Для многіх пытанне ўпарадкавання могілак, на якіх пахаваныя іх блізкія, вырашаецца шмат гадоў. Але справу можна паскорыць, калі самім да яе падключыцца.

Менавіта такі прыклад паказалі жыхары вёскі Еськаўка Даўгінаўскага сельсавета. Ведаючы, што ў бюджэце няма сродкаў на навядзенне парадку, яны самі сабралі частку патрэбных на гэта грошай.

– Так, на могілках у нас парадак, – гаворыць жыхарка Еськаўкі Марыя Кур’янчык. – Збіралі грошы па вёсцы. Вельмі дапамаглі дзеці тых, чыя бацькі пахаваныя тут. Кожны з іх здаваў па 200 тысяч рублёў.

Мы паразмаўлялі з Леакадзіяй Лобач, якая збірала грошы на добраўпарадкаванне могілак.

– Было, канешне, складана. Некаторыя спачатку адмаўляліся, не хацелі даваць грошай. Прыйшлося тлумачыць, упэўніваць людзей. Мне дапамагала Марыя Шкель. Дзецям тых, хто тут пахаваны, званілі па тэлефоне. Потом ужо хто і сам прыязджаў, каб аддаць грошы, хто дасылаў поштай. Многія казалі, што мы можам на іх разлічваць, калі грошай не хопіць.

Цяпер вяскоўцы хочуць запрасіць на могілкі святара, каб той асвяціў іх.

Навесці парадак на могілках можна за тры дні

Другую частку на добраўпарадкаванне выдаткаваў Даўгінаўскі сельвыканкам. Але не ва ўсіх вёсках жыхары гатовыя актыўна далучацца да справы. Не паўсюль людзі гатовыя здаваць грошы, а таксама ўзяць на сябе адказнасць за арганізацыю.

Пытанне пра добраўпарадкаванне могілак у вёсцы Сіўцы паднялі на сходзе грамадзян у вёсцы Заброддзе 13 жніўня. Іх непакоіла, што цягам некалькіх гадоў іх просьбы ў сельвыканкам навесці парадак не даюць выніку.

Старшыня Даўгінаўскага сельвыканкама Аляксандр Маліноўскі патлумачыў гэтую сітуацыю так:

– У наш сельсавет уваходзіць 54 вёскі, у іх 37 могілак. За чатыры гады пад маім кіраўніцтвам добраўпарадкавалі 11, атрымліваецца па трое могілак за год. Аднак бюджэт не бязмерны. Таму я прапаную складвацца напалову з жыхарамі вёсак, якія хочуць добраўпарадкаваць могілкі. Справа пойдзе хутчэй.

Старшыня расказаў і пра тое, як такі падыход працуе на практыцы.

− У вёсцы Еськаўка, – тлумачыць ён. – Мы зрабілі могілкі за тры дні. Людзі сабралі грошы. Заказаў агароджу і вароты, вяскоўцы за гэта заплацілі. У сваю чаргу я знайшоў спецыялістаў, якія спілавалі дрэвы.

Могілкі  не адносяцца да сельсавета

Чаму навесці парадак на могілках не так проста, распавядае кіраўніца спраў Валожынскага сельсавета Людміла Пятровіч.

− Асобна грошы на догляд могілак сельсавету не выдзяляюць, –  гаворыць яна. – Але паколькі яны на нашай тэрыторыі, то даглядаць даводзіцца нам. Грошы бяром з тых, што выдзяляюць на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У гэтым годзе, напрыклад, у сельсавета на гэта пайшло шэсць мільёнаў.

Спілаваць дрэва − ад мільёна рублёў

Самастойна даглядаць могілкі зможа не кожны. Нават вырашыць праблему з дрэвамі, якія там растуць, не ўсім па кашальку.  

– Спілаваць дрэва на могілках будзе каштаваць не менш за мільён рублёў, – кажа спецыяліст па арбарыстыцы з Мінска. Менавіта арбарысты займаюцца спілоўваннем дрэў і галінак. – Усё залежыць ад таго, якой яно вышыні, наколькі шырокае і старое. Калі для працы трэба будзе везці шмат тэхнікі, то кошт можа ўзрасці да пяці мільёнаў.

Спілоўваем дрэва – усё зарастае кустамі

Мастак і краязнаўца Барыс Цітовіч супраць спілоўвання здаровых дрэў на могілках.

– У даўніну быў звычай. – дадае Барыс Цітовіч. – Калі хавалі чалавека, то саджалі дрэва. Калі яго ссякалі, то яно магло ісці толькі на патрэбы царквы, напрыклад, рабілі крыжы. У наш час вялікія грошы ідуць на выкарчоўванне дрэў. Толькі не трэба гэтага рабіць.

На думку краязнаўцы, выкарчоўваць варта толькі хворыя дрэвы.