– Чый гэта ўнук будзе? – гадалі бабулькі. І такіх загадак для іх 23 жніўня было нямала.
У Карабаны ля Занараччы на свята вёскі прыехала багата людзей. Налічылі аж пад дзевяноста.
Яны шчыра віталіся са старымі знаёмымі, цалаваліся. Бабулькі тут жа падлічвалі, каму ўжо колькі год. І дадавалі: “Хай Божанька табе дае яшчэ пажыць”.
Прыехалі сюды не толькі ўраджэнцы вёскі. Спадарыня Алена крыху працавала ў Карабанах пасля заканчэння тэхнікума. Яна кажа:
– Як жа не наведаць мясціны, дзе працоўнае хрышчэнне прымала.
Такіх сяброўскіх размоў у гэты дзень было нямала
Хто з прыехаўшых жыве не так далёка, а нехта дабіраўся з далёкіх мясцін. Зінаіда Рошчанка (Януць) прыехала з Брэста:
– Я жыла тут да пятнаццаці год. Вёска была невялікая, у 60-х гадах каля 40 хат было. Але і не глухая. Людзі працалюбівыя жылі – не было гультаёў.
А пасля навучання ў Мінску Зінаіда паехала па накіраванні ў Брэст на працу.
– На радзіму заўсёды будзе цягнуць, пакуль жывыя. Калі сказалі, што будзе такое свята, так захацелася убачыць нашых людзей. Многія прыехалі, я некаторых і не пазнаю, бо гэта нечыя дзеці. Прыемна, што яшчэ засталіся старажылы, што жывыя, здаровыя. І нізкі паклон арганізатарам свята.
Калі раніцай пасварацца, вечарам абнімуцца
Ініцыятарам свята стаў ураджэнец вёскі, колішні старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі, а зараз пенсіянер Зянон Ломаць.
– Была задача – прыцягнуць у вёску нашчадкаў, каб яны ведалі, дзе іх продкі жылі. З такім разлікам, каб дарослыя выхадцы з вёскі прывезлі сюды дзяцей і ўнукаў. Каб паказалі, расказалі, што гэта за вёска, на могілкі схадзілі.
Свята невыпадкова прызначылі на 23 жніўня. Бо ў старыя часы, менавіта ў суботу, перад Спажой, прыязджаў у вёску святар і асвячаў дамы.
– Мае дзяцінства, юнацтва прайшлі ў Карабанах. Жыў у вёсцы да 22 год, адразу пасля школы працаваў тут, – прыгадвае Зянон Ломаць. – Жыла вёска весела, прыгожа, цікава. Калі нават з раніцы пасварацца суседзі з-за мяжы ці сенакосу, то да вечара чарку самагонкі вып’юць, абнімуцца. Шмат раней людзей тут жыло. Праз вёску ішла дарога Вільня-Свір-Занарач і далей на Мінск. Хадзіла грузавое таксі, людзей набівалася як селядцоў у бляшанку. А зараз у вёсцы толькі шэсць жыхароў.
Да крыжа ішлі ў новых хустках
Свята гэта для Карабанаў было адметным. Да яго тут паставілі вялікі крыж на ўездзе і добраўпарадкавалі крыніцу. Для гэтага шмат высілкаў прыклалі таварыства “Занарацкі” пад кіраўніцтвам Пятра Каўруса, Занарацкі сельвыканкам (старшыня – Уладзімір Зелянкевіч). Дапамагалі вяскоўцы і многія іншыя.
У навюткіх, расквечаных кветкамі хустках збіраліся да крыжа бабулі. Хто з адной кавенькай ішоў, хто з дзвюма. Асвяціў крыж айцец Анатоль з Занарацкай царквы.
Крынічны край
– Вакол нашай вёсачкі – шмат крыніц, – кажа Зінаіда Рошчанка. – Як хадзілі сена касіць ці на іншыя працы, гэтыя крынічкі ў спякоту нас выратоўвалі. Вада тут добрая!
Ураджэнцы вёскі радаваліся, што ў зарослым раней месцы з’явілася добраўпарадкаваная крыніца.
Пасля асвячэння крыніцы вяскоўцы выстраіліся папіць вады. “Ой, халодная”, – дзяліліся.
Хто і з сабой браў вады з роднай вёскі. А неўзабаве яшчэ адну крыніцу каля Карабанаў упарадкуюць.
“Як расцалавалі мяне жанчыны ўсе”
А потым усе сабраліся ля колішняй крамы. Распавядалі пра гісторыю вёскі, хвілінай маўчання памянулі загінулых у вайну. Успаміналі, кім ганарыцца вёска. Шчыра пляскалі ў далоні артыстам з Занарачы.
На пачэсным месцы сядзелі старажылы.
– Самыя “галовы” мы ў вёсцы, – усміхаюцца бабулі Соня і Маня. І тлумачаць. – Самыя старыя: адной – 83, другой – 84 гады.
Узгадвалі яны тыя часы, як поўныя хаты людзей было ў вёсцы, “як збяромся, у хаце і месца не хапала дзе сесці”. А на пытанне: “Ці сумуеце па тым часе?”, па-філасофску заўважалі:
– Ну, ужо ж не вернеш. Што сышло, тое сышло.
Побач можна было пабачыць мноства старых фатаграфій. Пазнавалі сябе і родных: “А гэта ж дзядзя Міша!”
Гісторыі вёску паказалі на старых фотаздымках
Прыехала ў сваю вёску на свята і бабуля Надзя. Апошнім часам яна жыве не ў Карабанах.
– Я так рада, што трапіла сюды. Думала, што ж тут будзе, колькі тых людзей у вёсцы засталося. А тут столькі сабралася! Сама больш – абстаноўка спадабалася. Як расцалавалі мяне жанчыны ўсе, як усе добрым словам успамінаюць.
Неаднойчы гучала пажаданне, каб свята стала традыцыйным. Ужо і час дакладны вызначылі − у 10 раніцы ў суботу перад Спажой, якая святкуецца 28 жніўня.
… І, мяркую, пастараюцца сабрацца. Бо гэты прыезд у родную вёску для многіх быў вельмі важны. Напоўніцу гэта адкрылася, калі адна жанчына дзялілася ўражаннямі пра свята і так расчуліліся, што ледзьве не заплакала.