Робячы штодзённыя пакупкі, мы часцей выбіраем прадукт, а яго ўпакоўка сыходзіць на іншы план. Але эколагі звяртаюць увагу на тое, што ўпакоўка можа ўплываць  на  карысныя ўласцівасці прадуктаў.

Разам з супрацоўнікам па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск) Дар’яй Чумаковай карэспандэнт “РГ” зазірнула на прылаўкі беларускіх магазінаў.

Папера і шкло – на першым месцы

Упакоўкі, якім эколагі адназначна аддаюць першае месца, – шкляныя і папяровыя. У шкляных прадукт будзе захоўвацца доўга, бо шкло не прапускае вільгаць і кісларод, а ежа і напоі захоўваюць свой пах і смак.

Па магчымасці выбірайце папяровую ўпакоўку.

Па магчымасці выбірайце папяровую ўпакоўку.

Да таго ж, старую шкляную ўпакоўку можна пераплавіць у новую. Гэта эканоміць энергію і прыродныя рэсурсы.

Тое ж тычыцца папяровай упакоўкі: калі яна не надта брудная, яе адпраўляюць на перапрацоўку. Дадатковы плюс – папера дазваляе прадукту “дыхаць”, што карысна для пэўных тавараў.

 Каля паловы адходаў на звалках–упакоўкі.

Металічная ўпакоўка – не заўсёды добра

У метал часцей за ўсё ўпакоўваюць кансервы – рыбу, мяса, кукурузу, гарошак. У краме варта звяртаць увагу на тое, каб бляшанка была без увагнутасцяў і сколаў, а таксама на тэрмін прыдатнасці. Пашкоджаная тара ці доўгае захоўванне ў ёй – верагоднасць, што ў ежу патрапяць таксічныя элементы.

Пасля таго як вы адкрылі кансервы, прадукт трэба перакласці ў керамічны ці шкляны посуд. Гэта дапаможа пазбегнуць утварэння таксічных элементаў пад уздзеяннем кіслароду.

Што тычыцца алюмініевай тары, у якой прадаецца піва і безалкагольныя напоі, то ад іх эколагі раяць адмовіцца. Па-першае, напой пры піцці трапляе на паверхню бляшанкі, якая дагэтуль збірала на сабе бактэрыі і на складах, і ў краме. Таму разам з напоем у арганізм трапляюць шкодныя мікраарганізмы, што могуць выклікаць розныя хваробы.

Па-другое, у Беларусі няшмат заводаў, якія могуць перапрацоўваць алюмініевую тару. На перапрацоўку алюмінію ідзе значна болей вады і энергіі, чым на такую ж самую працэдуру са шклом.

Што трэба ведаць пра пластык

Менавіта ў пластык сучасныя вытворцы найчасцей запакоўваюць свой тавар. Аднак ён бывае розных відаў і можа па-рознаму ўздзейнічаць і на чалавека, і на навакольнае асяроддзе. Яго якасці перадае маркіроўка ў выглядзе сімвала, які называецца рэцыклінг. Ён паказвае, што матэрыял прыгодны для перапрацоўкі.

Калі ў цэнтры значка стаяць лічбы 2, 4, 5 ці 7, такі пластык з’яўляецца найбольш бяспечным. Тару з лічбамі 1 і 6 можна выкарыстоўваць толькі адзін раз, з лічбай 3 – не выкарыстоўваць увогуле.

 Эколагі раяць адмовіцца ад выкарыстання любога пластыкавага посуду, калі гаворка пра дзяцей.

 Захоўваць дзіцячыя сокі і пюрэ лепей у шкляных бутэльках і слоіках.

Пакеты для малака робяцца з пластыку №7. Ён лічыцца самым экалагічным, паколькі раскладаецца цягам двух гадоў (звычайны пластык – цягам ста). У ім бяспечна захоўваць прадукты харчавання.

Тэрмін прыдатнасці малака залежыць не ад віду ўпакоўкі, а ад спосабу яго апрацоўкі. Стоячы перад прылаўкам з бутэлькамі, пластыкавымі і кардоннымі пакетамі з малаком трэба памятаць, што на якасць прадукту не ўплывае ніводная з трох відаў упакоўкі. Але ж эколагі раяць набываць тыя, якія пасля можна перапрацаваць, – шкляныя і кардонныя.

– Цяпер упакоўка складае каля 50% усіх адходаў, якія трапляюць на сметніцу, – заўважае Дар’я Чумакова. – Не трэба недаацэньваць яе значэнне: менавіта ўпакоўка дазваляе тавару даехаць да нас у непашкоджаным выглядзе. Але, выбіраючы прадукты, варта выбіраць і ўпакоўку, каб не абвастраць праблему звалак.

Парады па выбары ўпакоўкі:

1. Па магчымасці выбірайце тавар з найменшай колькасцю ўпакоўкі.

2. Завядзіце палатняныя торбы для паходу па магазінах. Калі пластыкавыя для вас больш зручныя – не набывайце новую кожны раз, а выкарыстоўвайце адну шматкроць.

3. Аддавайце перавагу матэрыялам, якія лёгка перапрацоўваюцца, – шклу і паперы.

4. Калі вы носіце з сабой пітную ваду, не купляйце новую што­дзень, а завядзіце бутэлечку з металу або бяспечнага пластыку. У яе налівайце фільтраваную ці кіпячоную ваду.

5. Пры выбары ўпакоўкі з пластыку лепей выбіраць найменш таксічныя яго віды: 2, 4, 5, 7.

6. Калі пластыкавая ўпакоўка маркіраваная лічбамі 1 ці 6, памятайце – яна толькі для аднаразовага выкарыстання.

7. Па магчымасці набывайце прадукты ў тары вялікага аб’ёму. Так вы і зэканоміце грошы, і прынесяце дамоў менш упакоўкі.

8. Калі ёсць магчымасць, выкідайце пластыкавую ўпакоўку ў спе­цыяльную сметніцу для пластыку.

9. Для шматразовага выкарыстання і захоў­вання прадуктаў выбірайце шкляны, керамічны посуд альбо посуд з нержавеючай сталі, альбо вошчаную паперу.

10. Калі на пластыкавых кантэйнерах з’явіліся драпіны альбо іх паверхня памутнела – тару лепей выкінуць. Яна становіцца небяспечнай, бо існуе вялікая рызыка таго, што таксіны трапяць з пластыку ў ежу.

11. У мікрахвалевую печ стаўце ежу ў шкляным ці керамічным посудзе. Пры награванні пластыку, асабліва ра­зам з тлустай ежай, небяспечныя рэчывы хутка пяройдуць у ежу.