У гаспадарцы жыхара вёскі Доры Ігара Саковіча непатрэбных рэчаў няма. Пра гэта сведчыць і гармата, якая сустракае гасцей на даху склепа ля ўвахода ў двор.

– Гэта штука будзе надзейней за  сабаку, – жартуюць жыхары лецішча.

– А гаспадара дома няма, – папярэджвае цешча спадара Ігара Галіна Кенць, – але я і сама магу распавесці пра ўсе захапленні зяця. Насамрэч, гэта не зусім гармата. Проста мы яе так называем. Колы да яе Ігар прымацаваў ад воза. А само жаляззё знайшоў на гарышчы.

Дом, у якім летам праводзяць час гаспадары, належаў бацькам цешчы Ігара.

– Калі пачалі рабіць рамонт, – працягвае спадарыня Галіна, – зяць катэгарычна забараніў выкідаць старыя рэчы. На гарышчы знайшлі і кросны, і нейкія начоўкі. У гаспадарцы спатрэбіцца ўсё, кажа зяць. У сені ўжо паставілі старую сячкарню. Раней ёй рэзалі сена, салому, каб карміць свойскую скаціну. Цяпер яна – элемент інтэр’ера, як кажуць мае маладыя.

Дапамагае Ігару даваць новае жыццё старым рэчам і сын Ілля:

– Мы з татам шмат чаго майструем разам. Ён будаўнік, таму можа многае зрабіць сваімі рукамі. Напрыклад, ён з маёй дапамогай зрабіў паліцу для маёй калекцыі гадзіннікаў. Я вырашыў збіраць гадзіннікі, таму што яны не проста прыгожыя, але і карысныя. Калі трэба і час пакажуць, і надвор’е. А што толку з машынак? Толькі месца займаюць.

Акрамя гадзіннікаў, Ілля ўсур’ёз займаецца шахматамі. Мае другі юнацкі разрад.

І марыць хлопчык аб тым, што аднойчы зможа зрабіць свае шахматы. Унікальныя і непаўторныя.

Некалькі фота з Дораў.