Хто і за што ўзяў у рукі такую “зброю”, чаму па Гомелі 9 жніўня разгульвалі “Angry Jabs”, а таксама як праходзіў майстар-клас па вырошчванні маку. Раскрываем падрабязнасці адпачынку акулаў пяра на “БАЖынках-2014”.

Журналісты “Рэгіянальнай газеты” сёлета не засталіся ў баку ад штогадовага карпаратыўнага фестывалю, які ладзіць “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

8-9 жніўня мы, Аляксандра Парахня, Наталля Тур і Настасся Роўда, разам з калегамі з іншых перыядычных выданняў Беларусі рушылі на Гомельшчыну.

Адпачынак пачаўся з працы. Каб за два дні мы не развучыліся пісаць, для нас падрыхтавалі адмысловае заданне.

Удзельнікаў разбілі на пяць груп. У кожнай апынулася па чатыры-пяць журналістаў з розных гарадоў. Кожнаму выдалі бэйдж “Angry Jabs” (“Злыя жабы”, па аналогіі з вядомай гульнёй “Angry Birds”) колеру каманды, каб мы не згубіліся і не прыбіліся да чужых. 

Пасля мы выцягнулі паперкі з тэмамі, на якія трэба было напісаць камандны артыкул. Адным дастаўся мясцовы парк, іншым – рынак і бяспечнасць прадуктаў, што там прадаюць. Пашанцавала таму, каму выпала найсмачнейшая – беларуская кухня.

Чатыры гадзіны “Angry Jabs” мелі на выкананне першага і самага адказнага задання. А ў шэсць гадзін вечара мы ўсе дружна селі ў аўтобус, які павёз нас на бераг Сожа.

Фота Барыса Гарэцкага.

Фота Барыса Гарэцкага.

Як вырошчваць мак

Там нас таксама падсцерагалі “Angry Jabs”. Праўда, яны аказаліся не злымі, а вельмі гасціннымі. Размахвалі плакатам “Сардэчна запрашЧаем” і частавалі цукровым кавуном.

Спераду кавун грызе Наталля Тур, а ззаду – Аляксандра Парахня. Фота Настассі Роўды.

Спераду кавун грызе Наталля Тур, а ззаду – Аляксандра Парахня. Фота Настассі Роўды.

Але кавуном частка культурнай праграмы “для самых галодных” не скончылася. Нас чакала вячэра, а за ёй – другая вячэра – шашлыкі.

Столькі есці дакладна не “на здароўе”, таму ў хуткім часе мы пераключыліся на канцэрт гурту “Ягорава гара” і спевы пад гітару ад Вальжыны Цярэшчанкі. Крыху паскакалі, павадзілі карагоды, паспявалі.

А пасля самыя актыўныя бралі ўдзел у беларускай гульні “Як вырошчваюць мак”. Сабралі дзве каманды, па пяць чалавек у кожную. Адна каманда стала ў рад насупраць другой. Першая спявала: “Чыжык-пыжык, пташка маленькая. Скажы нам, скажы нам, як сеюць мак”. А другая каманда адказвала і паказвала: “Вось так-так, вось так-так, так сеюць мак”. Пасля яшчэ паказалі, як вырошчваюць, полюць, збіраюць. Карацей, паўнавартасны майстар-клас.

Стомленыя, але шчаслівыя, позняй ноччу мы ўсе пайшлі адпачываць.

Злавіць сырое яйка

Раніцай чакалі новыя выпрабаванні. Цяпер нас правяралі на спрытнасць, лоўкасць і хуткасць.

Першы конкурс быў вельмі нечаканым. Усіх разбілі па парам “хлопчык-дзяўчынка”. Дзяўчатам уручылі па сырым яйку. Задача была такая: кінуць так, каб хлопец злавіў і не разбіў яго. Спробаў было тры. Так што не заляпанымі ў яйкі засталіся сапраўдныя шчасліўчыкі.

Кідаем яйкі. Фота Барыса Гарэцкага.

Кідаем яйкі. Фота Барыса Гарэцкага.

Пасля надышла чарга сапраўднай каманднай спартакіяды: правесці мяч хакейнай клюшкай вакол калкоў, пранесці мячык на ракетцы для бадмінтону, прабегчыся са скакалкай.

Далей каманды крочылі да вады. Там павінны былі прайсці гонкі на катамаранах. Даплыць да берагу насупраць і вярнуцца назад. Хто першы – той і лепшы.

Гонка на катамаранах. Фота Барыса Гарэцкага.

Гонка на катамаранах. Фота Барыса Гарэцкага.

Закончыўшы з конкурсамі, можна было спакойна змыць з сябе тое, што засталося ад недаляцеўшых сырых яек, у Сожы. Што ўдзельнікі праграмы і зрабілі.

Але на гэтым заданні не скончыліся. Далей камандам трэба было прыдумаць сабе назву і прадстаўленне. Тут удзельнікі пусцілі ў ход усю сваю фантазію і творчасць.

Каманду “Цмокаў”, капітанам якой быў Глеб Лабадзенка і ў складзе якой апынулася Наталля Тур, старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна ў гэтым конкурсе вызначыла найлепшай.

Лепшая каманда ў самапрэзентацыі. Фота Барыса Гарэцкага.

Лепшая каманда ў самапрэзентацыі. Фота Барыса Гарэцкага.

Хто трапіў у лік лепшых

Прадстаўленне камандаў прайшло, але ўсе працягвалі сядзець. Бо прыйшоў час падводзіць вынікі двух дзён і вызначыць лепшых ва ўсіх конкурсах.

Артыкулы, якія журналісты пісалі ў Гомелі, ацэньвалі Людміла Атчанашанка, Аляксандр Тамковіч, Аляксандр Коктыш, Сяргей Балай і Зміцер Лукашук.

Лепшым журы прызнала матэрыял каманды, у якой працавалі Таццяна Смоткіна, Настасся Роўда, Руслан Гарбачоў і Барыс Гарэцкі.  Каманда займалася тэмай рынку і бяспекі прадуктаў на ім.

Другое месца ўзяла каманда Ларысы Шчыраковай, Алега Агеева, Антона Сурапіна і Ігара Дароніна. Яны раскрывалі мясцовую гомельскую цікавостку – шакаладныя пяльмені.

Трэцяе месца занялі Галіна Будная, Аляксандр Зянкоў, Валянцін Міхальцоў і Генадзь Кеснер. Журналісты распавялі пра жыццё бабулькі, якая зарабляе тым, што грае на гітары лямпачкай. 

Па-традыцыі закрытым галасаваннем вызначылі “Містэра БАЖынкі” і “Міс БАЖынкі”. Сёлета гэтае званне атрымалі Анатоль Гатоўчыц і Ларыса Шчыракова.

Фота Барыса Гарэцкага.

Фота Барыса Гарэцкага.

А “Віцэ-містэрам” і “Віцэ-міс” сталі Яўген Валошын і Настасся Роўда.

Як заўжды, хлопцы выбіралі “Міс”, а дзяўчаты – “Містэраў”.

Такімі былі “БАЖынкі” сёлета на Гомельшчыне. Дзе і якімі яны будуць налета – пакуль загадка. Але ўражанняў ад гэтай сустрэчы дакладна хопіць на год наперад.

Фота Барыса Гарэцкага.

Фота Барыса Гарэцкага.

Удзельнікі фестывалю ад “РГ” дзякуюць арганізатарам і іншым удзельнікам за цудоўна праведзены час.