Да каго звяртацца і каму скардзіцца, калі ў вашым двары дзіцячыя пляцоўкі відавочна небяспечныя для дзяцей.

Сёлета маладзечанка Алена амаль усё лета праводзіла з малым сынам не ў кватэры, а ў сваім доме. І жылі яны ў гэты час непадалёк ад гарадскога стадыёна. Там яна і запрыкмеціла злашчасную пляцоўку.

– Горка, якая мяне вельмі непакоіць, стаіць у двары ў мікрараёне Гелянова, – кажа маладая маці. – Высачэзная, здаравенная і крывая. Каб падсадзіць на яе сына, то я не дацягнуся. Да зямлі яна не дастае, і можна няслаба ўдарыцца. Там увогуле з усёй пляцоўкай праблемы.

Гаспадар тэрыторыі, якая прылягае да будынка, мусіць падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане гульнявыя і малыя архітэктурныя формы на ёй: рамантаваць, фарбаваць. Патрабаванне паводле Тэхнічнага кодэкса “Тэхнічная эксплуатацыя жылых і грамадскіх пабудоў. Парадак правядзення”.

Звяртайцеся ў домакіраўніцтва

Намеснік начальніка домакіраўніцтва №1 Андрэй Чаеўскі параіў Алене звяртацца да іх. У гэтым выпадку супрацоўнікі разам з ёй паглядзяць пляцоўку і вырашаць, трэба ці не трэба штосьці на ёй мяняць.

– Інакш мы паглядзім, пераробім, а пасля жыхары дамоў побач, якім падабалася ранейшая пляцоўка, застануцца незадаволенымі, – тлумачыць Андрэй Чаеўскі. – Ужо былі выпадкі, калі адны за тое, каб перараблялі, а іншыя – супраць.

Як зазначыў намеснік начальніка домакіраўніцтва, пляцоўкі аглядаюць амаль кожны тыдзень. За іх станам назіраюць дворнікі і майстры. Сёлета некаторыя з пляцовак рамантавалі.

Паводле Закона “Аб правах дзіцяці”, кожнае дзіця мае неад’емнае права на ахову і ўмацаванне здароўя.