Такім чынам можна даць другое жыццё вёсцы. Гэтую выснову зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі на Валожыншчыну ў пятніцу, 22 жніўня.

Ён наведаў валожынскія аграсядзібы, каб пазнаёміцца са станам беларускага аграэкатурызму і падштурхнуць яго развіццё.

− Ёсць у нас вельмі многа вёсак. Раней іх называлі неперспектыўнымі. А яшчэ хутары, − адзначыў Прэзідэнт. − Чаму б чалавеку, які там вырас, ці проста бізнесмену, ці любому ахвотнаму не пабудаваць там аграсядзібу? Рэанімаваў бы вёску.

Мясцовым жыхарам ён прапануе прыглядаць за сядзібамі. А ўласнікі неўзабаве маглі б арганізаваць фермерскую гаспадарку:

− Дапусцім, разводзілі поні, а магчыма, і дзясятак кароў бы трымалі. Гэта яшчэ прыйдзе. Я хачу гэтым рэанімаваць нашы вёсачкі. А то аграгарадкі мы пабудавалі, добра, але гэта, лічы, будучы горад, а вось вёскі, хутары трэба падняць, наколькі гэта магчыма.

Аляксандр Лукашэнка бачыць для Беларусі як транзітнай краіны патэнцыял у развіцці прыдарожнага сэрвісу. Такім чынам можна падтрымаць невялікія населеныя пункты.

Прэзідэнт падкрэсліў, што чым больш людзей, якія ствараюць уласнасць сваімі рукамі, тым мацней незалежнасць краіны.

Гаспадары сядзіб падзякавалі за спрыяльныя ўмовы. У адказ атрымалі падзяку за тое, што ратуюць Беларусь.

За апошнія шэсць год у Беларусі стала ў дзесяць разоў больш аграсядзібаў (са 188 да 1881).

Дзейнасць у сферы аграэкатурызму не лічыцца прадпрымальніцкай. Яе суб’екты пазбаўленыя падатку і плацяць толькі раз на год базавую велічыню. Для рэалізацыі праектаў прадугледжанае льготнае крэдытаванне.

Паводле афіцыйнага інтэрнэт-партала Прэзідэнта Беларусі.