Чаму нараджаць дзяцей лепш ва ўзросце да 30 год. Навошта карміць грудзьмі. Што есці, каб не захварэць на анкалогію. Тлумачыць малады вілейскі доктар.

Адказвае Валерыя Ганчарова, анколаг з Вілейкі. Яна сёлета прыехала ў анкалагічны дыспансер па размеркаванні з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Валерыя Ганчарова ад першага жніўня працуе анколагам у Вілейскай раённай бальніцы.

Валерыя Ганчарова ад першага жніўня працуе анколагам у Вілейскай раённай бальніцы.

Хворыя часта звяртаюцца позна

Складанасці  ў тым, што хворыя пераважна звяртаюцца па дапамогу на апошніх стадыях.

– Трэцюю можна яшчэ вылечыць, з чацвертай доктар можа толькі палегчыць жыццё чалавеку.

У доктара часта пытаюцца: “Колькі мне засталося жыць?” Яна ніколі не дае пэўнага адказу.

– Колькі Богам адмерана. Здараюцца выпадкі, калі чалавеку прарочаць месяц, а ён жыве год, два. Але бывае і наадварот.

У Вілейцы новыя методыкі хіміятэрапіі

Практыку ў інтэрнатуры Валерыя праходзіла ў Бараўлянах. Як яна прызнаецца:

– Лечаць там на высокім узроўні. Акрамя лячэння хворых, дактары распрацоўваюць новыя методыкі, напрыклад, фотадынамічную тэрапію.

У Вілейцы ёсць новыя методыкі хіміятэрапеўтычнага лячэння. Распрацоўваюцца і апрабоўваюцца прэпараты, якія дзейнічаюць на малекулярным узроўні – знішчаюць пухліну, але не шко­дзяць арганізму. Пакуль яны дарагія і іх няшмат.

У Вілейцы прымяняюць толькі хіміятэрапію і радыялогію, у Бараўлянах робяць яшчэ і аперацыі.

На рак часцей хварэюць мужчыны

– За апошнія дзесяць год у краіне захворванне на злаякасныя анкалагічныя хваробы павялічылася на 28%. Рызыка развіцця анкалогіі вышэйшая сярод гараджан, – заўважае спецыяліст. – Насельніцтва тут больш. У вёсцы прычына хваробы – сталы ўзрост. Людзі менш даследуюцца ў дактароў. А яшчэ курэнне, алкаголь, цяжкая фізічная праца.

На рак значна больш хварэюць мужчыны, чым жанчыны. Найбольшы ўзровень захворвання – у Мінску і Гомельскай вобласці, найменшы – у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

Некаторыя ракавыя захворванні можна вызначыць з высокай дакладнасцю. Вялікую ролю адыгрывае спадчыннасць. Калі, напрыклад, у маці быў рак грудзей, то вялікая верагоднасць яго і ў дачкі.

Калі ў каго-небудзь з бліжэйшых сваякоў было анкалагічнае захворванне, неабходна мець вялікую насцярожанасць у адносінах да ўласнага здароўя.

Рак шыйкі маткі ў 14 гадоў

Доктар сцвярджае, што ў апошні час “памаладзеў” рак шыйкі маткі. Сталі хварэць жанчыны да 30 гадоў. Прычына гэтага – нараджэнне дзяцей пазней, адмова ад кармлення грудзьмі. 

– У сваёй практыцы я нават сустракала дзяўчынку з ракам шыйкі маткі. Ёй было 14 гадоў, – узгадвае Валерыя.

Вірус папіломы – адна з магчымых прычын хваробы. У свеце тры вакцыны. Пажадана прышчапіцца да пачатку сэксуальнага жыцця, але можна і пазней.

– Пакуль гэта адзіная вакцына прафілактыкі раку, – заўважае доктар. – Але панізіць развіццё хваробы дапаможа здаровы лад жыцця, прафілактычныя агляды, самаабследаванне.

Як пазбегнуць раку жанчынам

Па-першае, абследавацца ў гінеколага і самаабследавацца. Жанчынам пасля 45 гадоў праходзіць ультрагукавую дыягностыку малога тазу.

Рабіць узі малочных залозаў трэба людзям з абменна-эндакрыннымі хваробамі (атлусценне, цукровы дыябет, парушэнне менструацыі).

Жанчыны пасля 50 год павінны рабіць мамаграфію адзін раз у два гады. 

Анкалогія баіцца рухаў

Доктар сцвярджае, што людзі з рухомым ладам жыцця менш хварэюць на анкалогію.

– Пры нагрузцы актывізуецца дзеянне гарманальнай і імуннай сістэм, – заўважае доктар. – Ад гэтага паляпшаецца не толькі фізічны, але і псіхалагічны стан. Але перанапружвацца не варта.

Чарніцы, капуста, цытрусавыя засцерагуць ад раку

– Самая антыракавая ягада – чарніцы, – адзначае доктар. – Таксама арэхі, вінаград, часнок, цыбуля, збожжавыя, капуста, аліўкі і алей з іх. З прыпраў – куркума, кары і імбір. Яркая гародніна і садавіна, насенне лёну, цытрусавыя, грыбы, марскія водарасці і  рыба. З напояў – гранатавы сок, чырвонае віно і зялёны чай. З ласункаў – цёмны шакалад.

Калі рэгулярна есці іх, то можна засцерагчыся ад некаторых відаў раку.

Анколаг раіць пазбягаць салярыя

Трэба звяртаць увагу на новаўтварэнні на скуры, напрыклад, на новыя радзімкі.

Не знаходзьцеся доўга на вуліцы пад прамым сонцам. Сонечныя прамяні спрыяюць развіццю новаўтварэнняў.

Ад салярыяў лепш адмовіцца. Іх выпраменьванне садзейнічае пухлінам, утварэнню радзімак. У Еўропе іх ўжо закрываюць.

Мужчыны пасля 45 гадоў павінны здаваць аналіз на ПСА (прастатычны спецыфічны антыген). У гэтым узросце можа развівацца рак прастаты. 

Трэба наведваць іншых спецыялістаў. Яны таксама могуць заўважыць развіццё анкалогіі.

Спецыялісты сыходзяць – зарплата малая

Валерыя не лічыць, што маладыя спецыялісты адразу збягаюць да прыватнікаў пасля размеркавання.

– Больш верагодна, калі доктар працуе ў дзяржаўнай бальніцы, а падпрацоўвае ў прыватнай, – адзначае доктар. – Калі сыходзяць, то прычына адна – малы заробак. Гэта ўсе ведаюць, але мірацца.

Пакуль дзяўчына не ведае, дзе будзе працаваць пасля заканчэння размеркавання. Ёй падабаецца ў Вілейцы.

Валерыя з дзяцінства марыла быць доктарам. Яе мама, Святлана Ганчарова, – раённы псіхіятр у Вілейцы, бабуля, Лілія Лаўрухіна, – былы ўчастковы педыятр.

Даведка “РГ”.  Фота­дынамічная тэрапія (ФДТ) – параўнальна новы метад лячэння, заснаваны на ўжыванні лекавых прэпаратаў – фотасенсібілізатараў (рэчываў, адчувальных да святла) і нізкаінтэнсіўнага лазернага выпраменьвання.