“Каб такое лета, як у ліпені, ды тры месяцы было. Во б мы зажылі”, – уздыхаюць жыхары курортнага пасёлка Нарач (Купа).
Чым жыве галоўны курорт Беларусі, высвятляў у пятніцу, 25 ліпеня, карэспандэнт “РГ”.
Дзе спыніцца
Перш-наперш адпачывальніку трэба вырашыць пытанне з жыллём. Па аб’явах у інтэрнэце аднапакаёвую кватэру прапануюць пераважна па 20 долараў за суткі. На двухпакаёўку разбежка цэн ад 25 да 40, але ў асноўным – 30-35 долараў.
І калі не паклапаціцца пра жыллё загадзя, могуць узнікнуць праблемы.
У цэнтры пасёлка ёсць дошка з аб’явамі. У мінулыя гады нават калі проста ля яе затрымаешся, падыходзіла якая бабуля і пыталася, ці трэба жыллё. Цяпер не. Вось сям’я вывучае аб’явы з прапановамі жылля. Кажуць, па ўказаных нумарах то не адказваюць, то яны занятыя. І вагаліся, што рабіць далей: ці то чакаць, мо, хто з гаспадароў адкажа, ці то ехаць шукаць што ў Мядзеле.
А праз пару гадзін ля гэтай дошкі бачу некалькі кампаній. Навыперадкі набіраюць то адзін, то другі нумар. Для кампаніі з пяці чалавек жылля па аб’явах у курортным пасёлку не знайшлося. Раздумвалі, ці пагаджацца на дом у трох кіламетрах ад Нарачы за 400 тысяч у суткі ці спрабаваць ісці ў гасцініцу.
Браніраваць месцы мусілі ў сакавіку
Наіўныя людзі.
– У нас аншлаг, паўсюдна ўсё запоўнена, – расчароўвае начальнік аддзела турызму Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Людміла Краўчонак.
А тут ёсць гасцінічны комплекс “Нарач” і міні-гасцініца на кемпінгу, 10 гасцявых домікаў.
– На нашых аб’ектах адпачываюць тыя, хто вызначыўся яшчэ ў сакавіку-красавіку, – працягвае яна. – Шмат тэлефануе тых, хто позна спахапіўся з адпачынкам ці на выхадныя хоча прыехаць. Але месцаў няма. Усё, што забраніравана, заселена. І ў санаторыях такая самая карціна. Разлічваць могуць толькі на тое, што нехта раптам адмовіўся ад броні.
Калі раптам вам пашчасціць і нехта адмовіцца ад броні, то суткі са сняданкам ў гасцінічным комплексе “Нарач” абыдуцца ад 250 тысяч.
Як заўважыла Людміла Краўчонак, колькасць турыстаў сёлета вырасла. Асаблівы прырост – у маі-чэрвені. І турыстычныя стаянкі сёлета запаўняюцца нашмат лепш.
За беларускім адзеннем
Курортны пасёлак – проста бальзам на душу аўтара лозунга “Купляйце беларускае”. На працягу пяці метраў аж тры рэкламы крам з беларускімі таварамі.
І ведаеце, якіх крам найболей у цэнтры пасёлка? Нават не прадуктовых – а з адзеннем. У разліку на расіян на шыльдах падкрэсліваюць “Тавары беларускіх і польскіх вытворцаў”. Адзенне нават прадаюць ля пляжа – на імправізаваным кірмашы на танцпляцоўцы.
Прыехалі ў цішыню
Расіян на Нарачы хапае. І не толькі з блізкіх да Беларусі рэгіёнаў. Наталля і Сяргей прыехалі за 2100 кіламетраў з Новарасійска. Гэта ж на ўзбярэжжы Чорнага мора!
– Так, многія здзіўляюцца, чаму мы на Нарач прыехалі, – дзеліцца Сяргей. – А мы проста хацелі ў цішыню ад гарадскога тлуму, падыхаць паветрам. І Беларусь паглядзець.
Кажа, што нармальны адпачынак: людзі добразычлівыя, чысты пасёлак. Толькі чакаў лепшага сэрвісу ў санаторыі.
– Чым жа расіян прыцягвае Нарач?
– Мяркую, цішынёй. І што тут экалагічна чыста, няма заводаў.
Фота Алеся Высоцкага
Што з забавамі
У цэнтры пасёлка – звыклыя дзіцячыя забавы. Надзіманыя горкі, батут, 5D-кіно, машынкі… Непадалёку – цір.
У многіх здраўніцах ёсць басейны. У некаторых – нават з элементамі аквапарку.
Так што з дзіцем можна і туды завітаць.
Што можна ўзяць на пляжах напракат? Лодка на гадзіну каштуе 30 тысяч рублёў, 2-месны катамаран – 30 тысяч, 4-месны – ад 40 да 60 тысяч (на розных пляжах). А калі шмат грошай, то і яхту можна замовіць: 50 долараў за гадзіну. На адным з пляжаў і валейбольныя мячы дадуць, і шэзлонгі. Апошнія – 7 тысяч за гадзіну.
Згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна, у к. п. Нарач інвестары павінны былі ўзвесці некалькі цікавых аб’ектаў. Праграма завяршаецца ў 2015 годзе.
Аднак некаторыя ідэі проста пахаваныя – як будаўніцтва аквапарку, дзе за прыгожым плакатам з выявай будучага дома адпачынку ўбачыш толькі пачатак будаўніцтва.
Дзе паесці?
