Ім тады было па восем-дзевяць гадоў. У Ніны Галіеўскай, Валянціны Грабоў­скай і Ніны Васілеўскай і цяпер у памяці паўстаюць тыя жудасныя карціны, такія цікавыя ім тады, такія нечалавечыя сёння.

На месцы, дзе ў часы Другой сусветнай вайны расстралялі і закапалі дзвесце яўрэяў, хочуць пабудаваць жылыя дамы. Да гэтага часу ніхто не праводзіў тут археалагічных даследаванняў. І сёння мясцовыя жыхары ходзяць па чалавечых костках.

Нядаўна па былым стадыёне ганялі мяч футбалісты, там ладзілі фестывалі і святы. Танцавалі на астанках тых, хто паміраў у страшных пакутах.

Цяпер тут ціха. І хто як учора бачыць карціны расстрэлаў, пакутаў, жахаў, якія напаткалі яўрэяў ў Валожыне, гатовыя перажываць зноў тыя падзеі.

Большасць з тых, хто памятае, якая трагедыя тут некалі здарылася, ці загінулі, ці выехалі з гэтых мясцінаў, ці памерлі. Бо час ідзе.

Скульптура журботнай маці ў памяць расстраляных яўрэяў.

Скульптура журботнай маці ў памяць расстраляных яўрэяў.

Прыкладна на тым месцы, дзе стаіць чалавек, расстралялі яўрэяў.

Прыкладна на тым месцы, дзе стаіць чалавек, расстралялі яўрэяў.

На былым стадыёне сёння ціша.

На былым стадыёне сёння ціша.

Расповеды аб падзеях больш чым 70-гадовай даўніны не заўсёды супадаюць у дэталях, могуць мець недакладнасці. Адно зразумела – усе тры жанчыны памятаюць, як дзвесце чалавек расстралялі і закапалі ў гэтай зямлі.

Дзяўчаты перад смерцю пачалі спяваць

Узгадвае падзеі мінулага Ніна Галіеўская (дзявочае прозвішча – Наквас). Нарадзілася ў 1933 годзе.

«Мне тады было восем гадоў.

Мы пасвілі кароў і гулялі ў нешта. Да нас падышла Стэфаніда Карабан, яе Стэфкай звалі. Гаворыць: “Дзеці, схадзіце на стадыён, паглядзіце, што там робіцца. Страляюць і страляюць. Толькі не выходзьце, каб вас не ўбачылі”.

Мы ўсёй чарадой, чалавек сем, і яна, пайшлі. Ляглі ля агароджы стадыёна, толькі вочы высунулі.

Там расстрэльвалі. Чалавек дзвесце паклалі, ад 16 да 25 гадоў. Іх падманулі. Сказалі: “Збірайцеся і на работу”. Паліцаі іх прыгналі ў казарму і закрылі.

Потым узялі дзесяць чалавек і выкапалі яму. І расстралялі гэтых яўрэяў.

Па дзесяць чалавек зганялі сюды. Паліцаі не стралялі – два эсэсаўцы. Ставілі ў рад адных і другіх і стралялі з пісталетаў.

Паліцаі гоняць мужчын, дзесяць чалавек. І па прыступках іх піхаюць, яны падаюць. Ужо здагадаліся, што з імі рабіць будуць. І эсэсаўцы стралялі. Каго забілі, каго ранілі. І потым падпіхвалі іх у гэтую яму.

Пасля гоняць дзесяць чалавек дзяўчат. Такія добрыя дзевачкі. Апранутыя зусім лёгка. Іх гоняць, яны ідуць па гэтых сходах. Сышлі, пачалі абдымацца і цалавацца. Мабыць, развітваліся.

А гэтыя гоняць іх, піхаюць. Адна дзевачка ўпала, яе паднялі. На сцежку ўжо ступілі. І тут яны заспявалі. Але на незразумелай мове, можа, па-яўрэйску. Мы ж не разумелі, малыя.

