Ігар – цінэйджэр з БДЭУ, мінулай восенню ён уладкаваўся на працу ў МакДональдс. Гэта тыповая студэнцкая гісторыя пошуку падзаробкаў аднак мае пікантнасць – Ігар ужо працяглы час паўсюль размаўляе па-беларуску. 

Хлопец не адмовіўся ад свайго прынцыпу і на працы, дзе камунікуе з тысячамі людзей, якія праходзяць праз вядомы Макдак на Кастрычніцкай. Generation.by наведаў студэнта на яго працоўным месцы.

Фотагалерэя месціцца справа зверху. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.

Летнім ранкам а 7-й праспект Незалежнасці яшчэ зусім пусты. Горад снедае і рыхтуецца да новага дня. Некалькі постацей ужо чакаюць свой чызбургер на вядомым скрыжаванні, што непадалёк ад станцыі метро Кастрычніцкая. Дарэчы, з ранку тут даволі міла і чэргі не выклікаюць жадання збегчы. Да таго ж з-за касы часам можна пачуць гучнае і прыгожае: “Добры дзень! Чаго жадаеце? Вашая рэшта. Заходзьце яшчэ!”

Ігар распавядае, што ўсе яго калегі ў рэстарацыі добразычліва ставяцца да беларускамоўнасці, хаця і не ўсе яе добра разумеюць. Напрыклад, наша спроба зрабіць замову натыкаецца на вінаватае: “Ой, што-што, марозіва? Я просто русский…”

“Той хлопец і праўда не разумее беларускую і я з ім па-руску размаўляю, ён узбек увогуле!, − тлумачыць Ігар.

“Дзякуй”

“У цэнтры ўладкавання ніякіх дадатковых пытанняў мая беларускамоўнасць не выклікала, асноўная рэакцыя была “ОК, ОК, будзем працаваць”. Ужо непасрэдна на сумоўі толькі перапыталі, як я рэагую на тое, што ўсе вакол па-руску, і ці можа быў ціск на мяне з-за мовы які-небудзь”.

У калектыве ж цалкам пазітыўна ставяцца да выбару Ігара, усім падабаецца. 

“Бэйдж хіба давялося друкаваць уласнаручна, бо менеджар не ведала, як беларускую раскладку клавіятуры паставіць”, − з усмешкай прыгадвае хлопец. 

Ігар выдзяляе сярод спажыўцоў фастфуду некалькі катэгорый паводле іх стаўлення да беларускай мовы.

“Па-першае, тыя, каму абыякава. Па-беларуску? Добра, пайду паем”.

Далей, ёсць людзі, якія станоўча ставяцца. Некаторыя спачатку па-руску замаўляюць, а калі чуюць беларускую мову, трошку сумняюцца, але пераконваюцца, што гэта сапраўды так і тады ў канцы гавораць сціплае “дзякуй”! 

Ёсць людзі, якія адмыслова дзякуюць за мову. Літаральна вось учора адзін хлопец сказаў Ігару: “Дзякуй за мову, пацан!”

“І ёсць такая зусім маленечкая катэгорыя, літаральна некалькі разоў сустракаліся, што проста ў штыкі ўспрымаюць: “Со мной по-о-ру-у-сски”. Я кажу: “ОК”, але калі працягваюцца наезды, то прынцыпова размаўляю па-беларуску”.

“Была таксама цікавая гісторыя падчас ЧСХ. Я адзін з нямногіх, хто мог абслугоўваць па-ангельску. Прымаў замову замежніка, а ён, відаць, перад гэтым чуў, што я па-беларуску размаўляю, і напрыканцы сказаў мне беларускае “Дзякуй!” Ад сваіх не заўжды пачуеш, а тут замежнік!”

Google Translate і Рок-Маладзечна

Васямнадцацігадовы Ігар Ліштван жыве ў Маладзечна, таму праводзіць штодня каля чатырох гадзінаў у цягніку па дарозе да працы. Будучы адмысловец па менеджменце і кіраванні на прамысловасці добра памятае дзень, калі вырашыў паўсюль размаўляць па-беларуску.

“Усё пачалося даўно-даўно. У 8-й класе ў мяне змянілася настаўніца па беларускай мове. Да яе нельга было прыйсці непадрыхтаваным. Тым болей, калі ты яшчэ такі зацюканы школьнік і асцерагаешся настаўнікаў. Хоць дагэтуль я абыякава ставіўся да мовы − што ёсць, што няма − мне не было розніцы. А тут, хочаш − не хочаш, пачаў яе вучыць. Паралельна ішла гісторыя. Быў сябар, які таксама пачаў вучыць мову. З цягам часу нас гэта захапіла. 

Знайшоў такі сродак, як вывучыць асноўны мінімум беларускі: заходзіў у “Кантакт”, адкрываеш дыялог, другая ўкладка Google Translate, і панеслася.

Пазней мы неяк дамовіліся, каб па-беларуску размаўляць паўсюль. Але праз нейкі час зламаўся мой сябар, а недзе праз месяц і я. Асноўны фактар, чаму зламаўся − гэта таму, што вакол адна руская мова. Ну і спачатку самому цяжка было размаўляць”. 

Наступнай прыступкай да беларускай мовы стаў фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна. Рок”, на які Ігар патрапіў выпадкова. Пасля канцэрту, дзе гучалі “Drum Ecstasy”, “ZM-99”, “J:Морс”, “Стары Ольса” і “У нескладовае”, − Ігар уразіўся беларускай музыкай.

“На другі дзень пасля канцэрту паехалі ў вёску. Трэба было касіць. Я на адным канцы поля, брат на другім, у абодвух навушнікі на вушах ды слухаем беларускую музыку адную і тую ж. Атмасферненька так было”.

“Далей я пазнаёміўся з дзяўчынай з іншага гораду, і з ёй мы толькі па-беларуску размаўлялі. І такі настрой уздымаўся добры, пасля размоваў на беларускай мове. Што пасля, калі прыходзіў, да прыкладу, у краму, і мусіў сказаць: − “А дайте пожалуйста это и это”, − неяк брыдка рабілася. 

Ну і вось, у канцы чэрвеня 2012 году, сядзеў сабе, настрой сумны і падумаў: − “Усё, заўтра пачынаю!” І вось як пачаў, так і дагэтуль размаўляю”. 

Ва ўніверсітэце ўсе іспыты, кантрольныя і залікі Ігар здае па-беларуску. Некаторым выкладчыкам гэта даспадобы − можна нават лішні бал атрымаць, але ёсць і тыя, што чапляюцца, дакалупваюцца больш з-за мовы. Аднагрупнікі ставяцца пазітыўна альбо нейтральна. 

“Бацькі спачатку сказалі: “Размаўляй з намі па-руску”, ОК, я размаўляў. Але неяк яны пачулі, што я гаварыў з сваім дэканам па-беларуску: “Ого! А што ты ўвогуле з усімі па-беларуску размаўляеш?”. Кажу: “Мам, я ўжо год размаўляю з усімі-усімі па-беларуску, акрамя вас”. Матуля здзівілася вельмі і сказала з усмешкай: “Ладна, можаш і з намі таксама”. Цяпер бацькі вельмі цёпла ставіцца да маёй беларускамоўнасці і любяць пытаць некаторыя словы, асабліва цешацца ад слова “лецішча”.

Юля САКАЛОЎСКАЯ, generation.by.