З тым, што свойскіх свіней у Заброддзі Даўгінаўскага сельсавета варта калоць, пага­джаюцца ўсе афіцыйныя асобы, з якімі мы гаварылі на гэту тэму.
Але пра наяўнасць АЧС мы атрымалі розныя адказы.

У сераду, 13 жніўня, з жыхарамі вёскі Заброддзе правёў сустрэчу старшыня Даўгінаўскага сельвыканкама Аляксандр Маліноўскі:

– Для вас не сакрэт, што ферму ў Заброддзі закрылі. З фермы ўзялі ўзоры. Даследаванне пацвердзіла чуму. Таму ферму закрылі недарма – была чума. Калі на ферме быў зафіксаваны факт чумы, два кіламетры вакол яе трапляюць у першую зоны пагрозы. Я не магу наконт гэтага загадваць вам, але я раю не трымаць свіней.

У гэту зону ўвайшлі тры вёскі: Заброддзе, Поня і Кутнае. Старшыня параіў гаспадарам вялікіх свіней пакалоць і скласці мяса ў халадзільнік, а не чакаць, калі па іх прыедуць, каб закапаць. Малых парасят можна вывезці знаёмым.

Каранцін на акругу накладаюць на шэсць месяцаў. Калі за гэты час АЧС не выявіцца, каранцін здымуць і жыхары змогуць трымаць свіней.

Старшыня сельвыканкама падкрэсліў, што АЧС – вельмі сур’ёзная хвароба. Калі раней паляўнічыя плацілі за дазвол, каб забіць дзіка, то цяпер за гэта гатовыя плаціць ім.

Жыхары настойвалі, што іх свінні здаровыя, і прасілі, каб старшыня паказаў ім дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць АЧС на ферме каля Заброддзя. Старшыня параіў па дакументы звяртацца да галоўнага ветэрынарнага доктара раёна.

Аляксандр Маліноўскі бачыў, як жыхароў Заброддзя хвалюе лёс гаспадаркі, і параіў перажыць складаны перыяд.

“Ачага АЧС на Вілейшчыне няма”

Начальнік Вілейскай ветэрынарнай станцыі Іосіф Тамковіч адказаў, што на тэрыторыі Вілейскага раёна цяпер няма ачагоў афрыканскай свіной чумы. Але небяспека ўзнікнення хваробы існуе, таму адказныя асобы мусяць прымаць неабходныя меры прафілактыкі.

– Мы раім калоць вялікіх свіней, малых можна гадаваць, – падсумаваў ветэрынарны доктар.

Старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот пацвердзіў “РГ”, што ачагоў АЧС на тэрыторыі раёна няма.

На свінаферме выразалі свіней

Тры тыдні таму на свінаферме каля Заброддзя, якая належыць філіялу “Бубны” УП “Мінгаз”, пачалі выразаць свіней.

Жыхары вёскі хвалююцца, што афрыканская чума дайшла да іх і што хутка знішчаць свойскіх свіней.

– Ферму на 700 галоў закрылі па рашэнні райвыканкама, – падкрэсліў Іосіф Тамковіч. –  Яна была нерэнтабельная.

Чаму закрылі ферму ў Заброддзі

Сітуацыю ўдакладніў намеснік начальніка ўпраўлення ветэрынарыі Мінскага абласнога сельгасхарчавання Аляксандр Брухан.

– Было некалькі прычын, каб закрыць свінаферму паблізу Заброддзя. Па-першае, яна знаходзілася вельмі блізка да вёскі. А чым больш свіней у пэўнай мясцовасці, тым большая верагоднасць, што захворванне ўзнікне.

Па-другое, яна не мела добрай агароджы, работнікі не праводзілі належную дэзінфекцыю ў памяшканні.

Наогул, ферма была стратная.

Таму, каб пазбегнуць свіной чумы, ферму закрылі, а свіней здалі на мясакамбінаты ў Мінскай вобласці. Праз некаторы час, калі правядуць дэзінфекцыю, на ферме будуць гадаваць цялят. Яны дадуць большы прыбытак для гэтай гаспадаркі. Свае працоўныя месцы людзі захаваюць.

Чума можа ўспыхнуць

Як растлумачыў Аляксандр Брухан, паводле пастановы Савета Міністраў №758 ад 29 жніўня 2013 года, ветэрынарныя службы пры правядзенні маніторынгу могуць праводзіць абход насельніцтва па дварах. Гэта мера дапамагае не дапусціць распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў.  Такі абход у вёсцы Заброддзе рабілі 7 жніўня.

– Верагоднасць таго, што на Вілейшчыне можа з’явіцца афрыканская чума, існуе, – падсумоўвае Аляксандр Брухан. – Таму што яна ўжо ўспыхвала ў нашых суседзяў: Латвіі, Літве, Расіі. Мы прымаем меры, каб захворванне не распаўсюджвалася.

      Пры падазрэнні на АЧС:

Трэба звярнуць увагу на наступныя прыкметы: высокая тэмпература (да 42), пачашчанае дыханне, пачырваненне скуры, часцей за ўсё вушэй, падгрудзінкі, жывата і канечнасцей. Можа быць панос з крывёй, кашаль, крывяністыя выдзяленні з носа і іншыя сімптомы. Калі хвароба развіваецца імкліва, жывёла можа загінуць і без праяўлення сімптомаў.

 Што дапаможа пазбегнуць хваробы:

 – неабходна мець спецыяльнае адзенне і абутак для догляду за жывёламі;

– на ўваходзе ў хлеў пакласці дыванок, апрацаваны спецыяльным дэзінфекцыйным сродкам;

– трымаць свіней у закрытых памяшканнях;

– тэрмічна апрацоўваць корм для свіней (кіпяціць);

– выкарыстоўваць канцэнтраваныя кармы, не набываць іх з рук;

– забараняецца выкарыстоўваць прадукты, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты ці атрыманыя пасля апрацоўкі мяса (пасля мыйкі мяса, мясарубкі);

– пазбаўляцца ад грызуноў;

– пасля таго, як наведалі лес, прадэзінфікаваць абутак і адзенне, не заходзіць у ім у хлеў;

– не пускаць на тэрыторыю сваёй гаспадаркі пабочных людзей;

– неадкладна паведамляць аб выпадках захворвання жывёл у ветэрынарныя службы;

– пры знаходжанні трупаў дзікоў паведаміць у мясцовы выканкам і ветэрынарныя службы.

Парады складзеныя паводле памяткі Вілейскай ветэрынарнай станцыі.