Ад новага навучальнага года ў школьных буфетах Беларусі ўводзяцца дадатковыя абмежаванні на гандаль фастфудам: прадаваць піцу, смажанкі і сасіскі ў тэсце дазволена не больш як два разы на тыдзень.

пра гэта паведаміла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава 25 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, асартыментны пералік школьных буфетаў быў уведзены ў Беларусі ў 2004 годзе, бо тады “буфеты ператварыліся ў сметнік, дзе рэалізоўваліся любімыя дзецьмі некарысныя прадукты”.

З тых пор пералік прадуктаў пастаянна пераглядаецца, бо прадпрыемствы гандлю карыстаюцца сітуацыяй і, напрыклад, “пры забароне прадаваць каляровыя газаваныя напоі прадавалі неафарбаваныя салодкія газаваныя напоі, якія зараз таксама забароненыя”.

Цяпер у буфетах можна будзе прадаваць толькі напоі, прыгатаваныя ў сталовай. 

Школьныя сталовыя абавяжуць ствараць умовы для падагрэву ежы. У якасці агульнаўмацавальнага прадукту ў асартымент буфетаў уведзены гематаген, але не часцей як два разы на тыдзень. 

“Калі школьнікаў не абмяжоўваць, яны купляюць па пяць-шэсць смажанак, − сказала загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў. − Мы вымушаныя выкарыстаць забаронныя меры, бо ў Беларусі павялічваецца колькасць дзяцей з залішняй масай цела. Наступствы лішняй вагі ў дзяцей − дыябет другога тыпу, а таксама артэрыяльная гіпертэнзія”. 

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у апошнія 10 гадоў колькасць падлеткаў з залішняй вагой павялічылася ў два разы, а хворых на цукровы дыябет − у паўтара. Медыкі звязваюць гэта з не збалансаваным па якасці і каларыйнасці харчаваннем. 

Для захавання здароўя дзяцей, паводле слоў Малахавай, важная правільная арганізацыя дамашняга і школьнага харчавання. Спецыяліст падкрэсліла, што “бацькі маюць права цікавіцца, чым і як кормяць іх дзяцей”, і ўнутраны кантроль вельмі важны, бо, згодна з заканадаўствам, планавыя праверкі праходзяць у сталовых не часцей як раз на год.

БелаПАН.