У сераду, 27 жніўня, прайшоў абласны конкурс “Лепшая сям’я Міншчыны”. З нашага рэгіёна ўдзельнічалі дзве сям’і – Дабрыніных з Маладзечна і Таўстыкаў з Вілейкі. Першую з іх  прызналі самай знаходлівай, другую – самай творчай.

Фотагалерэя справа ўверсе. Націсніце, каб павялічыць фота.

Сям’і Дабрыніных паўдзельнічаць у конкурсе прапанавала дырэктар маладзечанскай гімназіі №6 Ала Ярашэвіч. Сын Яраслаў загарэўся гэтай ідэяй, прыдумаў песню на беларускай мове. У ёй падкрэсліў нешта асаблівае ў кожным чалавеку з сям’і.

Працавітасць бацькі дзеля сям’і, прага маці да ўтульнасці, руплівасць сябе да вучобы, “крутасць” сястры Елізаветы, якую  баяцца хлопцы.

Відэаролік здымаў Андрэй Малько, рэдагаваў гук Аляксандр Усовіч.

Заўважылі адзін аднаго праз два гады вучобы

Кірыл і Вольга Дабрыніны пазнаёміліся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Вучыліся на адным курсе. Аднак разгледзелі адзін аднаго на другі год вучобы.

Першым крокам стала запрашэнне Кірыла на канцэрт групы “Чайф”. Вольга пагадзілася, хаця не ведала іх песень.  Падрыхтавалася да гэтага мерапрыемства грунтоўна – апранула вячэрнюю сукенку.

− На канцэрце я выдзялялася з натоўпу, – гаворыць Вольга. – Усе ў джынсах, майках, адна я ў сукенцы, ды яшчэ і ў вячэрняй.

Палярнарозныя муж і жонка

Калі закаханыя былі на чацвертым курсе, бацькі пачалі пытацца пра вяселле. І Кірыл зрабіў прапанову.

Хаця прызнаюцца, што яны палярнарозныя. Вольга – спакойная, дамашняя, сама сябе яна называе стрымліваючым фактарам. Кірыл заўсёды некуды спяшаецца, як ён сам сябе характарызуе: “Я заўсёды ў палёце”.

Дзень нараджэння на роварах

Сям’я Дабрыніных многа падарожнічае, катаецца на каньках, лыжах. Дзень нараджэння бацькі яны адзначылі ў Мінску, падарожнічаючы на роварах.

Дзеці ў гэтай сям’і творчыя: Яраслаў самастойна навучыўся іграць на гітары, Ліза добра малюе.