Як выхаваць у дзяцей мастацкі густ, як выбраць якасны габелен і чаму старажытныя віды мастацтва губляюць папулярнасць?

Пра гэта разважае майстрыха па габеленапляценні з Маладзечна Марына Баслык.

Габелены ў інтэр’еры любяць многія – тканае палатно напаўняе пакой цеплынёй і ўтульнасцю. Купіць яго быццам не праблема: у звычайнай краме цэннікам з надпісам “габелен” пазначаныя многія карціны. Але не ўсе ведаюць, што насамрэч яны не маюць нічога агульнага з сапраўдным габеленам.

Адзін з самых дарагіх відаў мастацтва

Габелен – гэта аднабаковы дыван, вытканы ўручную перапляценнем гарызантальных і вертыкальных нітак. Майстар мае перад сабой драўляную раму, на якую нацягнутыя вертыкальныя ніткі асновы. Гарызантальныя ён пракладвае сам і імі выкладае ўзор будучага дыванка, шчы­льна пераплятаючы іх з ніткамі асновы.

 

Работы навучэнцаў Марыны Баслык.

Работы навучэнцаў Марыны Баслык.

Сваю назву гэты від мастацтва атрымаў ад французскай сям’і Габеленаў, якая кіравала буйной мануфактурай, што займалася ткацтвам ў пачатку 17 стагоддзя.

Работы навучэнцаў Марыны Баслык.

Работы навучэнцаў Марыны Баслык.

Цягам стагоддзяў габелен заставаўся адным з самых дарагіх відаў мастацтва: пляценне вялікіх работ займае месяцы, нятанна каштуюць і якасныя ніткі.

Не блытаць навалку з габеленам

– У нас мала задумваюцца, як зроблены габелен, які купляюць сабе ці ў падарунак, – кажа Марына Баслык. – Прасцей купіць машыннай вытворчасці. Ён будзе танны, і гэта галоўны аргумент. Калі большая частка даходаў ідзе на харчаванне, зразумела, людзям не да аўтарскіх габеленаў.

Існуе некалькі тэхнік габеленапляцення. На фота – габелен з бахрамой.

Існуе некалькі тэхнік габеленапляцення. На фота – габелен з бахрамой.

Майстрыха заўважае, што гэта тычыцца і іншых відаў мастацтва. Мала хто гатовы плаціць болей, каб набыць аўтарскую арыгінальную работу. Танней купіць карціны, якія імітуюць акварэль ці масла, і будуць зробленыя машынай.

– З якімі пачуццямі я гляджу на габелены, што прадаюцца ў багетных крамах? З ніякімі. Бо я на іх не гляджу, адразу адварочваюся. Яны агідныя, бо гэта не мастацтва, а штампаванне.

 У Маладзечне работы машыннай вытворчасці памерам метр на паўметра каштуюць каля 450 тысяч рублёў. Сапраўдны габелен таго ж памеру разам з рамай каштуе мінімум у дзесяць разоў болей.

 – Дакладна ў такой жа тэхніцы машыны робяць накідкі на канапы і навалкі, – дадае спадарыня Марына. – Таму купленыя ў звычайнай краме габелены – гэта тыя ж навалкі, толькі ўстаўленыя ў рамкі. Вядома, кожнаму сваё, але я за тое, каб навалкі заставаліся на падушках.

Чым больш шчыльныя ніткі асновы, тым больш карпатлівая праца майстра, і тым даражэй будзе гатовая работа, –  тлумачыць майстрыха.

Чым больш шчыльныя ніткі асновы, тым больш карпатлівая праца майстра, і тым даражэй будзе гатовая работа, – тлумачыць майстрыха.

Сапраўдныя габелены часта робяць з шарсцяных нітак, таму патрэбны спецыяльны догляд: рэгулярна пырскаць сродкам ад молі, вытрасаць пыл.

– Габелен не хаваецца пад шкло, ні ў якім разе! – гаворыць спадарыня Марына. – Да яго трэба дакранацца і адчуваць. Праз шкло габелен не будзе перадаваць сваю цёплую энергію.

Тры вучні сярод тысяч школьнікаў

Сёння знайсці дзіця, якое б займалася габеленам, нялёгка.

– І на ўзроўні дзяржавы, і на ўзроўні асобных школ мы павінны дбаць пра тое, каб у дзяцей быў мастацкі густ, – упэўненая майстрыха. – Заняткі многімі відамі творчасці павінны быць абавязковыя для школьнікаў:  як дзіця зразумее, што яго цікавіць пляценне, калі ніколі не спрабавала плесці? Можна паказваць яму хоць сто габеленаў, але зацікавіць гэтым цяжка.

Колькасць урокаў малявання ў сярэдняй школе зменшылася, усе іншыя віды мастацтва засталіся толькі ў гуртках і секцыях.

– Былая дырэктар цяперашняй гімназіі-каледжа мастацтваў Людміла Васілевіч гадоў дзесяць таму ўвяла габелен як абавязковы прадмет, – працягвае Марына Баслык. – Тады ўзрасла зацікаўленасць, некаторыя абаранялі дыплом у гэтым відзе мастацтва. Цяпер гэтага няма.

Каб займацца габеленам, дзіця павінна быць уседлівым.

Так выглядае працоўнае месца майстра па габелене.

Так выглядае працоўнае месца майстра па габелене.

– Па сваім досведзе ведаю, што ахвотней дзеці ідуць на заняткі па валянні з шэрсці, – кажа спадарыня Марына.  – Там яны адразу бачаць вынік, могуць хутка прынесці гатовую работу дамоў. Габелен жа можна плесці месяцамі.

У Маладзечне гэты від мастацтва не папулярны: за  два гады, якія Марына Баслык працуе ў цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі “Маладзік”, на заняткі па габелене ха­дзілі тры дзяўчынкі.

“У габелена тут няма будучыні”

Напрыканцы размовы спадарыня Марына робіць песімістычны вынік: цікавасць да аўтарскай работы знікае.

– Краіне патрэбная моладзь, якая ўмее будаваць дамы і працаваць на зямлі, – кажа яна. – А мастацтва – гэта для тых, у каго вольны час ёсць.

У музеі цэнтра творчасці выстаўлены чатыры габелены.

У музеі цэнтра творчасці выстаўлены чатыры габелены.

Жыць толькі з уласнай творчасці атрымліваецца мала ў каго. Адзінае выйсце, мяркуе майстрыха, – прадаваць работы за мяжу, дзе пакупнік ацэніць ручную працу і будзе гатовы за яе заплаціць.