Выпадак на Маладзечаншчыне. Бізнесмену-махляру далі амаль $30 000.

Прадпрымальнік дапамагаў падбіраць і прывозіць машыны з ЗША ў Беларусь. Прадстаўляўся супрацоўнікам чыкагскай кампаніі “Avtokompas Inc”, хаця не мае да арганізацыі ніякага дачынення.

Ён даў падпісаць несапраўдныя кантракты дваім чалавекам, па якіх яны нібыта набывалі машыны з Чыкага.

Прадпрымальнік ведаў, што заплаціць за амерыканскія машыны можна толькі безнаяўным шляхам праз банк. А ён прымаў наяўныя грошы ў тых, хто хацеў атрымаць машыну з Чыкага.

Суду вядома пра дзвюх ахвяр прадпрымальніка. Жанчына аддала яму $14 200, мужчына – $13 500.

Махляр прыкінуўся ахвярай

На судзе абвінавачаны прадпрымальнік сказаў, што ён сам пацярпелы.

Нібыта ён грошы ад пацярпелых перадаў пасрэдніку з амерыканскай фірмы, які прыязджаў па іх у Ашмяны з Літвы. Абвінавачаны нават паказаў распіскі з адрасам і пашпартнымі дадзенымі літоўца, якія атрымаў за грошы.

Але гісторыя з літоўскім пасрэднікам не пацвердзілася. Паводле базы “Пасажырапаток”, названы чалавек не прыязджаў у Беларусь. Больш за тое, пашпарт з рэквізітамі з распіскі не выдаваўся.

Паводле заключэння эксперта, подпісы ў распісках ад выдуманай асобы паставіў знаёмы абвінавачанага па яго просьбе.

Бізнесмена за махлярства прыгаварылі да пяці год узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. З яго спагналі 250 мільёнаў рублёў на карысць пацярпелых.

У канцы ліпеня адпаведны прыгавор суда ўступіў у законную сілу.