Кіроўца вёз п’яных маладзёнаў у вілейскі бар, адзін з іх прыставіў нож яму да горла і запатрабаваў грошы.

Здарэнне адбылося ў сакавіку. Двое маладых людзей, якія толькі што пазнаёміліся, каля трох гадзін ночы вырашылі з’ездзіць у бар у Вілейку. Адзін з іх сеў на пярэдняе сядзенне, другі − на задняе. Па дарозе маладзёны пілі гарэлку. Мужчына, які сядзеў ля кіроўцы, заплаціў за таксі.

Яшчэ ў Маладзечне пасажыр з задняга ся­дзення раптам прыставіў нож да шыі кіроўцы і запатрабаваў, каб той аддаў усе грошы. Кіроўца спыніў машыну і пачаў адбівацца. Ён парэзаў руку, але змог вызваліцца. Вырваўшы ключ запальвання, таксіст выбег з аўто.

Ляжаў у агародзе, пакуль не забрала міліцыя

Пасажыр з пярэдняга сядзення пабег у іншы бок. Калі кіроўца вярнуўся да таксі, з машыны выйшаў пасажыр з задняга сядзення і пачаў пагражаць, што зарэжа.

Кіроўца зноў пабег ад машыны, а пасажыр яго даганяў. Калі побач спынілася “хуткая дапамога”, злачынца пабег у іншы бок, пераскочыў праз агароджу ў агарод аднаго з дамоў. Ляжаў там і не варушыўся, пакуль не прыехала міліцыя. Тады ж яго і затрымалі.

У жніўні ўступіў у законную сілу прыгавор, паводле якога абвінавачанага прызналі вінаватым у разбоі. Гэта ўжо другі разбой на асуджаным. З-за таго, што па папярэднім прыгаворы ён не адбыў пакаранне, маладзёну прызначылі пакаранне па сукупнасці прыгавораў − восем гадоў строгага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Асуджаны мусіць прымусова лячыцца ад хранічнага алкагалізму.