Першакласніца Юля Канапелька расказвае, чаму ў трэцім класе будзе гора. А старшакласнік Улад Воўк – дзеля чаго ён ходзіць у школу.
У гімназіі №3 прагучаў 65-ы першы званок (ФОТА)
Юля Канапелька будзе вучыцца ў першым “А” класе гімназіі №6 у Маладзечне.
У адзін клас з ёй пойдзе сяброўка з дзіцячага садка Праскоўя, ці, як яе завуць дзеці, Паша. Хлопчык Глеб, з якім яна сябруе, пойдзе ў гэтую ж школу, толькі ў “Б” клас.
– Я ўжо была ў школе на бацькоўскім сходзе. Мне там спадабалася: там былі парты, крэслы, месца многа, усё там прыгожае, – як у дарослых. Але я буду сумаваць па садку, асабліва па гульнях там.
Настаўніца “прыкольненькая такая, з жоўтымі валасамі”
На сходзе дзяўчынка пазнаёмілася са сваёй першай настаўніцай. Пакуль яшчэ не запомніла, як яе завуць. Мама падказала, што ў настаўніцы такое ж імя, як і ў яе – Юлія, а прозвішча Чаркас. Дзяўчына з усмешкай здзіўляецца і крышачку не верыць: “А ты не падманваеш?”
Пакуль пра настаўніцу першакласніца можа сказаць, што яна “прыкольненькая такая, з жоўтымі валасамі”. Але верыць у тое, што тая будзе добрая, дапаможа ўсё зразумець.
Да школы Юлі набылі амаль усё неабходнае. Па яе пераліку можна правяраць спіс патрэбных рэчаў першакласніка:
– Мне купілі заплечнік, расфарбоўку, ручку, тачылку, маркер… Чорненькую форму: спадніцу, сарафан, сукенку. Засталося набыць спартыўны абутак – красоўкі.
Асабліва першакласніца ганарыцца ружовым маркерам. Як сама яна падкрэслівае, “ружовенькі-ружовенькі”.
“Ведаю – будзе гора”
Дзяўчынка хвалюецца перад першым верасня. А найбольш за тое, што нельга будзе браць з сабой цацкі. Калі мы сказалі, што іх браць можна, то школа не здалася такой страшнай.
Юля ўжо ведае літары, умее іх пісаць, але ў яе не атрымліваецца пісаць словы. Таксама можа лічыць да 100. “А гэта значна цяжэй, чым да 20!” – прызнаецца яна.
У школе дзяўчынка хоча навучыцца пісаць словы, даведацца, як складваць лічбы, напрыклад, 2+2.
– Астатняе там усё будзе складана, але настаўніца мне дапаможа. У першым класе з сабой усё-такі можна будзе браць цацкі. А ў другім яшчэ больш складана. Трэці клас я нават і не ўяўляю, але ведаю – будзе гора. З цацкамі давядзецца развітацца.
Юля вельмі любіць гуляць у “Сяброў анёлаў”: сяброўка Даша нібы Раф з мультфільма, а Юля – Салодкая. У школе яна будзе займацца і танцамі, і кунфу.
Яна хоча атрымліваць толькі добрыя адзнакі. Інакш мама будзе на яе сварыцца. Але дапаможа выправіць іх.
У будучым хоча працаваць на рынку, але пакуль не вызначылася з тым, што хоча прадаваць. Магчыма, гэта будуць цацкі, а магчыма, і кавуны.
– На рынку можна прадаваць усё і атрымліваць за гэта многа грошай, каб купляць агуркі, памідоры, капусту.
Фота Настассі Роўды.
Не ведаю, куды паступаць
Улад Воўк сёлета скончыць 11 “А” ваенна-патрыятычны клас СШ №14. Хлопец прызнаецца, што яму не вельмі хочацца ў школу. Больш жадання ўбачыць сяброў, па якіх засумаваў за лета.
– Можа, і будзе цікава вучыцца, але толькі месяц. Потым гэта ўвойдзе ў норму, і цікавасць знікне, – адзначае малады чалавек.
Сёлета многія яго сябры-выпускнікі не паступілі ва ўніверсітэты. Гэта выклікала жаданне сур’ёзна ўзяцца за вучобу, прыкласці намаганні, каб пасля паступіць.
У першым класе ён марыў стаць навукоўцам, бо вельмі падабалася матэматыка, ці футбалістам, пасля перакладчыкам. Пакуль хлопец не ведае, куды будзе паступаць, кім будзе.
– Напэўна, гэта будзе нешта звязанае з фізікай, матэматыкай. – гаворыць Улад. – Я ж у фізіка-матэматычным класе вучуся.
Рыхтавацца да паступлення дапаможа рэпетытар. Аднак пакуль адзінаццацікласнік яго не шукаў.
Набыў да школы пару сшыткаў
Асаблівага хвалявання перад першым верасня ў хлопца няма. На яго месцы цікавасць – як хто змяніўся за лета.
Улад Воўк адзначае, што асабліва не рыхтаваўся да школы:
– Я набыў сабе пару сшыткаў, аловак, ручкі, – адзначае ён. – Нешта засталося з мінулага года. Гэта першакласнікаў рыхтуюць па спісе, мы ўжо дарослыя. Учора мой клас атрымліваў падручнікі, я не мог прыйсці, таму падручнікаў пакуль няма. Атрымаю пасля, і на мяне хопіць!
У хлопца не стаяла пытання з набыццём школьнай формы – яны ходзяць у ваеннай. Трэба толькі набыць белую сарочку.
Настаўнік гісторыі “разыгрывае” дзясяткі
Хлопец будзе сумаваць па сваёй школе, па аднакласніках, па настаўніках:
– Кожны настаўнік у школе адметны. Але мне б хацелася вылучыць настаўніка гісторыі Валяр’яна Гайдуля. Ён вучыць нас не завучваць матэрыял, а разумець яго. Толькі ў гэтым выпадку ён застанецца ў памяці. Настаўнік часам правярае тое, што засталося ў нас у галаве з матэрыялу мінулых гадоў. Напрыклад, аднойчы ён “разыгрываў” дзясяткі. Задаў вельмі складанае пытанне і сказаў: “Хто адкажа, атрымае 10”. Ахвотнікаў было многа, але дзясяткі ніхто не атрымаў. Пасля было цікава, які ж адказ. Таму, прыйшоўшы дадому, многія з нас “пераварочвалі” інтэрнэт у пошуках адказу.
Хлопец дакладна ведае, навошта трэба школа – для таго, каб развіць мысленне, каб быць дасведчаным па многіх прадметах, мець свой пункт гледжання, каб у будучым атрымаць добрую спецыяльнасць.
Хлопец прызнаецца, што будзе сумаваць па сваіх аднакласніках, асабліва па Іллю Манькоўскаму, якога ў школе завуць проста Манёк, Паўлу Вяжэвічу, ці проста Вяжы.
Сваім аднакласнікам ён жадае перад навучальным годам цвёрдымі крокамі дайсці да канца, паступіць у ВНУ, а настаўнікам – цярпення.