Першая пляцоўка для воркаўту ў рэгіёне збірае і дзяцей, і дарослых.
Гарадскі двор, поўны людзей, якія займаюцца спортам, – цяпер звычайная з’ява для Усходняга мікрараёна. Месяц таму тут з’явілася другая ў Беларусі пляцоўка для воркаўту.
Першая пляцоўка знаходзіцца ў Мінску, трэцюю будуць адкрываць 6 верасня ў Бабруйску.
Пляцоўка каштавала 220 мільёнаў рублёў
Воркаўт (workout) – новы від спорту для Беларусі. Гэта практыкаванні па фізічным развіцці ў вулічных умовах. Вага ўласнага цела выкарыстоўваецца для трэніровак на спартыўных пляцоўках і іншых гарадскіх аб’ектах.
Развіццём воркаўту займаецца агульнабеларуская Федэрацыя “Street Workout” і кампанія “Кока-кола” пры падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду. У Смаргонскім раёне ініцыятыву падтрымлівае мясцовы райвыканкам.
Першым крокам стала падрыхтоўка пакрыцця, якая ішла два тыдні. Спецыяльнае гумавае пакрыццё засцерагае ад траўмаў. Гарантыя – дзесяць гадоў. Яно вытрымлівае і спёку, і маразы.
– У нас ідзе капітальны рамонт усяго двара, у якім з’явілася пляцоўка, таму пакрыццё мы ўключылі ў план, – кажа Дзмітры Станкевіч, дырэктар камунальнага прадпрыемства “Жыллёвая рамонтна-эксплуатацыйная служба Смаргонскага раёна”. – Уся пляцоўка абышлася ў 220 мільёнаў рублёў.
Наступны крок – усталяванне турнікоў, якое заняло яшчэ два дні. Прадстаўнік федэрацыі “Street Workout” Сяргей Дзятко працаваў над планам пляцоўкі і размяшчэннем турнікоў.
Пляцоўка збірае моладзь
Усходні мікрараён лічыцца спальным. Двор, у якім з’явілася пляцоўка, – адзін з самых вялікіх: ён аб’ядноўвае жыхароў 380 кватэр. У суседнім двары – яшчэ каля 340 кватэр. Але каб патрэніравацца, сюды едуць з усяго горада.
Па словах мясцовых жыхароў, пляцоўка не пустуе, асабліва ўвечары.
– Пляцоўка выдатная! – дзеліцца ўражаннямі мясцовая жыхарка Юлія Жданюк, якая разам з сям’ёй адпачывае ў двары. – Паболей бы такіх! Старэйшая дачка тут пастаянна займаецца. Моладзь хоць не будзе па падваротнях блытацца.
Тэрыторыя вакол антыўдарнага пакрыцця пакуль прысыпаная пяском. У планах ЖРЭСа – пабудаваць тут дзіцячую пляцоўку, каб адпачываць у двары можна было ўсёй сем’ёй. На яе выдзяляць 120 мільёнаў рублёў з бюджэту.
– Такімі комплексамі могуць ганарыцца толькі новыя сталічныя двары, – кажа Дзмітры Станкевіч. – Так што прыязджайце да нас трэніравацца і адпачываць!
Злева направа: Павел Шчыгло, Аляксей Каханоўскі, Віталь Марукевіч.
− У нашым раёне аматараў воркаўту пакуль няшмат – каля 30 чалавек, − кажа студэнт Аляксей Мычко са Смаргоні, які займаецца воркаўтам ужо тры гады. – Пасля таго, як з’явілася пляцоўка, цікавасць да спорту ўзрасла. Асабліва шмат дзяцей праводзяць тут выхадныя і вечары.
Віяланчэлістка займаецца воркаўтам
Ёсць сярод смаргонскіх аматараў воркаўту і дзяўчаты. Ліза Глябовіч зацікавілася новым відам спорту пасля адкрыцця пляцоўкі, хаця і вучыцца ў музкаледжы па класе віяланчэлі.
На руках стаіць Ліза Глябовіч, побач Аляксей Каханоўскі, Віталь Марукевіч, Віталь Сяржан.
− Воркаўт лічыцца больш мужчынскім спортам, але дзяўчаты ў ім таксама дабіваюцца добрых вынікаў, − дадае Аляксей. – З Лізай мы займаемся рэгулярна і верым у яе поспех.
Многія спартсмены асвойвалі воркаўт самастойна. У Смаргоні пачыналі з трэніровак на школьных стадыёнах, хаця яны не заўсёды падыходзяць для прафесійных заняткаў.
Цяпер спартсмены з досведам гатовыя дапамагчы пачынаючым.
− Нас лёгка знайсці праз сацыяльныя сеткі, дзе мы і дамаўляемся аб месцы і часе трэніровак, − гаворыць Аляксей. – Працуем над тым, каб распаўсюджваць воркаўт як мага шырэй. Напрыклад, не так даўно выязджалі ў Солы і праводзілі заняткі для мясцовай моладзі.
Можна ладзіць спаборніцтвы
Аляксей хутка развейвае асцярогу наконт таго, што пляцоўка будзе пуставаць узімку.
− Я сам пастаянна займаюся зімой. Галоўнае − цёпла апранацца і добра размяць мышцы перад трэніроўкай! – кажа спартсмен.
Ён упэўнены, што ў воркаўту ёсць перспектывы ў нашым рэгіёне. Не абавязкова станавіцца прафесіяналам, але чаму б не выкарыстоўваць зручную пляцоўку для падтрымання фізічнай формы? Гэта зможа аздаравіць не толькі канкрэтнага чалавека, але і атмасферу ў двары.
− Ні разу не бачыў, каб на нашай пляцоўцы пілі піва, − дзеліцца назіраннямі Аляксей. – Наадварот, калі чалавек хоча закурыць цыгарэту, ён бачыць, што тут трэніруюцца, і адыходзіць.
У планах смаргонскага ЖРЭСа – адкрыць яшчэ тры пляцоўкі ў Смаргоні, па адной на кожны мікрараён.
Прадстаўнікі федэрацыі “Street Workout” паабяцалі: калі ў горадзе з’явіцца яшчэ адна пляцоўка, тут будуць ладзіць рэгіянальныя спаборніцтвы.