У адрамантаванай бальніцы з’явіліся ліфты, платныя палаты і новае абсталяванне.

Рамонт бальніцы пачалі тры гады таму. У межах праекта асвоілі 45 мільярдаў рублёў са сродкаў раённага бюд­жэту.

Заказчык праекта − Упраўленне капітальнага будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама. Генеральны падрадчык − перасоўная механізаваная калона №212.
Адначасова на будоўлі працавала да ста чалавек.

Працу пачалі ў 2011 годзе, спачатку без адсялення пацыентаў. У адной палове будынка працавалі, другую рамантавалі. У кастрычніку 2012 года бальніцу цалкам закрылі на рамонт. Асноўны рамонт цягнуўся амаль два гады.

Вырашылі праблему №1

Праект уключаў не толькі рамонт, але і рэканструкцыю. Асноўнае змяненне бальніцы ў тым, што прыбудавалі некалькі ліфтаў. Раней іх не было наогул, што стала праблемай нумар адзін.

− У бальніцы чатыры паверхі, уявіце, як медыкі перамяшчалі хворых на насілках, − тлумачыць загадчыца баль­ніцы №2 Людміла Джурава. − Ліфт для перавозкі хворых сур’ёзна аблегчыць працу медперсаналу. Да таго ж, зрабілі зручны пад’езд да прыёмнага пакоя. Усё гэта вельмі важна для бальніцы.

Яшчэ адзін ліфт прыстасаваны для таго, каб завозіць ежу ў аддзяленні.

Новае абсталяванне палепшыць дыягностыку

Аддзелачныя работы завершаныя, цяпер работнікі расстаўляюць мэблю, прыбіраюць. Некаторыя дробязі яшчэ дапрацоўваюць: на кабінетах хутка з’явяцца шыльды, завязуць част­ку медыцынскага абста­лявання.

− Новае абсталяванне палепшыць якасць дыягностыкі, і для пацыентаў абследаванні стануць больш камфортнымі, − распавядае загадчыца бальніцы. − З рэспубліканскага бюджэту з дапамогай Міністэрства аховы здароўя будзем закупляць рэнтгенапарат на тры працоўныя месцы. Спадзяёмся, што апошніх мадыфікацый. Абнаўляем лабараторнае абсталяванне. Новыя вучэбныя пакоі будуць зручнымі для навучэнцаў медкаледжа.

У бальніцы тры аддзяленні

Бальніцу №2 і будавалі, і адчынялі ў 1972 го­дзе як раённую. Але ў 2005 годзе, калі ў Мала­дзечне аб’ядналі гарадскія і раённыя ўлады, аб’ядналі і ахову здароўя.

− Некаторыя і цяпер прыязджаюць у бальніцу №2 як у раённую, − гаворыць Людміла Джу­рава. − Але бальніцы ў Маладзечне падзеленыя па іншым прынцыпе: па аддзяленнях.

Усе аддзяленні адрамантаванай бальніцы тэрапеўтычнага профілю. Іх тры: пульманалагічнае, неўралагічнае і гастралагічнае. Неўралагічных аддзяленняў у Маладзечне стане два: адно на базе бальніцы №2, другое − ЦРБ, прызначанае для хворых на парушэнні мазгавога кровазвароту, ці інсультных пацыентаў.

Колькасць ложкаў зменшылі

Цяпер на тры ад­дзяленні − 140 ложкаў. Да рамонту бальніца мела 200 месцаў.

− Час унёс свае ка­рэктывы, − тлумачыць загадчыца бальніцы, − павялічваецца інтэнсіўнасць лячэння, змяншаецца яго тэрмін. Таму і абарот пацыентаў павялічваецца.
Штат большым не стане, але прыйдуць новыя работнікі, у тым ліку сёлетнія выпускнікі медыцынскіх устаноў.

Рамонт значна палепшыць умовы і для пацыентаў. Паводле апошніх патрабаванняў санітарных правілаў і нормаў, у палатах не павінна быць больш за чатыры пацыенты.
Палаты ў аддзяленнях будуць на чатыры ці на два месцы. Шэсць палат, па дзве ў кожным аддзяленні, павышанай камфортнасці. Яны разлічаныя для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, для іншых пацыентаў яны платныя. Кошт размяшчэння ў іх пакуль не разлічвалі.

У палатах – ложкі, матрацы, табурэты, умывальнік і люстэрка, над кожным ложкам – лямпа, званок для выкліку медсястры, дзве разеткі. У платных палатах ёсць асобны пакой з душавой кабінай і ўнітазам, у пакой дадаюць халадзільнік і шафу.

Кабінет КТ працаваў падчас рамонту

На базе бальніцы працуе кабінет камп’ютарнай тамаграфіі. КТ − адзін з найсучасных метадаў абследавання.  Кабінет абслугоўвае не толькі Маладзечаншчыну, але і Вілейшчыну, Мядзельшчыну, Валожыншчыну. Ён не спыняў працу на працягу ўсяго рамонту. Перапынак зрабілі толькі на месяц, каб асвяжыць сам кабінет. Апарат КТ у ім не патрабаваў замены.

Падчас рамонту ад­дзя­ленні працавалі ў ЦРБ.

− Адмоў у шпіталізацыі не было. Безумоўна, умовы і для пацыентаў, і для дактароў былі не самыя спрыяльныя, але гэта лепш, чым спыняць працу наогул. Пацыенты выдатна разумеюць, што трэба крыху пацярпець, каб атрымаць штосьці лепшае.  Вядома, што адкрыцця чакаюць усе. Умовы тут будуць добрыя і для медыкаў, і для пацыентаў.

Першымі пацыентамі стануць тыя, хто на час адкрыцця будзе лячыцца ў ЦРБ у гэтых аддзяленнях.

Медыкі рады, што рамонт закончылі

Медыцынскія работнікі радуюцца і таму, што бальніцу адрамантавалі, і таму, што рамонт заканчваецца.

− Вядома, цяпер больш прыемна на ра­боту прыходзіць, − гаворыць старшая меды­цынская сястра Вольга Кемен. − Што мы бачым цяпер, ёсць з чым параўнаць.

Доктар кабінета кам­п’ютарнай тамаграфіі Яўген Каркоцкі атрымлівае асалоду ад цішыні, якая пануе ў бальніцы пасля асноўных ра­монтных работ.

− Не проста працаваць, калі за сцяной адбойнік грыміць. Калі вы памятаеце, як бальніца выглядала раней, стане зразумела, што рамонт быў неабходны.