Заспявалі. І вось прыгналі да ямы, мы глядзім, так дзіўна ўсё гэта. Там дзевачка чорненькая такая, кучаравенькая, гаворыць: “Гітлеру капут, рускія ўсё роўна перамогуць”.

Дык гэты гестапавец раз – і стрэліў у яе. Яна схапілася за параненае месца, кроў цячэ. Яе другая дзяўчына падхапіла. Яна як плюне гэтаму эсэсаўцу ў морду. Дык ён дастаў насоўку, выцерся і ў яму кінуў. Крутануўся на назе і ў гэтую дзяўчыну стрэліў. І яны абедзве разам зваліліся.

І ведаеце, гэта такая страшная карціна. Іх ставяць у рад па пяць, па чатыры. Яны абдымаюцца. Тут іх пачалі страляць і піхаць у яму. Мы ляжым. Адна дзевачка заплакала наша.

Стэфаніда Карабан кажа: усё, сыходзім адсюль, сыходзім. І мы ўсе павярнуліся і пабеглі праз рэчку.

Доўжылася гэта да гадзін чатырох. Потым яны скончылі, гэтыя эсэсаўцы. Усіх пастралялі, павярнуліся ды зайшлі на гару.

А ў яме ж жывыя засталіся. Каб яны яшчэ хвілін дзесяць там паляжалі, то многія сышлі б. Але эсэсаўцы азірнуліся. А людзі выскокваюць з ямы і праз гэты стадыён уцякаюць сюды, на Леніна. Тады вуліца Навагрудскай звалася.

Яўрэі ўцякаюць, паліцаі іх хапаюць, страляюць у яму з аўтаматаў. Жудасна было глядзець. Побач з ямай паставілі паліцая. Ён ахоўваў, не даваў нікому вылезці.

Паліцай аднаму стрэліў у руку. Ён пабег праз раку і схаваўся ў туалеце. А тут жанчына выскачыла і кажа: “Хутчэй, хутчэй у хлеў давай!” Ён застаўся жыць, толькі ранены быў у руку. Бліжэй да вечара сышоў.

Раніцай пасвілі кароў каля рэчкі, прывезлі бочку вады, нейкая белая была, мабыць, з нечым. Залілі гэту яму, і паліцаі засыпалі яе. Дык ведаеце, зямля хадзіла хадуном тры дні. Мы пады­дзем, паглядзім. І ўцякаем, страшна, баяліся.

А да нас з гета хадзіў яўрэй, Сёмай яго звалі.

Дошку яны выбівалі і праз гэтую дзюрку лазілі. Мама заўсёды давала яму і хлеба, і таго, і сяго. Аднойчы нейкае свята ў іх было яўрэйскае. Мама качкі дзве зарэзала і аддала. Ні чысціла, нічога, проста з пер’ем. Там ужо яны самі пачысцілі.

У той дзень, бліжэй да вечара, ён прыйшоў. Мама мая гаворыць: “Ведаеш, вашых сёння стралялі тут на стадыёне. Дзвесце чалавек забралі на работу і ніхто не вярнуўся”. Ён так здзівіўся.

Добры малец быў. Неяк бацька мой кажа яму: “Слухай, Сёма, вас будуць там страляць заў­тра. Давай я цябе вывезу адсюль, а там ты далей сам сыдзеш”. Пасля ён прыходзіць і кажа: “Мама не дазваляе. Нас чацвёра ў яе. Не хоча застацца адна з гэтымі дзецьмі”.

І вось пасля гэтага ён больш не прыходзіў да нас. Мабыць, загінуў. Там, дзе цяпер масласырзавод, раней быў кароў­нік. І вось з гэтай геты туды сагналі людзей. Сказалі ім распранацца.

Цэлы тыдзень нельга было выйсці на вуліцу. Чалавечае мяса ведаеце ж, як. Пах. Усе там загінулі».

Дзеці залезлі ў хлеў і назіралі

Узгадвае Валянціна Грабоўская (дзявочае прозвішча – Скляповіч). Жанчына нарадзілася ў 1931 годзе.

«Я жыла ў Валожыне, там цяпер вуліца Набярэжная.

