З лікам 2:1 на карысць маладзечанцаў закончыўся матч 20-га тура чэмпіянату краіны па футболе, які адбыўся 6 верасня на гарадскім стадыёне.

Пачатак гульні для гаспадароў аказаўся драматычным. Ужо на чацвертай хвіліне матча мяч трапіў у вароты маладзечанцаў.

Да канца першага тайма лік гульні не змяніўся.

– Мы блага пачалі, – каментуе гульню трэнер Андрэй Лявончык, – хутка прапусцілі першы мяч. Не скажу, што гэта адбылося таму, што гульцы “Тарпеды” паказалі нейкі суперузровень гульні. Не, проста была памылка ў нашай абароне.

Футбалісты ФК “Тарпеда”, па словах Андрэя Лявончыка, дзейнічалі ў гульні ў сваім прадказальным ключы. У тарпедаўцаў тактыка гульні пабудаваная такім чынам, што яны мала забіваюць, але і прапускаюць таксама мала. У выніку, ініцыятыву перахапілі маладзечанцы. Стваралі небяспечныя моманты, якія да галоў, на жаль, не прыводзілі.

У другім тайме ўдача ў атаках нарэшце ўсміхнулася маладзечанцам.

– Самааддача гульцоў усцешыла, – працягвае Андрэй Лявончык, – малайцы ўсе. Выдатную гульню паказаў Андрэй Шаблінскі. І два мячы, што забіў Андрэй, таму пацвярджэнне. Але, як я заўсёды кажу, футбол – гэта гульня камандная. Як у першым выпадку, без праходу Юры Бугая не было б гола, так і перад другім голам абаронца Цімафей Ігруша таксама зрабіў сваю справу.

Але гэта не значыць, што ўвесь тайм маладзечанцам спрыяла ўдача. Гульцы ФК “Тарпеда” таксама стваралі небяспечныя моманты і каб не дзіва-выпад варатара Вадзіма Хмяльніцкага, то лік на табло мог быць зусім іншы.

На пытанне, што чакаць ад каманды ў наступных матчах, Андрэй Лявончык адказаў:

– Цяпер у нас няма матывацыі выйсці ў першую чацвёрку чэмпіянату, таму будзем гуляць для сябе, для заўзятараў. Але сезон пакуль не заканчваецца. Так што прыходзьце на матчы.

Наступны матч адбудзецца 13 верасня на гарадскім стадыёне. ФК “Маладзечна-2013” прымае ў гасцях ФК “Узда”. Папярэдні час пачатку матча – 13.00.

“Андрэй, ты ж абяцаў”

Асобна хочацца сказаць пра заўзятараў маладзечанскай каманды. Падтрымлівалі так, быццам гэты матч быў самы важны і прынцыповы для ФК “Маладзечна-2013”.

Аднак з усіх крычалак, знаёмых вуху сталых наведнікаў, была адна, якая выклікала пытанні. Заўзятары перыядычна выкрыквалі: “Андрэй Шаблінскі, ты ж абяцаў!”.

І толькі ў канцы матча адзін з заўзятараў патлумачыў, што перад пачаткам гульні Андрэй Шаблінскі паабяцаў перамогу. І аматараў футбола не падмануў.