Зрыў графіка руху аўтобусаў, іх неналежны выгляд. За гэта  крытыкавалі мясцовы аўтапарк на пасяджэнні райвыканкама ў ліпені.

Дырэктар філіяла “Аўтобусны парк №5” Леанід Гамолка тлумачыць, калі чакаць выпраўлення сітуацыі.

– Чаму здараюцца зрывы ў раскладзе гарадскіх маршрутаў?

–  На першым і трэцім маршрутах на графік руху ўплывае тое, што чыгуначны пераезд, бывае, зачыняецца на пяць-шэсць хвілін. І навярстаць адставанне ўжо складана. Па законе дапускаецца плюс-мінус дзве-тры хвіліны адхілення ад графіка.

Але асноўная прычына парушэння графіка – тое, што ў нас няма рэзерву аўтобусаў вялікай напаўняльнасці. На ўсіх маршрутах задзейнічаныя дзесяць аўтобусаў. Яны пераважна старыя.

“МАЗу-104” ужо трынаццаты год пайшоў, хаця норма эксплуатацыі гарадскога аўтобуса дзесяць год. Па шэсць-восем год “Нёманам” – ненадзейныя аўтобусы, ужо не выпускаюцца. Толькі тры маем “МАЗы-103”, якім ад трох да пяці год.

Так што, большасць аўтобусаў старыя. І калі ў аднаго паломка, то самі разумееце, што ламаецца графік, зрываюцца рэйсы. Бо на дзесяць аўтобусаў павінны быць два рэзервовыя. Адзін, напрыклад, на тэхабслугованні, іншы ў рэзерве. Каб на працягу пяці-дзесяці хвілін змаглі замяніць на рэйсе аўтобус, які зламаўся.

Ці ж дапусцілі б мы зрыў графіка з-за тэхнічнай няспраўнасці? Замянілі б адразу, каб было чым. Проста не было чым замяніць.

– І як плануеце выходзіць з гэтага становішча?

– Плануем да пачатку верасня атрымаць два аўтобусы “МАЗ-103”. Тады выключым зрывы рэйсаў, якія часам дапускаліся з-за тэхнічнай няспраўнасці.

Калі  атрымаем гэтыя аўтобусы, то сітуацыя выправіцца, горад уздыхне з палёгкай. Да новага мікрараёна “Паўночны-22” дадатковы рэйс адкрыем, бо асабліва раніцай у цэнтр, на працу цяжка заехаць. 

На прыпынках павесілі новыя шыльдачкі з раскладам маршрутаў. Змен у іх пакуль няма. Калі атрымаем новыя аўтобусы, то па “тройцы” і “адзінцы” будуць змены.

 – А што змянілася са станам аўтобусаў?

– Усярэдзіне пафарбавалі поручні, металічныя канструкцыі, у некалькіх аўтобусах адрамантавалі падлогавае пакрыццё. Звонку падфарбавалі. Тое, што маглі, зрабілі. Але што можна зрабіць са старога аўтобуса, якому 12-13 год?

Мыюцца аўтобусы рэгулярна: у нас цяпер тры мыйшчыцы. Але калі дождж ідзе, то праехаў аўтобус раз-два па горадзе – і ўжо брудны. Аднак не знімеш яго з лініі, каб памыць. Адразу дапрацоўвае змену, потым праводзім санітарную ўборку.  

– А на далейшую перспектыву што?

– Трэба мяняць рухомы састаў, каб быў рэзерв аўтобусаў. Той жа “МАЗ”, якому 13-ы год, будзем мяняць у 2015 годзе. Тады яшчэ атрымаем новы аўтобус.

Паступова будзем заменьваць старыя аўтобусы, каб не было ў горадзе праблем. Але гэта залежыць ад таго, ці будуць нам своечасова выдзяляць сродкі з бюджэту на абнаўленне.