Першыя заняткі бясплатных моўных курсаў адбудуцца 15 верасня ў кавярні “Накат” (ГЦ “Тройка”, 4 паверх) а 19-й гадзіне.
Вы цудоўна адпачылі гэтым летам, але стаміліся ад таго, што побач з вамі гучала толькі іспанская і грэчаская мовы? Тады вам да нас!
Таму што на занятках “Мовы Нанова” гучыць толькі родная, беларуская.
Вы цудоўна папрацавалі гэтым летам на лецішчы? Але стаміліся насіць з агародаў вёдры памідораў і мяхі бульбы? Тады вам да нас!
Таму што на занятках “Мовы Нанова” самае цяжкае, што вам давядзецца падымаць, – гэта асадкі і алоўкі.
Вашы дзеці пайшлі ў школу і штовечар даймаюць вас просьбамі зрабіць урокі? Тады вам да нас!
Таму што мы ведаем, як зрабіць так, што мова для вашых школьнікаў будзе толькі ў радасць.
Вы не ведаеце куды запрасіць на спатканне дзяўчыну? Тады вам да нас.
Таму што ў нас у канцы кожных заняткаў выступаюць модныя беларускамоўныя гурты і выканаўцы.
Усё гэта чакае вас цягам года, а першыя заняткі мы прысвецім самай вераснёўскай тэме – “Адукацыя”.
Пагутарым і паспрачаемся на тэму платнай адукацыі і абавязковай адпрацоўкі пасля заканчэння ВНУ. А таксама вас, як заўсёды, чакае шмат карыснай інфармацыі, сюрпрызаў, гульняў і падарункаў.
Наталля ТУР, Настасся РОЎДА, вядоўцы курсаў “Мова Нанова” ў Маладзечне.
Хто прыйдзе на першыя заняткі ў беларускай вышыванцы – атрымае ў падарунак фірменны нататнік “Мовы Нанова”. Майкі з машыннай вышыўкай і прынтамі таксама залічваюцца.
Таксама:
“Мова Нанова” ў Маладзечне развіталася да верасня (Дадалося відэа)
“Тры метры над узроўнем семак”: прайшлі трэція заняткі “Мовы Нанова” ў Маладзечне (Фотагалерэя)
Другія заняткі “Мовы Нанова – Мала93ечна” ізноў сабралі 60 чалавек (Фотагалерэя)
Першыя заняткі “Мовы Нанова” ў Маладзечне сабралі 60 чалавек (Фотагалерэя, дадалося відэа)