Меркаванні выказваюць неабыякавы чытач “РГ” Леў Чырвонцаў і беларускі скульптар Уладзімір Церабун. Далучыйцеся і вы!

Куды лепш пусціць грошы: у развіццё культуры ці развіццё медыцыны? А можа, у адукацыю ці будаўніцтва дарог? Сёння над гэтымі пытаннямі разважаюць людзі, прозвішчы якіх неаднаразова з’яўляліся ў «РГ».

Піша Леў Чырвонцаў

Неаднаразова “Рэгіянальная газета” пісала пра будаўніцтва мемарыяльнага комплексу ў Смаргоні, прысвечанага падзеям Першай сусветнай вайны.

Гэта падзея заслугоўвае таго, каб спакойна і ўдумліва паразважаць, што і чаму адбылося сто гадоў таму, і якія высновы трэба зрабіць цяпер.

На першы погляд праекціроўшчыкі і тыя, хто прымаў рашэнне аб будаўніцтве, хварэюць застарэлай расійскай хваробай – гігантаманіяй.

Для Беларусі з такім размахам гэта рабіць не трэба. Нічога гераічнага, на мой погляд, для Беларусі і для Расійскай імперыі, акрамя смерці мільёнаў людзей, няма. У тым ліку беларусаў, забітых, вывезеных з роднай зямлі. Гэтая вайна толькі наблізіла Кастрычніцкі пераварот у Расіі.

Не прамінулі на мемарыяле “подчеркнуть единство” дзяржавы і царквы. На высокім пастаменце вялізны анёл уручае меч ваяру, якога нехта назваў “крылатым геніем воінскай славы”. Выходзіць, і з анёлаў бываюць геніі.

Значыць, Бог бласлаўляе забойства людзей? Першай жа Расія ўварвалася на тэрыторыю Усходняй Прусіі. Не ўручаць, а ламаць мячы павінен бы заклікаць Бог. І заклікаць да міру, а не да вайны, у якой загінула больш за 20 мільёнаў чалавек.

Падчас Нарачанскай аперацыі царскія войскі панеслі велізарныя страты. Толькі другая армія страціла 78,5 тысячы чалавек, сярод іх 12 тысяч абмарожаных і замерзлых, пяць тысяч трупаў было знята з германскіх драцяных загародаў…

Прайшло сто гадоў, а выходзіць, нічому не навучыліся.

Не грэх бы апублікаваць, колькі мільярдаў рублёў ужо затрачана на гэты мемарыял і колькі яшчэ хочуць затраціць. А тым часам, каб вельмі хворым людзям патрапіць у бальніцу, трэба запісвацца і чакаць. Усюды чарга. Відаць, хутка ўвядуць плату за наведванне паліклінікі, каб зрабіць мармуровыя дарожкі да новага гераічнага мемарыяла або да лініі Сталіна.

У Вілейскім раёне многа пахаванняў удзельнікаў Першай сусветнай вайны. Дзякуючы такім рупліўцам, як Анатоль Рогач, Сымон Барыс, Барыс Цітовіч, Віталь Кастэнка, і многім іншым, улюбёным у сваю зямлю, шмат пахаванняў прыведзена ў парадак. Проста, сціпла, з любоўю да сваёй зямлі і спачуваннем загінулым.

На гэтых пахаваннях міжволі задумваешся, ці правільна пражыў жыццё, што трэба рабіць, каб такая навала не паўтарылася. І ніякага гераізму, ніякіх мячоў і ніякіх “геніяў воінскай славы”.

Адказвае Уладзімір Церабун

Аднойчы я натрапіў на перадачу па тэлебачанні. Расказвалі пра спектакль Чэхава “Чайка”. Трупа з Санкт-Пецярбурга была з ім у Японіі, непадалёк ад Токіа. Пастаноўку паказвалі моладзі адной з навучальных установаў Японіі.

І акцёр расійскай трупы Алег Басілашвілі запытаўся ў дырэктара навучальнай установы:

– Навошта вы выдаткавалі такія грошы, каб прыехаў наш спектакль?

– Калі праз 20 год хоць адзін з навучэнцаў успомніць пра гэты спектакль, Японія стане толькі багацейшай.

