Іх машыны пашкодзілі хуліганы ноччу 26 жніўня.

Хулігана называлі “Паша”

Юлія Фалей, уласніца адной з пашкоджаных машын, адзначае, што яна з мужам бачыла “скакуна”.

­­– Муж выйшаў на балкон, калі адзін з хуліганаў крыкнуў “Паша”. Сігналізацыі ў машынах ужо раўлі. А малойчыкі пабеглі далей. Адразу пасля гэтага выйшлі на вуліцу. Ніводзін ліхтар у двары на Вялікім Гасцінцы не гарэў. Таму свяцілі ліхтарыкам на капот. На першы погляд здалося, што ўсё нармальна. Падумалі, мабыць, хлопцы па дарозе дамоў весяліліся.

А раніцай муж убачыў на суседняй белай машыне сляды ад ног. Напэўна, скакалі спачатку па ёй, потым пераскочылі на нашу. Побач стаяў мінівэн. З яго, відаць, сарваліся, калі пераскоквалі, – дзверы былі ў  гразі.

У сваім двары па Вялікім Гасцінцы жанчына налічыла дзесяць пашкоджаных машын. Яна радуецца таму, што па іх машыне толькі паскакалі, а не разбілі.

Убачылі ўмяціну праз два дні

Уласніца “Сітраэна-Эвазіёна” 1996 года выпуску Дар’я Гудзько заўважыла ўмяціну на даху праз два дні, калі хацела машыну памыць. Убачыла не адразу, таму што яна высокая. Стаяла каля ўнівермага “Рублёўскі”, першая ад ларкоў.

Як гаворыць уласніца, у іх двары пашкодзілі тры машыны. Ноччу незвычайных гукаў не чулі. Жывуць на дзевятым паверсе, а вокны не выходзяць на праспект.

Дар’я Гудзько адзначае, што міліцыя адрэагавала аператыўна. За тры гадзіны аформілі ўсе дакументы. Рамонт ацанілі ў чатыры мільёны рублёў.

– Гэтага хопіць, каб адрамантаваць дах у машыне па страхоўцы, – адзначае Дар’я Гудзько.

Няма страхоўкі – буду рамантаваць за ўласныя сродкі

Яўген Згірскі, уласнік аўтамабіля “Фольксваген-Гольф” 1990-га года выпуску, гаворыць:

– 26 жніўня каля 2-3 гадзін ночы на ім спрацавала сігналізацыя. Зірнуў у акно – нікога няма. Праз 20 секунд яна выключылася – значыць машыну не ўскрылі.

На наступны дзень ён нікуды не ездзіў, таму пашкоджанне заўважыў праз два дні. На аўто былі драпіны, умяціна на капоце, памяты дах.

Машына стаяла паміж школай №11 і домам №17 па вуліцы  Скарыны.

Страхоўкі няма. Шкоду ацанілі прыблізна ў тры мільёны рублёў. Гаспадару давядзецца рамантаваць “Фольксваген-Гольф” за свае грошы.