У той час, як расстрэльвалі, мне было ну гадоў можа дзесяць ці адзінаццаць. Дзеці ж такія дапытлівыя.

Як пачулі, што там стрэлы, залезлі ў такі звычайны хлеў, як на вёсцы. Там прарэзанае акенца. Нас недзе чацвёра дзяцей. І ў гэнае акенца ўсе. Назіралі, што далей будзе.

А там ужо на стадыёне былі выкапаныя ямы. А капалі самі яўрэі. Іх бралі на работу.

У нас у Валожыне, дзе едзеш на сам цэнтр, да моста было гета. Іх адтуль сабралі.

І расстрэльвалі. І каля гэнай гета на беразе. І на гары там, на Папоўцы. Там цяпер забудавалі ўсё. Ужо і тых месцаў не пазнаеш.

Ну, і ведаеце. Яўрэяў сагналі ў воінскі клуб, ваенны. Ён і цяпер ёсць за райвыканкамам. З гэнага клуба іх сюды прыганялі. Там паставяць наверсе. Тады згоняць да гэтай ямы. Па пяць чалавек. Іх расстрэльваюць, пасля другую групу вядуць.

І як, мусіц, кончылі гэныя немцы, завярнуліся і пайшлі адсюль. А ў яме можа хто і насмерць, а каго і толькі ранілі. Каторыя пачалі падымацца, выпаўзаць адтуль. І праз рэчачку. А тут жа нашы дамы ўсе. А яны па агародах і ўцякалі. І туды, дзе цяпер вуліца Загарадная. Там жа не было яе. Жыта расло. А як жыта расло, дык яны туды хаваліся.

Як немцы заўважылі, што тыя з ямаў уцякаюць, дык яны за імі. Такі стрэл пачаўся! Немцы не глядзелі, стралялі і па нашых хатах, па ўсім. Тут бацькі як на нас пачалі крычаць. Дзеці, кладзіцеся! Бо ж толькі кулі свішчуць!»

Дзіця паклалі на кучу расстраляных і забілі

Распавядае Ніна Васілеўская (Скляповіч). Нарадзілася ў 1932 годзе.

«Стадыён тады быў загароджаны плотам. І мы ж у гэныя шчыліны ўсе гля­дзелі, як там расстрэльвалі. Адразу іх гналі ў казарму, яны там мылі ўсё, чысцілі. Тады іх вялі прама з казармаў на стадыён, ставілі па пяць чалавек у рад. І стралялі. Мабыць, ні ўсім пападала куля. І вось мы глядзелі ў гэныя дзюрачкі і пайшлі на гару.

Да казармаў дайшлі. А каторыя жывыя ў яме сталі падымацца. І праз гэты забор ды ўцякаць. Немцы азірнуліся, бачаць, што гэныя праз забор – і страляць. Дык мы ўперад малыя дзеці, яўрэі за намі, а за імі – стрэлы. Тады мяне мама моцна біла, гэта ж маглі забіць.

І куды яны беглі, там жыта было. Яны туды. Іх многа, можа, там і пахавалася, хто паспеў, пакуль немцы іх не дагналі.

А ад моста цягнулася па адным баку гета. Там, дзе была раней вуліца Еўлашы. Цяпер яна завецца Кастрычніцкая.

Раз мы былі на тым мосце. Дык выводзілі прама на бераг гэтай рэчкі яўрэяў і расстрэльвалі. Але нас не ганялі. Можа, яны там нас і не бачылі. А потым я гляджу, мамачкі, во такое во маленькае дзіцятка! Як цяпер помню. Там была ўжо такая куча расстраляных, і дзіця на гэтую кучу паклалі. І немец зверху пісталетам. І застрэліў гэна дзіця».

Ад рэдакцыі: тэкст максімальна набліжаны да дыктафоннага запісу. Мова жанчын захаваная.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Чытайце таксама:

Пасля пікета ў Валожыне. Улады не хочуць спыняць будаўніцтва жылых дамоў на месцы пахавання яўрэяў

Пікет у Валожыне: “Нельга аддаваць варварам косці людскія”