Колькі грошай пайшло на мемарыяльны комплекс? Я магу сказаць. Ужо шэсць мільярдаў. Чатыры даў райвыканкам, яшчэ два – аблвыканкам. Крыху больш за пяць мільярдаў трэба на тое, каб заплаціць будаўнікам за ўжо зробленую імі працу. А на тое, каб закончыць цалкам першую частку мемарыяла – чарговыя шэсць. Агулам трэба дзесьці 18 мільярдаў. Гэта прыкладна паўтара мільёна долараў.

Але што гэта за грошы, калі гаворка ідзе пра Першую сусветную вайну? Асабліва цяпер. Калі мы бачым, што адбываецца ў Іране, Іраку, Сірыі, Украіне. Гэта мізэрныя грошы, калі зірнуць на значнасць таго, што мы будуем.

Чаму людзі заўсёды падлічваюць гэтыя грошы? Колькі іх чалавеку ні дай – будзе мала. Так ёсць і было заўсёды.

Няўжо ахвяры вайны недастойныя таго, каб пра іх памяталі? Няўжо недастойныя такога мемарыяла?

Бачыць будучыню без памяці аб мінулым, забыцца на нашу гісторыю – вялікі грэх.

Цяпер мы займаемся першай часткай мемарыяльнага комплексу. Другая частка будзе месціцца ў вёсцы Хадакі. У яе аснове – скульптурная кампазіцыя “Пракляцце вайне”. Салдат, утыркнуўшы вінтоўку ў зямлю, крычыць у нябёсы і шле праклён вайне. На брустверы – назвы 38 краін, яе удзельніц. Перад скульптурай на зямлі – карта свету. А на пастаменце – надпіс: “Будзь праклятая ты, вайна”. А побач з гэтай кампазіцыяй сямнаццаць жывых дотаў, сведкаў той вайны.

Анатоль Рогач, Сымон Барыс, Барыс Цітовіч, Віталь Кастэнка, згаданыя вышэй, сапраўды займаліся і займаюцца вартымі справамі.

Цяпер я таксама хачу сабраць групу зацікаўленых людзей, разам з якімі мы б маглі заняцца добраўпарадкаваннем дотаў, якія засталіся пасля Першай сусветнай. Каб маглі збіраць матэрыялы для будучага музея. Да прыкладу, нядаўна адкрыўся музей Першай сусветнай пад Санкт-Пецярбургам у Царскім Сяле. Там ужо звыш пяці тысяч экспанатаў, якія дасылалі самі расіяне.

Чаму нам не пачаць збіраць дакументальныя звесткі пра вайну? Чаму нам цяпер не падлічыць, колькі мы маем сапраўдных дотаў? Чаму не нанесці іх на карту, каб можна было вазіць туды людзей? Чаму не ўзяць трох-чатырох экскурсаводаў, якія б паказвалі людзям мемарыял, вазілі да дотаў, расказвалі пра падзеі вайны. Трэба зарабляць культурай грошы. Вядома, мы не пакрыем усе затраты грашыма, але пакрыем духоўна.

Сёння, у будны дзень, я быў там, і літаральна за паўгадзіны да мемарыяла прыйшоў 21 чалавек. Я пацікавіўся, двое з іх былі з Літвы. І гэта моладзь! Няўжо гэта не дасягненне?

Вы лічыце мемарыял гігантаманіяй?

Як сказаў некалі вядомы кінематаграфіст Аляксандр Сакураў, “зжыць смяротнае забойства ўнутры чалавека наўрад ці калі-небудзь удасца. Але імкнуцца да надання высакароднасці душы – галоўная задача мастацтва”.

Я 40 гадоў у творчасці і нясу адказнасць за тое, што раблю. Тут няма гігантаманіі. Гэта вельмі сціплы, але знакавы і велічны комплекс. І ён дасягае сваёй манументальнасці не з-за вялікіх памераў скульптур, а за кошт добраўпарадкавання і архітэктурна-планіровачнага рашэння.

Аднак тое, што мы робім, вельмі значна для будучых пакаленняў.

Як сказаў аднойчы старажытнагрэчаскі пісьменнік Лонг, “таму, хто адважваецца ставіць помнікі на зямлі, прасякнутай крывёю, павінна быць уласцівае высокае пачуццё адказнасці”.

І я пра гэта заўсёды памятаю.

А як мяркуеце вы?

Даслаць свой ліст вы можаце на адрас: г. Маладзечна,  Вялікі Гасцінец, 68-а. Альбо на электронную пошту:

 regionnews@rh.by. Ці проста падзяліцца сваім меркаваннем ў каментарах.