэальных зменаў.
– Сістэме адукацыі неабходныя заканадаўчыя змены. Аднак ці вырашыць гэта праблемы беларускай адукацыі?
– Нават у познесавецкую эпоху заканадаўчая база сістэмы адукацыі была больш ліберальнай. Гэту сістэму Беларусь атрымала ў спадчыну ад СССР. І як яна ёй скарысталася?
Яшчэ раз паўтаруся – без заканадаўчых змен рэформы неажыццяўляльныя. Нават калі з’яўляецца група рэфарматараў, гатовых ажыццявіць перамены, ім патрэбна заканадаўчая база. Пачынаць трэба з гэтага.
– Пакуль настаўнікі і ўніверсітэцкія выкладчыкі атрымліваюць капейкі, не будзе прэстыжу прафесіі, прытоку таленавітых спецыялістаў. Не будзе добрых настаўнікаў у школах – не будзе падрыхтаваных студэнтаў. Не будзе высокага ўзроўню выкладчыкаў у ВНУ – не будзе спецыялістаў. А ў ВНУ, нягледзячы на ўсе прапісаныя ў законе акадэмічныя свабоды, будуць паступаць тыя ж троечнікі. І таленавітых выкладчыкаў з іх не выйдзе. Кола замкнулася.
– Беларусь не вырашае праблем, якіх ніхто ніколі не вырашаў. І той жа Балонскі працэс у вышэйшай адукацыі – гэта, у першую чаргу, калектыўны пошук адказаў на такія пытанні. Напрыклад, на праблему якасці адукацыі ва ўмовах яго масавасці.
Нашы чаканні ад вышэйшай адукацыі да гэтага часу звязаныя з індустрыяльнай эпохай. І мы забываем, што жывём у эпоху постіндустрыяльную. Што гэта значыць?
Тое, што ў сярэдзіне 20-га стагоддзя вышэйшую адукацыю атрымлівалі 10% моладзі. А сёння – 85%. Зразумела, што гэта зусім розныя магчымасці. І тое, што калі ў нас так павялічылася колькасць студэнтаў, то і колькасць выкладчыкаў павінна была ўзрасці. А дзе сістэма іх селекцыі? Выкладчыкаў трэба аднекуль браць. І гэта не толькі фінансавая праблема – колькасць таленавітых людзей таксама абмежаваная. У 60-я гады мінулага стагоддзя ў Беларусі было 60 тысяч студэнтаў, а цяпер – 430 тысяч. Рост велізарны. І чакаць, што паўмільёна можна навучыць гэтак жа, як 60 тысяч, не даводзіцца.
Трэба разумець – якіх мэтаў мы можам дасягнуць, а якіх – не.
Без сур’ёзных інвестыцый тут сапраўды мала што можна зрабіць. Аднак у тым, што тычыцца вышэйшай адукацыі, Беларусь дэманструе незразумелую скупасць. Кошт аднаго студэнцкага месцы ў Беларусі – больш за 2 тыс. даляраў у год. У сярэднім у развітых краінах – каля 14 тыс. долараў.
У развітых краінах на навучанне студэнта траціцца 45% долі ВУП на душу насельніцтва, а ў нас толькі 15%. А наш ВУП і ВУП развітых краін таксама нельга супаставіць.
Плюс мы неэфектыўна выкарыстоўваем нават тыя сродкі, якія ёсць. На ўсё гэта напластоўваецца непразрыстасць – скажам, тыя, хто плаціць за навучанне, не ведаюць, на што ідуць іх грошы.
Дададзім сюды яшчэ сістэму акадэмічных каштоўнасцяў. Акадэмічныя свабоды – гэта інструмент, які павышае эфектыўнасць вышэйшай адукацыі і даследаванняў.
Так што пакуль мы навучыліся толькі эфектыўна ўхіляцца ад міжнародных методык ацэнкі якасці. Ні ў адной такой праграме Беларусь не ўдзельнічае.
– У рэформе сістэмы адукацыі ёсць яшчэ настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, прафесура. У гэтым асяроддзі ёсць попыт на рэформы?
– Рэформа накіраваная не на іх, а на студэнтаў, іх бацькоў, на працадаўцаў. Але калі мы гаворым пра рэформы, мы кажам, у першую чаргу, аб змене маштабаў грамадскага ўдзелу.
Ці хочуць рэформаў выкладчыкі? Гэта складанае пытанне, бо нашы выкладчыкі бяспраўныя і ў іх няма ніякіх інструментаў, каб выказваць сваё меркаванне. Саветы ў нашых установах адукацыі бяспраўныя. У выкладчыка няма гарантый таго, што, калі ён будзе чагосьці хацець, кантракт з ім не скасуюць датэрмінова. Так што ўсё вырашае воля начальства.
Гэта ёсць разбурэнне акадэмічнай культуры. Сучасны беларускі трэнд, які абсалютна процілеглы сусветнаму. І казаць пра тое, што мы адпавядаем Балонскаму працэсу, рана. Таму нам так неабходныя рэформы.
Даведка “РГ”:
“Рэфорум” – праект у падтрымку “Еўрапейскага дыялога аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам” (ЕДМ). Яго мэтай з’яўляецца павышэнне канкурэнтаздольнасці Беларусі шляхам распрацоўкі беларускімі і міжнароднымі экспертамі прапаноў рэформ для Беларусі і спосабаў іх ажыццяўлення. Напрамкі рэфармавання будуць вызначацца шляхам камунікацыі з рознымі групамі грамадства: уладай, бізнесам, грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй. Для гэтага двухгадовы праект будзе разбіты на чатыры перыяды. І ў рамках кожнага паўгадавога перыяду прадстаўнікі мэтавых аўдыторый змогуць зрабіць “сімвалічны” заказ экспертам.
Мікалай АНІШЧУК, “Заўтра тваёй краіны”.