Чатыры гады таму давялося суправаджаць па Нарачы карэспандэнта аднаго з беларускіх выданняў. Захацелася яму перакусіць. То ў адным з кафэ ў сувязі са спякотай гадзіну не працавала кухня, у іншым быў сандзень, у рэстаране – дорага. Давялося яму падмацоўваць сілы марожаным.
За апошнія гады месцаў, дзе можна перакусіць, пабольшала.
Поўдзень. У кафэ ў цэнтры персанал сумуе – людзей яшчэ практычна няма. У піцэрыі, што сёлета адкрылася, таксама месцаў хапае. За столікамі размясцілася пару кампаній. Піца тут ад 39 да 78 тысяч рублёў.
Ды і амаль на ўсіх пляжах ёсць кафэ. Вывучым цэны аднаго з іх. Марожанае – 10 тысяч рублёў, піва разліўное і ў бутэльках – ад 20 тысяч за паўлітра, шашлык са свініны – 55 тысяч за 100 грамаў, хот-дог – 25 тысяч. Кампанія моладзі ці то з цікавасці, ці то з жадання пажартаваць з маладой прадавачкі настойліва цікавіцца цэнамі на дарагі кан’як. Калі ласка – больш за пяць з паловай мільёнаў рублёў за бутэльку.
Фота Алеся Высоцкага
Адпачываць на Нарачы, каб купацца ў Белым
Мінчанка Алена адпачывае ў санаторыі “Нарачанскі бераг”. Каб патрапіць сюды ў ліпені, заказвала нумар яшчэ ў сакавіку. Суткі абыходзяцца ў 350 тысяч рублёў з чалавека. І гэта з прафсаюзнай скідкай. Калі без яе, то суткі пацягнуць амаль на 470 тысяч.
Алене адпачынак на Нарачы збольшага падабаецца. Расказвае, што каля паловы адпачывальнікаў у “Нарачанскім беразе” – расіяне:
– Яны ў захапленні ад прыроды, паветра. Прадукты нашы ім падабаюцца: малочныя, мясныя.
Адзначае такую асаблівасць.
– Дарагія цэны ў кафэ на пляжы. Вада, піва – дзве цаны, гэта дакладна. І вэнджаны вугор стаў дарагі – а раней мы сабе яго дазвалялі.
Так, аднаго з сімвалаў адпачынку на Нарачы, вугра, потым убачыў у краме па 499 тысяч рублёў за кілаграм. Цана – па ўсіх правілах маркетынгу!
Аднак галоўнае, чаго б хацелася Алене, каб у возеры было бяспечна купацца:
– Дзеці прыязджалі на выхадныя, пакупаліся. Так высыпала, што цяпер на бальнічным.
– Яны з пантонаў купаліся?
– Не. Пахадзілі па мелкаводдзі ўздоўж берага. Але мы болей не рызыкуем купацца ў Нарачы. Зараз на Белае возера ездзім. У нас у санаторыі, хто купаецца тут, хто не.
Цэркарыёз і як яго пазбегнуць
Вось і закранулі балючую, а дакладней смылючую тэму для адпачывальнікаў на Нарачы – цэркарыёз, ці так званы “сверб купальшчыка”. Яго пасля купання у асобных людзей выклікаюць лічынкі птушыных гельмінтаў – цэркарыяў. У месцах іх пранікнення скура становіцца чырвонай, з’яўляецца пачуццё смылення і свербу, неўзабаве з’яўляюцца высыпка і пухіры.
На 21 ліпеня са скаргамі на цэркарыёз да медыкаў звярнуліся пяць чалавек, з іх адно дзіця. Летась за гэткі час было 15 выпадкаў, распавяла загадчыца аддзела эпідэміялогіі Мядзельскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Несцярэнка.
Вядома ж, гэта статыстыка не адлюстроўвае поўную карціну. Бо хто не лічыць вартым звяртацца з гэтае нагоды, хто сам змагаецца са свербам мазямі ці содавымі прымочкамі.
А каб паменшыць верагоднасць цэркарыёзу, то вось парады ад спецыяліста:
Купайцеся на абсталяваных пляжах, пазбягайце берагоў, зарослых воднымі раслінамі. Паколькі найбольш лічынак-цэркарыяў збіраецца да глыбіні 70 сантыметраў, у ваду лепш заходзіць з пантона ці мосціка. Перад купаннем можна змазаць скуру рэпелентам на аснове ДЭТА. Пасля абавязкова трэба абмыцца пад душам. Калі яго няма, то насуха абцерціся ручніком.
У ваду – з пантона
Пасля расказу Алены купацца неяк расхацелася. Але ж праверыць на сабе, ці бяспечна акунацца ў Нарачы, трэба было.
Прайшоўся па некалькіх пляжах у курортным пасёлку. На кожным людзей хапае – загараюць, купаюцца. Абсалютная большасць дысцыплінавана акунаецца з пантонаў, толькі лічаныя лезуць у ваду ля берага. Асабліва прыцягваюць іх рамантычнага выгляду камяні – некалькі пар па чарзе наладжваюць тут фотасесіі.
Фота Алеся Высоцкага
На пляжы “Урлікі” пытаю ў людзей:
– Купаецеся – не баіцеся, што могуць балячкі высыпаць?
– Ну як жа гэта: прыехалі на возера і не пакупацца.
Заходжу ў ваду – вядома, з пантона. Пасля купання – пад душ. Усё, як раяць спецыялісты.
… Купанне ў Нарачы закончылася добра – балячкі не з’явіліся.