12 жніўня пайшла з жыцця віляйчанка Наталля Салава. Да свайго 30-годдзя яна не дажыла чатыры дні.

У Вілейцы Наталлю ведалі як таленавітую спявачку. Яна была салісткай узорнай эстраднай студыі “Экспромт”. У 2004 годзе на фестывалі “Адна зямля” Наталля заваявала Гран-пры.

Потым яна скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры.  Была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча,  ансамбля казацкай песні “Бацька Атаман” з Мінска. Станавілася лаўрэатам міжнародных конкурсаў.

У сацсетцы “Аднакласнікі” стварылі групу “Салава Наталля. Група памяці нашай зорачкі” і суправадзілі яе такім словамі:

“Ты прыйшла ў наш свет яркай зоркай і ёю і застанешся. Грэла нас сваім голасам, які мы захаваем у сваёй памяці. Твой бляск у блакітных вачах і прыгожая ўсмешка заўсёды будуць служыць нам прыкладам у цяжкія хвіліны. Любім, памятаем, смуткуем!”.