Магчыма, што толькі сёння мы зможам пачуць новае гучанне песняроў у выкананні нашага вілейскага музыкі SP Kava і іншых сучасных музыкаў. Гаворка пра новы праект ад «Тузін Гітоў» RE:Песняры.

SP Kava (Юры Касцень) расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што гэты праект не ставіць сваёй мэтай проста праспяваць песні легендарных “Песняроў”.

Канцэрт адбудзецца сёння, 12 верасня, у клубе Re:Public у Мінску.

– Я лічу, што для кожнага з удзельнікаў праекта “Песняры” – гэта гурт-сімвал. І менавіта “Песняры” ў нейкай ступені паўплывалі на асобу кожнага з выканаўцаў. Праект RE:Песняры – гэта даніна павагі  Уладзіміру Мулявіну. А для сучаснага пакалення – гэта спосаб нагадаць пра нашу цудоўную беларускую песенную спадчыну. Таму, калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым праекце, я не сумняваўся ні хвіліны.

Вы выбралі для выканання песню “Думалі”, напісаную па матывах мулявінскай “Малітвы”. Чаму?

– Хацелася падысці да выбару песні незвычайна. Мы ж выканаўцы рэпа, мы не маглі адасобіцца ад свайго стылю і праспяваць гатовую песню. Таму мы выбралі толькі фрагмент з песні “Малітва”, якая напісана, як вы ведаеце, па матывах вершаў Янкі Купалы. Там ёсць радок: Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі. Назва нашай песні ўтварылася на стыку слоў і атрымалася ДУМАЛІ. Наша песня – гэта зварот новага пакалення і да Мулявіна, і да Купалы.

На жаль, працягу ў праекта не будзе.

– Справа ў тым, – тлумачыць SP Kava, – што жонка Уладзіміра Мулявіна Святлана Пенкіна не дае дазволу на выкананне песень мужа. Чаму? Я не ведаю. Вось такая сумная гісторыя.

У канцэрце возьмуць удзел: Re1ikt – Жураўлі на Палессе ляцяць, Akute – Алеся, Akana – Каляда, Pomidor/off – Скрыпяць мае лапці, Tonqixod – Гусляр (фрагмент), BosaeSonca – Ты мне вясною прыснілася, Cяргей Пукст –Александрына, Зміцер Вайцюшкевіч – Вераніка, Detroit – Чырвона ружа, Dzieciuki  – А хто там ідзе, Палац –Завушніцы, Хор “Унія” – Пагоня, SP Kava&Angst – Думалі

Ансамбль “Песняры” цяпер будзе выконваць клубную музыку

Музычны кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Раман Козыраў, наадварот, не бачыць нічога благога ў тым, што песням маладыя выканаўцы надаюць новае гучанне:

– Гэта цудоўна, што існуе такі праект! Цудоўна, што моладзь цікавіцца беларускай музыкай, беларускай мовай.

– Ці ведаеце вы, што Святлана Пенкіна на гэты праект свайго дазволу не дала?

– Я не думаю, што гаворка ідзе пра поўную забарону. Мне здаецца, што гэта часовае непаразуменне паміж Святланай Пенкінай і арганізатарамі праекта. Што датычыцца нас, як адзінага дзяржаўнага ансамбля, у якога ёсць правы на брэнд і назву «Песняры», то мы ні ў якім разе не супраць такога праекта, а наадварот, нават знайшлі нешта цікавае для сябе, новыя фарбы, новае гучанне.

А няма рэўнасці, што маладыя выканаўцы выконваюць вашы песні і, можа, нават лепш за вас?

– Не, рэўнасці няма. Я думаю, што моладзь, пачуўшы кавер-версію той ці іншай песні, рана ці позна пацікавіцца: а як тыя ж “Калядачкі” ці “Вераніка” гучалі ў арыгінале? І прыйдуць на нашы канцэрты.

На канцэрце “Песняроў”, які адбыўся ў межах фестывалю “Маладзечна-2014”, узгадвае Раман, ён ужо заўважыў, што сярод прысутных шмат моладзі.

– Самае прыемнае для артыста, што маладыя людзі, якім 16-20 гадоў, ведаюць песні “Песняроў” і актыўна іх падпяваюць.

– А ў канцэрце RE:Песняры вы – пачэсныя госці ці актыўныя ўдзельнікі?

– Мы вельмі сур’ёзна рыхтаваліся да сённяшняй імпрэзы. У зале ж будзе адна моладзь, таму трэба было адпавядаць. Мы падрыхтавалі клубную праграму. Магу вас запэўніць, такіх “рокавых” “Песняроў” вы не чулі.

Рэпер з Вілейкі стаў лаўрэатам конкурсу для маладых беларускіх музыкаў

«Героі году» − Re1ikt. «Дэбют» − Hurma (Фотарэпартаж з прэміі Тузіна Гітоў)