На першы погляд у Беларусі і далёкай Сербіі не можа быць шмат агульнага. У краін зусім розная гісторыя, паміж імі – больш за тысячу кіламетраў.

Але аб’ядноўвае нас не толькі тое, што сербы, як і беларусы, не маюць мора і гавораць на славянскай мове. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова правесці пару дзён у Сербіі.

Есці мяса і глядзець футбол – абавязкова!

Першае, што кідаецца ў вочы адразу пасля прыезду, – вельмі высокія мужчыны і прыгожыя жанчыны.

Сярэднестатыстычны серб вышэйшы і шырэйшы ў плячах за звычайнага беларуса. Спрабаваць патлумачыць гэта можна праз генетыку альбо праз любоў да спорту.

Вулічныя музыкі ў Белградзе.

Вулічныя музыкі ў Белградзе.

Сербаў сапраўды можна назваць спартыўнай нацыяй. Мясцовыя футбалісты, тэнісісты і гандбалісты вядомыя на міжнародным узроўні, таму сваю радзіму сербы часта называюць “краінай чэмпіёнаў”. На вуліцах сапраўды не так часта сустрэнеш людзей з лішняй вагой.

Зазірнуўшы ў мясцовую кавярню, вам давя­дзецца глядзець на вялікім плазменным экране не музычныя кліпы, а футбольныя і тэнісныя матчы. Спробы змяніць канал будуць марнымі: у сербаў проста не змесціцца ў галаве тое, што спаборніцтвы можна прамяняць на поп-музыку.

Спрабаваць разгадаць сакрэт целаскладу сербаў можна і праз мясцовую кухню.

Сказаць, што сербы ядуць шмат мяса – гэта нічога не сказаць! Мяса ёсць у складзе кожнага мясцовага фастфуду, прычым падаецца яно не ў выглядзе фаршу, а выключна цэльнымі кавалкамі. Уласны досвед падказвае: дзяўчатам часцяком лепей браць адну порцыю на дзвюх, каб асіліць увесь абед.

Два ў адным: нацыяльнальная страва і фастфуд адначасова.

Два ў адным: нацыяльнальная страва і фастфуд адначасова.

У Беларусі можна сустрэцца са стэрэатыпам, што большасць сербаў – чарнавалосыя са смуглай скурай. Насамрэч яны знешне мала чым адрозніваюцца ад беларусаў, хоць і маюць свае асаблівасці.

Знешнасць сербскіх дзяўчат сапраўды мае ўсходнія рысы. Славянскі твар і светлыя валасы разам з чорнымі вачыма – тыповая знешнасць для сербкі. Усё ж адбіваецца той факт, што больш за 500 гадоў сербскія землі былі пад панаваннем Асманскай імперыі. Але па колькасці бландзінак Сербія не саступае Беларусі.

Як і беларускі, сербкі любяць прыгожа апранацца і сачыць за сабой. Абуць абцасы для паходу на рынак па яблыкі ці рабіць поўны макіяж, каб забегчы на пошту, – звычайная справа.

Як сербкі становяцца братамі і сынамі

Беларусам будзе лягчэй арыентавацца ў Сербіі, бо разам з лацінскім алфавітам выкарыстоў­ваюць і кірылічны, які часта пужае іншых турыстаў.

Вось такі творчы падыход да дарожных знакаў!

Вось такі творчы падыход да дарожных знакаў!

Спякотныя месцы ў Белградзе прыкрываюць ад сонца каляровымі парасонамі. А спецыяльныя вентылятары, якія распырскваюць ваду, увільгатняюць паветра ў кавярнях

Спякотныя месцы ў Белградзе прыкрываюць ад сонца каляровымі парасонамі. А спецыяльныя вентылятары, якія распырскваюць ваду, увільгатняюць паветра ў кавярнях

Сербская мова хавае ў сабе шмат нечаканасцяў. “Право” па-сербску значыць “напрасткі”, а паварочваючы направа, яны кажуць “дзесно”. Сказаць на дзяўчыну “вредна” – гэта камплімент, паколькі па-сербску гэта азначае “працавітая”.

Мова адлюстроўвае таксама шматвяковыя патрыярхальныя традыцыі. Моладзь, вітаючыся паміж сабой, гаворыць “чао, братэ!”. Зварот “братэ” ўжываюць і да дзяўчат, і да хлопцаў.

