Няма нагоды здзіўляцца, што сям’я Талстыкаў стала самай творчай у абласным конкурсе “Лепшая сям’я Міншчыны”.

Галава сям’і – Казімір – часты ўдзельнік розных канцэртаў і святаў.

А ў апошнія гады ўсё часцей нас сцэне можна бачыць сямейнае трыо Талстыкаў. Спяваюць у ім бацька і дзве дачкі – Ангеліна (16 год) і Валерыя (13). Трыо ў Вілейцы, на абласных мерапрыемствах выступала.

Вось і на гэтым конкурсе віляйчане зрабілі стаўку на вакальныя таленты. І не памыліліся.

Сустрэліся на вясковых танцах, дзе граў Казімір

Сямейнаму саюзу Наталлі і Казіміра 17 год. Сустрэліся яны на танцах у Каралеўцах на Вілейшчыне. Казімір, як кажа, “па маладосці” тут на танцах вясковых граў. А Наталля (яна сама з Магілёва) прыехала да бабулі.

Пасля знаёмства гады два прайшло − і пабраліся шлюбам. Казіміру тады было 20 год, Наталлі – 18. 

Зараз жыве сям’я Талстыкаў у сваім доме ў Вілейцы. Разам з імі – бацькі Наталлі.

Ля дома свой сад, дагледжаны падворак. Тут вадаём, камянямі выкладзены, упрыгожваюць участак млынок, калодзеж.

– Люблю, каб усё добра і прыгожа вакол было, – кажа Казімір. – Падабаецца сваімі рукамі ўсё рабіць.

А жонка па гаспадарцы завіхаецца: агарод, парнік. Дочкі – маме дапамагаюць. Асабліва ім падабаецца букеты складаць.

Вядома, захапляюцца Ангеліна і Валерыя музыкай, ў школе мастацтваў займаюцца. Сёлета Ангеліна стала лаўрэатам конкурсу беларускай песні “Зорачкі “Надзеі”. А яшчэ іх цікавіць вышыўка крыжыкам. 

Сам сабе рэжысёр

Апроч вакальных здольнасцяў на конкурсе сям’я паказала тры відэафільмы. Здымалі і мантавалі самі – ды так, што з тэлебачання пацікавіліся: “Хто ж вам фільм рабіў?”.

А Талстыкі назбіралі ўжо вялікі сямейны відэаархіў. Яны не проста запісы захоўваюць, а робяць з іх фільмы. Прыкладам, з сёлетняя навагодняй ночы застаўся відэачасопіс. Дочкі былі за дыктараў, тата – аператар і галоўны рэжысёр. А мама? А мама стала галоўнай гераіняй фільма.

Торт на свята і адпачынак на лета

Самым важным ў сваёй сям’і Талстыкі лічаць згуртаванасць і сяброўства.

Што да сямейных традыцый, то на кожны дзень нараджэння заказваюць прыгожы торт. А на Вялікдзень ды іншыя святы самі пірагі пякуць.

Любяць падарожнічаць, кожны год стараюцца адпачыць на моры. Раней звычайна ў Крым ездзілі, а сёлета пабывалі ў Сочы.

“Адна зямля” – раз, два, тры?

Казімір Талстыка ў 2002 годзе заваяваў Гран-пры конкурсу “Адна зямля”. Тады ён праходзіў у Рымдзюнах.

Ангеліна таксама ў гэтым конкурсе паспела паўдзельнічаць. Бацькавы поспех не паўтарыла. Аднак ён лічыць, што ўсё яшчэ наперадзе: “Я ў іх узросце не рабіў таго, што яны на сцэне могуць”.

Можа, і малодшая Валерыя на сцэне “Адной зямлі” выступіць. Яна ж усё імкнецца паўтараць за старэйшай сястрой.

Чытайце на гэту тэму таксама:

6.09.2014 Сям’я Дабрыніных пачалася з рок-канцэрта. Будучая жонка прыйшла на яго ў вячэрняй сукенцы