Якія прывілеі будзе мець цяпер Лёша перад сваімі аднагодкамі, расказвае яго маці Яўгенія.
Раней мы знаёмілі чытачоў з маленькім грамадзянінам Беларусі Лёшам, які жыве ў Філадэльфіі (штат Пенсільванія) з чатырох гадоў. Цяпер хлопчыку мінула восем. Бацька, таксама Аляксей, у яго беларус. Маці – напалову беларуска, напалову афрыканка.
Год прайшоў з таго часу, як Лёша апошні раз прыязджаў да бабулі на Радзіму. Амерыка Амерыкай, але ў Маладзечне ёсць лепшы сябар – Сашка.
Калі хлопчыкі ўбачыліся, кінуліся абдымацца. Як дарослыя пасля доўгай разлукі. І ўсе тры дні, што Лёша правёў у бабулі па бацькавай лініі Марыі, ён ад Сашы не адыходзіў. Ці Саша ад яго.
Гутарыць з намі ён не вельмі хацеў – час ішоў на хвіліны. Зразумеўшы, у чым праблемы, мы селі гаварыць і есці дыню разам з Сашкам. Так справа пайшла лягчэй.
Тэст трэцяга класа адыграе ролю пры паступленні
Цяпер Лёша перайшоў у трэці клас.
– Я, вядома, заўважала, што ў яго добра ідзе навучанне. Тэсты добра піша, адзнакі ў яго толькі “A”. І на адным з бацькоўскіх сходаў настаўніца паклікала мяне, сказала, што Лёша выдатна вучыцца і яна хоча скіраваць яго ў групу для адораных дзяцей.
Для гэтага Лёшы трэба было напісаць комплексны тэст. Заданні былі на логіку, веды. Здаў яго Лёша на 99 працэнтаў.
Як настаўніца патлумачыла маме, такі ж самы тэст – дзяржаўны ў трэцім класе. Гэта значыць, што Лёша як мінімум на год апярэджвае ў развіцці сваіх аднакласнікаў.
Больш за тое, гэты ж тэст у будучым будзе ўплываць на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову.
Злева направа: Арсень, Лёша і Саша.
Лёша будзе і далей вучыцца разам з аднакласнікамі
Хлопчык трапіў у групу адораных, але гэта не значыць, што ён будзе вучыцца ў спецыяльным класе.
Ён пойдзе ў звычайны трэці клас. Але на заняткі па пэўных прадметах, напрыклад, на развіццё мыслення, усіх адораных дзяцей будуць збіраць разам. Прыкладна два-тры разы на тыдзень па 20 хвілін.
У амерыканскіх школах дзеці штогод трапляюць у новы клас. Яны праходзяць праз працэдуру перафарміравання.
– Размаўляла з настаўніцай, каб перавесці праз клас, адразу ў чацверты. Аднак цяпер гэтага не практыкуюць, бо лічаць вялікай траўмай для дзяцей. Можна скончыць школу і ў дзявятым класе, але, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, трэба будзе ўсё роўна чакаць тры гады. Інакш не возьмуць. З той жа самай прычыны, – распавядае Яўгенія.
Як заўважыла мама Лёшы, у класе яе сына дзеці пераважна вучацца добра. Аднак на тэст з 28 дзяцей запрасілі толькі дваіх. Бацькі яшчэ аднаго дзіцяці папрасілі таксама даць гэты тэст і ім. Аднак іх дзіця не справілася.
– Як будзе працаваць гэтая сістэма, мяркую, убачу, – кажа Яўгенія. – Па заданнях, якія ён будзе прыносіць, па тэмах, якія будзе разбіраць.
Ад першага класа Лёша час ад часу прыносіць дамоў заданні накшталт напісаць рэферат. Сэнс у тым, каб распрацаваць пэўную тэму, але абавязкова разам з бацькамі.
– Апошняя тэма была пра бацькоў, – прыгадвае маці хлопчыка. – Проста далі каляровую паперу, складзеную ў тры разы. Атрымалася шэсць частак, на кожнай з якой трэба было штосьці напісаць. Напрыклад, на першай старонцы вам трэба расказаць пра маці і тату і фотаздымкі прыкласці. Вядома, дзеці не могуць усё гэта зрабіць самі.
Як кажа Яўгенія, з Лёшам яна працуе так. Спачатку ён сам робіць, як гэта бачыць. А пасля яна садзіцца побач і дапамагае дапрацаваць, прапаноўвае штосьці дадаць.
– Тэма пра матылькоў мне спадабалася, – ажыўляецца Лёша. – Там трэба было напісаць пра першую форму матылька, яйкі, потым вусеня і ўсё такое.
Значыць, у школе дзеці атрымоўваюць асноўную інфармацыю, а дома шукаюць больш падрабязную. Раздрукоўваюць ці малююць карцінкі, шукаюць дадатковыя матэрыялы ў інтэрнэце.
Дарэчы, любімы прадмет у хлопчыка цяпер “Чытанне”. Аднак не толькі гэта цягне яго да школы.
– Мне падабаецца гуляць у школе ў баскетбол, – кажа Лёша. – Мы выходзім на стадыён перад школай, там ёсць сетка. Яшчэ ў амерыканскі футбол гуляем. Дзе рукамі трэба кідаць мяч. Нагамі яго біць нельга.
Заўвагі за паводзіны
Адоранае ці не адоранае, але дзіця ёсць дзіця. І заўвагі ў сшытку Лёша дамоў прыносіў.
Бацькоўскія сходы адбываюцца не часта, таму настаўнікі з бацькамі “перакідваюцца” запіскамі. Калі раптам штосьці здараецца ў школе, то настаўнік піша ў сшытку вінаватага дзіцяці заўвагу. У ёй апісвае, што адбылося, і просіць паразмаўляць пра гэта з сынам ці дачкой.
– Лёшу, напрыклад, рабілі заўвагу з-за паводзінаў у сталовай і на перапынку. Але ж гэта звычайныя дзіцячыя свавольствы. Тады я з ім размаўляла, тлумачыла, што калі напісалі такую запіску, значыць, трэба весці сябе крыху стрыманей. Што гэта не проста пікнік на вуліцы. Пасля пісала настаўніцы: “Я пагутарыла з сынам і спадзяюся, што ён усё зразумеў. Калі будуць нейкія праблемы, калі ласка, пішыце, каб я магла зноў з ім пагутарыць”.
Лёша вельмі любіць анекдоты. І ўжо не толькі іх запамінае і расказвае, але і прыдумвае сам.
Дзяржава аплаціла навучанне ў ВНУ
Яўгенія не ўпершыню чуе пра праграму для адораных вучняў. Дзеці яе знаёмай ужо паспелі ў ёй паўдзельнічаць і нават такім чынам “зарабіць” сабе бясплатнае навучанне.
Дзяўчыне ў выніку дзяржава аплаціла ўсе чатыры гады ў вышэйшай навучальнай установе. Яна была ўдзельніцай праграмы для адораных дзяцей, цудоўна спраўлялася з усімі тэстамі, брала ўдзел у розных конкурсах.
У адваротным выпадку, ёй трэба было б плаціць за навучанне 60 тысяч долараў у год. Вядома, гэта вялікая радасць для іх. Таму што ў Амерыцы ўсё навучанне платнае, акрамя школы. Хаця і апошнія ёсць платныя.
А 240 тысяч долараў – гэта, па сутнасці, як дом купіць у Амерыцы.
Так што Лёшы ёсць да чаго імкнуцца. А мы будзем сачыць за яго поспехамі і трымаць кулачкі.