Не вытрымаўшы аднойчы, я пачала пярэчыць: чаму я – брат, чаму не сястра? Адказ быў просты: у нас тут усе браты.

Мясцовыя маці, звяртаючыся да сваіх дачок і імкнучыся паказаць ім сваю любоў і пяшчоту, назавуць іх… “сынэ”. У размовах на вуліцах Белграда часта даводзілася сутыкацца з такімі “сыночкамі”.

Размаўляйце паўсюль і з усімі – будзьце як мясцовыя!

Сербы падобныя да беларусаў яшчэ і тым, што іх краіна таксама ўвахо­дзіла ў склад камуністычнай дзяржавы. Старэйшыя жыхары з настальгіяй прыгадваюць Югаславію, калі Сербіі не трэба было шукаць балансу паміж Усходам і Захадам, як цяпер.

Сербскі парламент.

Сербскі парламент.

Храм святога Савы – адна з найбуйнейшых праваслаўных святынь Еўропы.

Храм святога Савы – адна з найбуйнейшых праваслаўных святынь Еўропы.

У той жа час сербская моладзь цвяроза глядзіць на магчымую будучыню краіны ў Еўропе. У 2012 годзе Сербія атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС.

– Мы хочам дасягнуць еўрапейскага ўзроўню адукацыі, эканомікі і іншых сфер, не ўступаючы пры гэтым у ЕС, – кажа студэнт Марко Блашыч. – Ясна, што з цягам часу мы больш згубім у ЕС, чым атрымаем.

Дарэчы, беларусы могуць наведваць Сербію без візы, калі падарожжа будзе не больш за 30 дзён.

На рацэ Саве.

На рацэ Саве.

Адна са шматлікіх кавярняў на Дунаі.

Адна са шматлікіх кавярняў на Дунаі.

Размаўляць з сербамі лепш на англійскай мове, бо рускую разумеюць далёка не ўсе. Для мясцовых завесці размову з прадавачкай на касе ці афіцыянтам у кавярні – звычайная справа. Прычым іншыя пакупнікі не будуць нервавацца і прасіць хутчэй скончыць размову – яны проста далучацца да яе.

Вольны час на вуліцах Белграда.

Вольны час на вуліцах Белграда.

На белградскім рынку.

На белградскім рынку.

Менавіта таму ў Сербіі проста заводзіць знаёмствы. Запытаўшыся ў прадаўца сувеніраў, як прайсці на пошту, я атрымала гіда па Белградзе на бліжэйшыя паўгадзіны. Мужчына кінуў сваё працоўнае месца і пайшоў праводзіць мяне на пошту, якая знаходзілася за пару кварталаў.

Краіну нельга назваць папулярнай сярод турыстаў, менавіта таму яна захоўвае сваю прастату і сапраўднасць.

Новы Сад перад залевай.

Новы Сад перад залевай.

Моцныя дажджы ўвечары пасля спякотнага дня – звычайная з'ява для Сербіі.

Моцныя дажджы ўвечары пасля спякотнага дня – звычайная з’ява для Сербіі.

Сербскі сцяг на адной з цэнтральных вуліц.

Сербскі сцяг на адной з цэнтральных вуліц.

− Для мяне вельмі важна, каб у Сербію пры­язджала як мага больш гасцей, − кажа студэнтка з Белграда Аляксандра Перыч. – Пасля апошніх узброеных канфліктаў на Балканах з’явіўся стэрэатып аб агрэсіўных і ваяўнічых сербах. Хочацца, каб людзі бачылі маю краіну на свае вочы і рабілі высновы самі, а не слухалі байкі іншых.

У такіх скрынках гараджане могуць укінуь грошы на дапамогу тым сербам, якія пацярпелі ад нядаўніх паводак на Балканах.

У такіх скрынках гараджане могуць укінуь грошы на дапамогу тым сербам, якія пацярпелі ад нядаўніх паводак на Балканах.

Агароджа белградскага заапарку. Добра, што фотаздымкі не перадаюць пахі.

Агароджа белградскага заапарку. Добра, што фотаздымкі не перадаюць пахі.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ і Леаніда БОЎКУНА.