Сваёй гісторыяй пра тое, як памяняць унітаз і зэканоміць на паслугах сантэхнікаў, звярнуўшыся ў ЖРЭУ, а не да прыватнікаў, падзялілася наша чытачка Ганна Тамковіч.
– Замена сантэхнікі ў кватэры пачалася з пытання: колькі гэта будзе каштаваць? Прыватнікі ў раздзеле аб’яў у газеце просяць за свае паслугі ад трохсот тысяч рублёў. У цэнніку ЖРЭУ №3 паслугі сантэхнікаў каштуюць 150 тысяч рублёў. Зразумела, трэба выклікаць апошніх.
Раніцай у панядзелак прыйшлі два сантэхнікі, паглядзелі на новы ўнітаз і вынеслі вердыкт: у ім не хапае нейкага неабходнага шланга. Сказалі набыць, а ў другой палове дня зойдуць і ўсталююць. Я пабегла ў магазін, набыла шланг, сяджу чакаю спецыялістаў. У дзве гадзіны дня яны прыйшлі і сказалі, што нічога не атрымаецца, бо зламаўся перфаратар.
Толькі ў аўторак раніцай сантэхнікі дайшлі да месца працы. Знялі стары ўнітаз, паставілі новы. Клічуць мяне:
– Гаспадыня, нясіце цэмент, трэба ўмацаваць вашага керамічнага сябра!
– Які цэмент? – пытаюся я. – Пра цэмент ніхто нічога не казаў!
– Ну, злётайце, купіце. Пяць кілаграмаў павінна хапіць. Мы заўтра прыйдзем.
Сантэхнікі сабралі свае інструменты і пайшлі з кватэры. У прыбіральні застаўся неўмацаваны, не падключаны да вады ўнітаз.
“Разумееце, ЖРЭУ ў нас бедны”
Я ж вымушаная была ісці за цэментам, але не ў краму, а да майстра ЖРЭУ №3 Рамана Баравога.
– У чым справа? – спыталася ў яго. – Чаму мяне прымушаюць купляць цэмент? Я ж плачу грошы за тое, што вы ўсталёўваеце ўнітаз. Цэмент – гэта ваша праблема.
– Разумееце, – адказаў мне майстар, – ЖРЭУ ў нас бедны, грошай на цэмент няма… Але я спытаюся ў начальніка, раптам завезлі.
У сераду сантэхнікі прыйшлі зноў. Ужо са сваім цэментам. Унітаз усталявалі. Карыстацца забаранілі да чацвярга, пакуль не застыне цэмент.
У доўгачаканы чацвер нарэшце схадзіла ў сваю прыбіральню, націснула кнопачку, каб спусціць ваду, і аказалася, што вада ў бачок не заліваецца. Кнопачка засела ў бачку. Тэлефаную сантэхнікам, ледзьве не крычу, каб прыйшлі і выправілі свае хібы.
Чую адказ:
– Акей, пасля абеду чакайце.
І зноў да вечара чацвярга, заплаціўшы 150 тысяч, я заходзіла ў прыбіральню з новенькім унітазам, узброіўшыся вядром з вадой…
У сувязі з гэтым наша чытачка папрасіла задаць супрацоўнікам ЖРЭУ №3 пытанне: колькі часу павінен займаць такі рамонт?
Адказвае майстар ЖРЭУ №3 Раман Баравы:
– Час на выкананне работ у нас не агавораны. Тым больш, калі гэта датычыцца ўстаноўкі ўнітаза. Як і ў гэтым выпадку, можа спатрэбіцца зрабіць сцяжку, бывае, што гаспадары хочуць пакласці плітку, а толькі потым паставіць унітаз.
– А хто павінен дакупляць цэмент ці нейкія неабходныя шлангі?
– Зразумела, усе неабходныя дэталі і будматэрыялы павінен купляць кватэранаймальнік. Спадарыні Ганне мы, як выключэнне, зрабілі цэментную сцяжку за грошы ЖРЭУ №3.
А як у прыватнікаў?
Выбраўшы наўздагад тэлефон у раздзеле аб’яў, з тым жа пытаннем мы звярнуліся да прыватніка:
– Калі вам спатрэбіцца заліваць цэмент, то устаноўка ўнітаза зойме два дні. Пры гэтым, сцяжкай я не займаюся. Вам трэба спачатку дамовіцца з аддзелачнікамі, якія будуць займацца цэментам ці, калі спатрэбіцца, пліткай. За свае ж паслугі, а іменна, толькі за ўстаноўку самога ўнітаза, я вазьму 40 $.