У першым дамашнім матчы ў рамках 23-га Адкрытага чэмпіянату Беларусі, які адбыўся 11 верасня ў Маладзечне, гаспадары лёду прайгралі жлобінскаму “Металургу”. Другі ж дамашні матч прынёс расчараванне ад каманды з Гомеля.

“Дынама-Маладзечна” прайграла Жлобіну па булітах 1:2

Гульня з камандай Жлобіна была драматычнай, і вырваць перамогу гульцы “Металурга”змаглі толькі ў серыі булітаў.

Першыя два перыяды гульні прайшлі ва ўзаемнай барацьбе камандаў за вароты сапернікаў. Але і ў першай, і ў другой трэці гульні шайба так і не трапіла ні ў вароты маладзечанскага варатара Яна Шэлепнева, ні ў вароты жлобінскага варатара Сяргея Гарэлава.

Толькі ў трэцім перыядзе маладзечанцам пашчасціла ўзяць вароты “Металурга”. Дакладны ўдар Ірэка Хафізава зрабіў лік 1:0 на карысць гаспадароў. Аднак праз тры хвіліны дакладны кідок Віталя Марчанкі зрабіў лік нічыйным.

Авертайм таксама не выявіў пераможцу сустрэчы. Толькі ў серыі булітаў фартуна апынулася на баку “Металурга”. Як вынік, перамога жлобінскіх хакеістаў.

Хакейны клуб “Гомель” вырваў перамогу ў Маладзечна – 4:3

Гульня, якая адбылася ў суботу, 13 верасня, супраць каманды з Гомеля парадавала аматараў хакея сваёй вастрынёй і непрадказальнасцю.

Ужо ў першым перыядзе, востра атакуючы сапернікаў, маладзечанцы змаглі заявіць, што на лёд яны выйшлі для таго, каб перамагаць. Тры шайбы ў вароты гамельчукоў сталі таму пацвярджэннем. У “Дынама-Маладзечна” забівалі  Аляксей Аўтаеў, Багдан Зазон і Станіслаў Лапачук.

У другім перыядзе гасцям пашчасціла адквітаць адну шайбу. Маладзечанцы ж засталіся задаволенымі трыма шайбамі, забітымі ў першым перыядзе.

У самым пачатку трэцяга тайма, гамельчукі змаглі адквітаць яшчэ адну шайбу. А літаральна за некалькі хвілін да фінальнай сірэны, хакеісты “Гомеля” зраўнялі лік гульні.

У авертайме, вырашыўшы перамагчы любым чынам, гамельчукі не далі маладзечанцам ніводнага шанцу на перамогу. Антон Пульвер зрабіў лік канчатковым – 3:4 на карысць ХК “Гомель”.

Наступную гульню маладзечанцы сыграюць супраць каманды з Віцебска, а на дамашняй арэне падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі сыграюць 21 верасня. Супрацьстаяць “Дынама-Маладзечна” будзе каманда з Магілёва.