Правапарушэнні, якія выявіў Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю падчас праверкі, ставяць пад пытанне будучыню завода.
ААТ “Вілейскі камбікормавы завод” зацягвае рэканструкцыю і мадэрнізацыю вытворчасці, хаця работы ідуць ад 2012 года.
У выніку прадпрыемства не можа дасягнуць запланаваных вынікаў.
За 2013 год прыбытковасць завода ад рэалізацыі прадукцыі знізілася на 54%.
Абсталяванне, якое завод набыў у межах мадэрнізацыі, дагэтуль не выкарыстоўваецца. Лінія гранулявання пакуль не пачала працаваць, з-за чаго асартымент прадукцыі і яе аб’ём зменшыўся. Сёлета за пяць месяцаў абсталяванне загрузілі толькі на палову.
Да таго ж завод мае за сабой вялікую крэдыторскую запазычанасць, парушэнні бухгалтарскага ўліку, правілаў гандлю і займаецца незаконным прадпрымальніцтвам.
У выніку праверкі праваахоўныя органы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 11 работнікаў, а таксама само таварыства, якое мусіць заплаціць штраф у памеры 16 мільёнаў рублёў. 55 мільёнаў ужо спагналі ў бюджэт. Чатыры службовыя асобы атрымалі штрафы па пяць мільёнаў рублёў.
Матэрыялы па справе накіраваныя ў гаспадарчы суд Мінскай вобласці.