Кіроўца “Нісана” сутыкнуўся з манеўровым лакаматыўным саставам на пераездзе каля чыгуначнага вакзала. У аварыі людзі не пацярпелі.

Фотагалерэя месціцца справа зверху. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.

Здарэнне адбылося каля 18 гадзін у сераду, 20 жніўня.

57-гадовы кіроўца “Нісана” ехаў на забараняльны сігнал святлафора. З ім у машыне было двое пасажыраў, маладых людзей.

Карэспандэнты “РГ” паразмаўлялі з кіроўцам, калі ён разам з пасажырамі мяняў кола яшчэ на пуцях.

− Я ехаў, вакол машын не было, − тлумачыць ён. − Сонца мне проста ў твар свяціла і асляпіла. Хуткасць невялікая была, таму саставам развярнула проста. Дзякуй богу, усе жывыя. Машыне рамонт сур’ёзны трэба.

Нарадзіўся ў кашулі

Маладзечанка Наталля ў час аварыі апынулася побач. Ёй трэба было ў два месцы – забраць акуляры ў краме “Оптыка”, што ў Доме культуры чыгуначнікаў, і зазірнуць у абутковы шапік каля вакзала.

Пабачыўшы, што дарогу да білетных касаў загарадзіў таварняк, жанчына вырашыла спачатку разабрацца з акулярамі. Хвілін праз дзесяць яна вярталася, але цягнік як стаяў, так і стаіць. Людзі, ужо прынаравіўшыся, проста яго абыходзілі. Тады яна падышла бліжэй, каб паглядзець, што адбываецца.

– Там ужо быў цэлы натоўп, – кажа жанчына. – Усе прадаўцы з бліжэйшых шапікаў павыбягалі глядзець, што здарылася. Справа ў тым, што хвілін за дзесяць да здарэння яны ўсе чулі папераджальны сігнал набліжэння таварняка. А потым яго перарваў гук удару. Людзі толькі і казалі, што кіроўца нарадзіўся ў кашулі, бо ляцеў як шалёны. Як яго магло адкінуць па касой – невядома. Пашанцавала. Сам жа кіроўца, здавалася, спакойна хадзіў вакол машыны і аглядаў, як і што з ёй. Мабыць, быў у шоку. З-пад таварняка ў гэты час выцягвалі пярэдні бампер.

ДАІ: хуткасць “Нісана” не была вялікая

− ДТЗ на чыгунцы бываюць не часта, адзінкавыя выпадкі, − каментуе сітуацыю дзяржаўтаінспектар Маладзечанскай ДАІ Сяргей Бартош. − Кіроўцу, вядома, пашанцавала. Хуткасць была і ў саставу, і ў яго невялікая. Кіроўцам трэба быць надзвычай уважлівымі на чыгунцы. Усе мы памятаем трагічны выпадак на пераездзе ў Алёхнавічах, які адбыўся летась у лістападзе. Тады на месцы загінула трое маладых людзей.

Кіроўцу “Нісана” за парушэнне Правілаў дарожнага руху прадугледжанае пакаранне ад двух да чатырох базавых велічынь (ад 300 да 600 тысяч рублёў).