Увільгатняльнікі і мыйкі для паветра – гэта чарговы модны прыбор, без якога можна абысціся, альбо сапраўды карысная рэч?

Мыйку для паветра мы купілі зімой, калі ўключылі ацяпленне і батарэі былі такія, што не дакрануцца, – кажа малады тата з Івянца Яўген Варакса. – Паветра праз гэта вельмі сухое. Якраз тады нарадзілася дачка, у яе ноччу закладвала носік. Таму пытанне, ці варта набываць мыйку, у нас не стаяла.

Канструкцыя ў большасці мыек і ўвільгатняльнікаў для паветра вельмі простая. Прыбор ўцягвае паветра, прапускае праз вадзяныя фільтры, а пасля выпускае яго ўжо насычаным парамі вады. Увесь пыл, а таксама пылок з раслінаў, небяспечныя для алергікаў, застаюцца ўнутры прыбора.

Камфортная для чалавека вільготнасць паветра – 60%. Узімку пры ўключаных батарэях паказчык можа апускацца да 10%.

Мыйкі цягам дня могуць распыляць у паветра каля 10 літраў вады.

– Спецыяльных замераў мы не рабілі, – працягвае Яўген. – Але па адчуваннях дыхаецца ў пакоі з мыйкай сапраўды лягчэй. А ў дачкі перастала закладваць носік – гэта самы лепшы паказчык.

Ступень увільгатнення можна выбіраць у адпаведнасці з патрабаваннямі канкрэтнай сям’і.

– Галоўнае − не перагінаць палку і карыстацца прыборам  у меру, – кажа дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. – Калі паветра будзе надта вільготным, у пакоі пачнуць расці цвіль і грыбкі.

Калі вы наліваеце ў мыйку чыстую ваду без усялякіх прымешак, прыбор распыліць яе па кватэры і нічым не нашкодзіць.

Варта быць пільнымі, набываючы мыйку з функцыяй іанізацыі паветра.

– Іоны – гэта актыўныя часціцы, якія ўступаюць у рэакцыі з мікраарганізмамі ў паветры, – тлумачыць эколаг. – У выніку іоны забіваюць не толькі шкодныя мікраарганізмы, але і карысныя.