Аматар ціхага палявання, 44-гадовы Юры Вайцяхоўскі, ужо на пачатку восені ўстанаўлівае грыбныя рэкорды.

– Трохі грэбую парадамі дактароў: гуляць трэба, але не так шмат, як я, – прызнаецца ён. − Вось нядаўна пабіў свой лепшы вынік і назбіраў за тры гадзіны 537 баравікоў.

Бывала, збіралі і больш, але падлічваць пачалі нядаўна. Аднойчы ўтраіх, разам з жонкай і сястрой, сабралі каля тысячы баравікоў.

Пералічваць “здабычу” дапамагае сын Максім.

– Што-што, а грыбы я збіраць умею! – працягвае мужчына. – Нават калі сухата, я ўсё роўна іх знайду. Яшчэ ні разу не было, каб вярнуўся дадому з пустым кошыкам.

Толькі руку запушчу – шэсць баравікоў

У лес Юры бярэ жонку Аксану і 12-гадовага сына Максіма.

 – Я смела называю гэта паляваннем: палюю на грыбы, як іншы на дзічыну.

Мужчына добра ведае ільянскі лес і ніколі не блукае. Ён тут вырас, тут і жыве. Збірае грыбы з самага дзяцінства і прывучае да гэтага свайго сына.

– Ведаю кожны кусцік, кожную елачку. Толькі ў мох запушчу рукі – адразу штук шэсць баравічкоў знаходжу. Галоўнае − акуратна выкруціць іх з зямлі і ні ў якім разе не вырываць, бо можна сапсаваць грыбніцу.

У такую пару сям’я Вайцяхоўскіх ходзіць у грыбы амаль штодня. Нават падчас абедзеннага перапынку. І збіраюць адразу па чатыры кошыкі.

 – Я вяду каляндар, у якім пазначана, што баравікі пачынаюць расці ад 15 да 20 жніўня, а ад 25 да 10 верасня – падасінавікі. Сам грыбны сезон пачынаецца прыкладна ў канцы мая і заканчваецца ў кастрычніку-лістападзе, калі пачынаюцца замаразкі.

Грыбнік раскрывае сакрэт

Збіраць грыбы − адна справа, а вось парадкаваць іх даводзіцца жонцы.

– Бывае, што ўвесь вечар трэба з імі вазіцца, пакуль перабярэш, зварыш, раскладзеш па пакетах, – расказвае Аксана Вайцяхоўская. – Некаторыя марожу на суп, некаторыя марыную, а некаторыя сушу.

Сушыць дапамагае муж, а перабіраюць усе разам.

– Вось ужо 28 літраў замарынавалі, пяць кілаграмаў насушылі, – кажа Юры. – Шкада, што пасля перанесенага інфаркту ў мяне дыета і грыбы есці нельга. Збіраю іх, таму што гэта мой адпачынак, захапленне, любімая справа.

Юры Вайцяхоўскі падзяліўся з чытачамі “РГ” сваім сакрэтам. Каб падасінавікі не сінелі, іх неабходна адразу чысціць і кідаць ў кіпячую ваду, тады іх будзе не адрозніць ад баравікоў. Яны будуць такія ж белыя.