Пасля пройгрышу ў мінулым туры мікашевіцкаму “Граніту”, 17 жніўня “Смаргонь” перамагла. Гульня з “Віцебскам” завяршылася з лікам 2:1.

На стадыёне ў Смаргоні назіралі за ёй 570 гледачоў.

Гаспадары забілі хуткі гол: на другой хвіліне вызначыўся Павел Баскакаў.

“Затым занадта нізка селі, ранавата сталі гуляць па ліку. У выніку чаго ў нас былі праблемы ў абароне”, – прызнаў галоўны трэнерСмаргоні” Павел Бацюта.

Але госці аднавілі раўнавагу толькі ў другім тайме, на 62-й хвіліне.

Аднак неўзабаве зноў Баскакаў вывеў сваю каманду наперад: на 78-й хвіліне ён забіў вырашальны гол.

– Была канкрэтная камандная гульня, – падзяліўся ўражаннямі ад матчу заўзятар “Смаргоні” Арцём Войтка. – Баскакаў, наогул, малайчына. Маленькі,  хуткі: абарона “Віцебска” проста адпачывала ад яго праходаў.

– Галоўны трэнер “Віцебска” Сяргей Вехцеў казаў, што ў іх было  мноства момантаў і трэба было вырашаць усе пытанні яшчэ ў першым тайме…

– У нас ёсць варатар Радзівон Жук, і гэтым усё сказана. Ён, лічу, лепшы ў чэмпіянаце. Калі б не траўмы, Радзік мог бы быць у нацыянальнай зборнай. Ён не аднойчы ратаваў каманду. Увогуле, гульня была роўнай. “Віцебск” мог забіць, але і мы не ўсе моманты рэалізавалі.

Гэтая перамога дазволіла “Смаргоні” ўзняцца на сёмае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе.