На мінулым тыдні на чыгуначным вакзале многія пасажыры звярнулі ўвагу на дружыннікаў, якія правяраюць білеты яшчэ перад уваходам у цягнікі.  “Хто яны і якія ў іх абавязкі?” – з гэтымі пытаннямі звярнуўся ў рэдакцыю чытач “РГ”.

– У пятніцу ўвечары я садзіўся ў электрычку на Мінск, – расказаў спадар Анатоль з Вілейкі. – Калі мяне перад цягніком папрасілі паказаць білет, здзівіўся. Папрасіў правяраючага паказаць пасведчанне, але ён проста назваўся “грамадскім кантралёрам” і патрабаваў білет!

Чытач ніколі раней не чуў пра дружыннікаў, таму хацеў упэўніцца, з кім мае справу. Але кантралёры не не мелі ніякіх дакументаў і паказалі толькі чырвоныя павязкі на руцэ.

– З такім жа поспехам я магу начапіць сабе павязку і назвацца кантралёрам, – кажа спадар Анатоль. – Адкуль я ведаю, можа яны рабаўнікі? Хочацца ведаць, хто правярае мой білет.

Дапамагаюць лавіць зайцоў

Па тлумачэнні “Рэгіянальная газета” звярнулася да супрацоўнікаў станцыі Маладзечна Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

– Цяпер на чыгунцы праходзіць рэйд па Мінскай вобласці, – патлумачылі нам. – Робіцца гэта для таго, каб выявіць як мага больш безбілетных пасажыраў.

Рэйд пачаўся 8 жніўня. Працягнецца да 17, а, магчыма, і да 31 жніўня. Гэта яшчэ дакладна не вырашылі. 

Білеты імкнуцца правяраць ва ўсіх цягніках. Правяраючыя заўсёды стаяць на канцавых станцыях, таму зайсці ў цягнік пасажыр можа толькі тады, калі пакажа білет.

– Праверку праводзяць супрацоўнікі чыгункі, якія ўваходзяць у добраахвотную дружыну, – расказала кантралёр-рэвізор станцыі Маладзечна. – Сярод іх могуць быць і мантажнікі, і электрыкі. Яны праходзяць спецыяльны інструктаж, дзе ім тлумачаць, якія ёсць віды білетаў і на што трэба звяртаць увагу. Так, у іх няма пасведчанняў або бэйджаў. Пазнаць правяраючых можна па чырвонай павязцы на руцэ.

Як патлумачылі “РГ”, рабіць пасведчанні на кароткі тэрмін рэйдаў няма пільнай неабходнасці. Але правяраючыя павінны патлумачыць пасажырам, хто яны і навошта стаяць каля цягнікоў.

 Грамадскім кантралёрам давядзецца верыць на слова і звяртаць увагу на чырвоную павязку на руцэ.

 Як паведамляла старшы інспектар службы групы аховы правапарадку і прафілактыкі Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце (МАУСТ) Таццяна Субач у №26 “РГ”, на тэрыторыі абслугоўвання  МАУСТ працуюць пяць добраахвотных дружын.

У іх удзельнічаюць спецыяльна падрыхтаваныя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

У іх функцыі ўвахо­дзіць не толькі правяраць білеты, але і сачыць за парадкам на тэрыторыі чыгункі.