Галоўная прычына  – малая колькасць вучняў. Пра гэта нам паведамілі ў аддзелах адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў.

АСТРАВЕЦ. У Астравецкім раёне закрыюць Дайлідскую базавую школу. Дзяцей перавядуць у сярэднюю школу №1 у Астраўцы.

АШМЯНЫ. Базавая школа і яслі-сад у вёсцы Гродзі не сустрэнуць сёлета вучняў. Вёска знаходзіцца на мяжы Ашмянаў і Астраўца. Таму дзеці могуць выбіраць, у якую школу пайсці.

Большасць з іх будзе вучыцца ў сярэдняй школе №1 у Ашмянах.

ВАЛОЖЫН. Дзве школы рэарганізаваныя ў Валожынскім раёне – Камянецкая базавая школа і Падбярэзская сярэдняя школа.

У іх вучылася па 35 вучняў. Сярод іх у Камянецкай школе 14 дашкольнікаў, у Падбярэзскай – 12.

Цяпер дзеці з першай названай школы пераве­дзеныя ў яслі-сад “Лесавічок” і ў сярэднюю шко­лу ў Івянцы. З Пад­бя­рэзскай − у Гародзькаў­скую сярэднюю школу.

ВІЛЕЙКА. З-за невялікай колькасці вучняў, 21-го, закрыюць сярэднюю школу ў вёсцы Хаценчыцы.  Цяпер дзеці будуць вучыцца ў Залескай сярэдняй школе.

МАЛАДЗЕЧНА. У Маладзечанскім раёне будуць працаваць усе школы.

СМАРГОНЬ. Смаргонскі вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай адукацыі спыніць навучанне. Прафесійную адукацыю дзеці будуць атрымліваць у кале­джах.

МЯДЗЕЛ. Дзве школы ў Мядзельскім раёне спыняць існаванне − Пузырэўская і Камароўская сярэднія школы.

Дзеці з першай названай школы пераведзеныя ў Будслаўскую сярэднюю школу імя Паўліны Мядзёлкі. З другой закрытай школы вучні пойдуць у Свірскую і Старлыгскую сярэднія школы.

Зачыняюць беларускамоўную школу ў Камарове на Мядзельшчыне (+Відэа)