Чытач “РГ” Пётр Рубан скардзіцца на нязручны расклад аўтобуса, які ходзіць з Валожына на Вайганы. У аўтапарка ёсць свой погляд на гэту праблему.

– Аўтобус прыязджае ў Валожын амаль перад самым абедам, – распавядае пра свае нязручнасці спадар Пётр. – Назад жа адпраўляецца ў 13.10. За гэтыя паўгадзіны немагчыма схадзіць ні ў бальніцу, ні на рынак, нікуды. А чакаць наступнага аўтобуса да 17.40 таксама не будзеш. Свая гаспадарка, ёсць скаціна.

Неаднаразова жыхары вёскі Слайкоўшчына дасылалі пісьмовыя звароты старшыні Валожынскага выканаўчага камітэта Уладзіміру Наумовічу, дырэктару Валожынскай аўтабазы №14 Аляксандру Ляушу.

Яны прасілі перанесці час адпраўлення аўтобуса з 13.10 на 15.30 ці 16.00.

Аднак адказ заўсёды быў адмоўны. Па розных прычынах. Калі перанесці рэйс, будуць незадаволеныя іншыя пасажыры. А рэйсам, які існуе, штодзень ездзіць 20-25 чалавек. Што маршрут працуе 20 гадоў і ён патрэбны.

– Знайшлі чым ганарыцца! – лічыць Пётр Іосіфавіч. – 20 гадоў існуе маршрут, увесь гэты час людзі і пакутуюць. Атрымліваецца, што ў нас не аўтобус для людзей, а людзі для аўтобуса. Шмат каго гэта не задавальняе, я ад усёй вёскі гавару. Проста людзі баяцца пісаць скаргі.

“Кожны эканоміць свае грошы”

Касір па прыёме выручкі Валожынскага аўтавакзала Святлана Побаль адзначыла, што звычайна на аўтобусе ў напрамку Вайганаў людзі ездзяць летам, калі пачынаецца дачны сезон, ці ў чацвер, калі ў горадзе базарны дзень.

– Ёсць ільготы – лю­дзі ездзяць. А першага кастрычніка яны знікнуць – людзей увогуле не будзе. Кожны эканоміць свае грошы. За 5 жніўня аўтобус зрабіў чатыры рэйсы. Выручкі ў вадзіцеля было 582 тысячы, 72 тысячы – у касе. Поўны білет каштуе 27 тысяч 500 рублёў. Таму можаце ў сярэднім падлічыць, колькі лю­дзей ехала ў аўтобусе за дзень. З Вайганаў нікога ўвогуле не было.

Правядуць апытанне людзей

Як патлумачыў начальнік аддзела перавозак і маркетынгу Валожынскага аўтапарка №14 Канстанцін Рэут, маршрут на Вайганы і так стратны. Пусціць дадатковы – дадатковыя грошы. Тым больш невядома, ці будзе ўвогуле хто ездзіць у 16 гадзін.

Каб разабрацца ў гэтай сітуацыі, Канстанцін Рэут прапанаваў апытаць людзей, якія ездзяць маршрутам на 13.10. Ці зручна ім і ці хацелі б яны, каб маршрут перанеслі. Гэтым аўтапарк будзе займацца цягам наступнага тыдня. У сваю чаргу, ён прапанаваў Пятру Іосіфавічу сабраць подпісы тых, каму нязручны гэты маршрут і неабходны перанос на іншы час альбо дадатковы рэйс.